Польза или вред: развеиваем самые популярные мифы об алкоголе

Общество

Многім з нас цяжка ўявіць жыццё без спіртнога. Аб карысці і шкодзе “градуснага” напою дагэтуль працягваюцца спрэчкі: ці можа ён быць карысны, у якіх дозах… Развянчаць самыя папулярныя міфы пра алкаголь мы папрасілі ўрача псіхіятра-нарколага Ушацкай цэнтральнай райбальніцы Паліну Генадзьеўну ПУГАЧ.

Здымае стрэс. Гэта няпраўда. Ён стварае толькі ілюзію заспакаення. На самой жа справе ў мозгу і ўсёй нервовай сістэме напружанасць захоўваецца. Яна можа нават узмацніцца, калі стан ап’янення пройдзе. У дадатак – разбітасць, дрэннае самаадчуванне пасля застолля.

Нельга паніжаць “градус”. Кажуць, калі пачаць з піва ці віна, то далей можна ўжываць гарэлку ці, скажам, каньяк – так ап’яненне будзе мінімальным. Адваротная ж паслядоўнасць адразу падкосіць арганізм. У рэальнасці – справа ў змешванні некалькіх напояў (печані складаней іх перапрацаваць). І не важна, у якой паслядоўнасці вы іх ужывалі!

Павышае працаздольнасць. Хутчэй наадварот: пад уплывам спіртнога ўжо праз 30-60 хвілін каардынацыя рухаў, дакладнасць і хуткасць выканання работы значна зніжаецца. Паколькі прытупляецца пачуццё стомы, чалавек расходуе мышачную сілу незаўважна для сябе.

Піва менш шкоднае, чым гарэлка. На самой справе шкоду наносіць не канкрэтны від спіртных напояў, а этылавы спірт, які ва ўсіх іх утрымліваецца. Галоўнае – колькі яго трапляе ў арганізм. Піва гэтак жа, як і гарэлка, вядзе да развіцця алкагалізму, а яго празмернае ўжыванне – да захворванняў сэрца.

З дапамогай спіртнога можна хутка сагрэцца. Пад яго ўплывам губляецца натуральная адчувальнасць да холаду. У чалавека, які выпіў, наступае параліч скурных сасудаў – яны пашыраюцца, прыток крыві да скуры ўзмацняецца. Здаецца, што становіцца цяплей. Але гэта не так. У рэальнасці награваецца толькі скура, а тэмпература цела, наадварот, паніжаецца. Вось чаму некаторыя пьяныя людзі часта засынаюць на холадзе і замярзаюць.

Алкаголь змяншае боль. Не спяшайцеся прымяняць такі метад на практыцы: пры некаторых захворваннях ён можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, аж да смяротнага зыходу. Напрыклад, пры язвавай хваробе страўніка спіртное можа выклікаць крывацячэнне, прабадзенне язвы. Калі боль узнікае як вынік інфекцыі, алергіі, ацёку, такі напой пагоршыць стан.

Якасны алкаголь не шкодны. Любы яго від аказвае на арганізм таксічнае дзеянне. Гэта абумоўлена тым, што адзін з прадуктаў распаду этылавага спірту – воцатны альдэгід, надзвычай небяспечны для чалавека. У танным няякасным алкаголі спірт не праходзіць належнага ачышчэння. Як правіла, у ім утрымліваюцца сівушныя алеі, якія ў разы павялічваюць “атрутнасць”. Тое ж можна сказаць і пра напоі дамашняй вытворчасці.

Алкаголь не каларыйны. Наадварот, ён валодае вельмі высокай энергетычнай каштоўнасцю, прычым, чым мацнейшы напой, тым гэтая каштоўнасць большая. У гарэлцы калорыі “з’яўляюцца” толькі за кошт спірту – менавіта таму ад іх цяжка пазбавіцца. З віном інакш: яго энергетычная каштоўнасць часткова абумоўлена вугляводамі, якія лёгка расшчапляюцца і згараюць. Такі напой нязначна адбіваецца на знешнасці.

Трэба не запіваць, а закусваць. Тут галоўнае – якія закускі маюцца на ўвазе: гарачыя ці халодныя. Апошнія слаба нейтралізуюць спірт, ён даволі хутка трапляе ў кроў. Гэта ж адбываецца, калі чалавек запівае алкаголь. А вось гарачыя і тлустыя стравы перашкаджаюць этанолу ўсмоктвацца, змяншаюць ап’яненне і па праве лічацца лепшымі спадарожнікамі застолля.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *