Наш выбор

Общество

Кожны дзень набліжае нас да значнай падзеі ў жыцці краіны – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Перад намі спіс кандыдатаў з дзесяці чалавек і наш лёс, лёс краіны залежыць ад нашага выбару. Цяпер ідзе агітацыйная кампанія – кандыдаты выступаюць па тэлебачанні і радыё, перадвыбарныя праграмы з’явіліся ў друку. Таму ёсць магчымасць іх дэталёва прааналізаваць не ўспрыняўшы на слых, але з алоўкам у руках, удумліва аднесціся да таго, які шлях развіцця грамадства, эканомікі, іншага нам прапануецца, якія мэты вызначаюцца.

Аб гэтым гутарка з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.М.ЗАХАРЭНКА.

– Бачна, што для некаторых прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы  сёння асноўны клопат, як стаць Прэзідэнтам, а што рабіць далей у перадвыбарных праграмах так дакладна і не абазначана.

– Так, амаль чвэрць праграмы аднаго з кандыдатаў прысвечана выбарчай сістэме – яна пачынаецца і заканчваецца прапановамі па яе, на яго думку, удасканаленні.  А затым кароткімі штрыхамі абазначаны толькі некаторыя палажэнні праграмы развіцця Беларусі на бліжэйшую перспектыву.

Некаторыя пайшлі яшчэ далей – перакрэсліваюць усё станоўчае, што зроблена за папярэднія гады, і адразу ж абяцаюць, што з іх прыходам да ўлады і зменай нацыянальнай сімволікі, перайменаваннем аэрапорту, увядзеннем новай валюты (талера) павялічацца пенсіі і дапамогі, невядома адкуль з’явіцца такая колькасць  новых рабочых месцаў .

Пры гэтым яны забываюцца сказаць, што рэспубліка дынамічна ідзе наперад і шматлікія праблемы здымаюцца эвалюцыйным шляхам, у тым ліку і з міжнароднай супольнасцю. У большасці краін пачалі разумець, што Беларусь – краіна для супрацоўніцтва, а не для павучання.

– Жывём мы ў невялікім гарадку, але ж прыязджаюць да нас, мы бываем і ў блізкім, і ў далёкім замежжы. На бытавым узроўні можам параўноўваць узровень жыцця і вельмі часта ён на нашу карысць. Дасягненні папярэдніх гадоў відавочныя. Вольга Мікалаеўна, але ж гэта, пэўна, прызнаецца і афіцыяльнымі незалежнымі структурамі.

– Ніяк не перакрэсліць дасягнутае. Так, па дадзеных Даклада аб развіцці чалавека, апублікаванага ў мінулым годзе, Беларусь займала 68-е месца а зараз паднялася на 61, дарэчы, самае высокае сярод краін СНД, па індэксу чалавечага патэнцыялу сярод амаль краін. У супрацьвагу некаторым кандыдатам у Прэзідэнты, якія незадаволеныя сацыяльнай палітыкай дзяржавы,  можна дадаць, што з былых краін СССР Беларусь больш за ўсіх выдаткоўвае на сацыяльную палітыку. А па рэйтынгу Міжнароднай фінансавай карпарацыі і Сусветнага банка “Вядзенне бізнеса-2010: правядзенне рэформ у цяжкія часы” краіна паднялася на 24 пазіцыі і займае 58 месца ў свеце, другі год запар прызнаецца чацвёртым у свеце рэфарматарам у сферы прававых рэформ, накіраваных на стварэнне спрыяльнага бізнес-клімату. Прадстаўнікі Сусветнага банка лічаць, што ў бліжэйшыя гады Беларусь зможа ўвайсці ў трыццатку краін з найбольш прывабным дзелавым кліматам.

Такое прызнанне не па душы многім, а таму і замоўчваецца, а то і пераварочваецца ў сваю карысць.

– Дарэчы, аб сацыяльнай палітыцы, ільготах, некаторыя з кандыдатаў так і сцвярджаюць, што ўлада іх адабрала.

– Па-першае, звернемся да вызначэння сэнсу самога тэрміну – ільгота. Гэта розныя сацыяльныя паслугі, якія аказваюцца бясплатна або на ўмовах частковай аплаты той катэгорыі грамадзян, якія сапраўды патрабуюць дзяржаўнай падтрымкі. І да нядаўняга часу льготамі карысталася дзве трэціх жыхароў краіны, пры гэтым прынцып размеркавання сацыяльнай падтрымкі быў недастаткова эфектыўным і справядлівым у плане падтрымкі тых, каму яна найбольш патрэбная, і ў плане рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. Адзін прыклад – бясплатны праезд для пенсіянераў, калі ў горадзе гэтай льготай на дні некаторыя карысталіся не адзін раз, то вясковы жыхар часта і ніводнага. Такіх прыкладаў шмат. Таму з мэтай павышэння эфектыўнасці і адраснасці дзяржаўнай падтрымкі малазабяспечаных і іншых катэгорый грамадзян сістэма сацыяльных ільгот была аптымізаваная, а бюджэтныя сродкі, якія выслабаніліся, накіраваны на адрасную сацыяльную дапамогу. У выніку колькасць людзей, якія атрымалі яе, летась у параўнанні з 2007 годам узрасла ў 3,5 разы, ахоп малазабяспечанага насельніцтва – у 4,7. У восем разоў за названы перыяд узраслі расходы на гэтыя мэты – з 5,1 мільярда да 40,2.

І такіх супярэчнасцяў, пераварочвання з ног на галаву рэальных спраў у праграмах кандыдатаў можна пералічваць многа. Але выбаршчыкі сёння адукаваныя і разумныя, усё, што датычыцца  рэчаіснасці, могуць параўнаць, зрабіць вывады адносна палітычных дэкларацый у праграмах некаторых кандыдатаў, дзе іх вельмі многа, і мэтанакіраванай работы існуючай улады па развіццю эканомікі, грамадства для паляпшэнне ўмоў жыцця народа.

– Сапраўды, рэвалюцыйных перабудоў у многіх краінах былога сацыялістычнага лагера мы пабачылі дастаткова, да чаго гэта прыводзіла ў выніку – таксама. Да іх нас падштурхоўваюць і сёння, але варта задумацца: ці на карысць гэта будзе?

Яшчэ адно пытанне, якое можна пачуць – абмежаванне тэрміну паўнамоцтва Прэзідэнта. Пракаменціруйце, калі ласка, яго.

– Каментарыі тут можа і залішнія, мы самі на рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года прагаласавалі за адмену абмежавання колькасці тэрмінаў прэзідэнцтва для адной асобы. А ў адпаведнасці з артыкулам 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсебаковага, свабоднага, раўнапраўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

– Што б пажадалі выбаршчыкам у гэты складаны перыяд выбару?

– Пачну з таго, што выбраць, на першы погляд, ёсць з каго. Але ж некаторыя кандыдаты адразу заяўляюць, што прымаюць удзел у гэтай кампаніі дзеля самога ўдзелу. Рэальна бачыць такога прэтэндэнта на пасадзе Прэзідэнта? Безумоўна, не. Трэба зразумець асноўнае, мы робім выбар – як нам жыць далей: або мы спынімся на дасягнутым і распачнём эксперыменты, або будзем прымнажаць здабытае. Таму яшчэ да прыходу на выбарчы ўчастак падумайце, яшчэ раз пераасэнсуйце і параўнайце недалёкае мінулае і сёння, погляды на развіццё Беларусі, якімі шляхамі заклікаюць нас ісці далей многія кандыдаты, і дзеючы Прэзідэнт, і тады выбар стане зразумелым.

Гутарыў Р.КАРПАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *