Празднование Дня Независимости в Ушачах

Общество

 

 

 

 

 

 

 

 

Калі Дзень Перамогі – свята са слязамі на вачах, то Дзень Незалежнасці – урачыстасць, якая дае асаблівы прыліў гонару за сваю краіну. Цырымонія ўскладання кветак да помнікаў воінскай славы, мітынгі, насычаная культурная праграма, а сёлета яшчэ і ўсебеларуская малітва – на Ушаччыне ярка адзначылі галоўнае дзяржаўнае свята і 77-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пачалося яно традыцыйна з віншавання тых, хто набліжаў Перамогу, дзякуючы каму ў календары чырвоным колерам пазначана гэтая знакавая дата. Да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх на тэрыторыі Ушаччыны засталося ўсяго 6, накіраваліся прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый. Вядома, ехалі не з пустымі рукамі – уручылі каштоўныя падарункі, паштоўкі і сувеніры.

Прадоўжылася свята ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка – на ўрачысты мітынг спяшаліся прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары і госці Ушаччыны. Са словамі віншаванняў да ўсіх звярнуўся старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. Ён адзначыў, што Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь сімвалізуе адданасць Радзіме і непарыўна звязаны з важнейшай гістарычнай датай – вызваленнем краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У завяршэнні сваёй прамовы Уладзімір Генадзьевіч пажадаў ушачанам моцнага здароўя, поспехаў у стваральных справах, выказаў спадзяванне, што кожны світанак будзе ў нашай краіне мірным, подзвіг – выключна працоўным, а шчасце – бясконцым. Ад імя моладзі далучылася да віншаванняў першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Калбасава. Яна адзначыла, што гэты дзень – нагода задумацца, якой цаной дасталася сучаснаму пакаленню беларусаў магчымасць радавацца мірным будням, вучыцца, набываць прафесію, працаваць…

Вянок, кветкі да пліт – і многія рушылі ў дарогу. На гэты раз – не па зусім прывычным маршруце: да храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, дзе святочнае набажэнства правялі благачынны Ушацкай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак і настаяцель прыгаданага храма протаіерэй Вячаслаў Лобец. Падчас усебеларускай малітвы святары і грамадскасць ушанавалі памяць ахвяр нацызму, памаліліся за будучыню нашай краіны, за адзінства, еднасць беларусаў.

– З гісторыі ведаем, мы – шматпакутны народ. Свабода і незалежнасць даліся цяжка. І вельмі дрэнна, што некаторыя сілы, краіны хочуць пазбавіць нас гэтага, – звярнуўся да прысутных айцец Аляксандр. – Сёння мы маліліся святым за беларусаў, прасілі, каб Гасподзь даў усім нам здароўя і даўгалецця, каб людзі змаглі зберагчы мір, за які нашы продкі заплацілі вялікую цану.

Прыгожым дапаўненнем свята стала ўшанаванне лепшай працуючай моладзі Ушаччыны. Ва ўрачыстай абстаноўцы 24 перадавікам розных сфер, з якімі мы нядаўна знаёмілі чытачоў “Патрыёта”, уручаны падарункі.

– Спадзяюся, на мяне не пакрыўдзяцца педагогі, праваахоўнікі, прадстаўнікі іншых галін, аднак сёння мне асабліва прыемна бачыць на сцэне такую вялікую колькасць бухгалтараў, эканамістаў! – не хавала эмоцый ушачанка Рыта Анатольеўна Бутоўская. – Не выключана, што некаму з гэтых маладых людзей я, як настаўнік матэматыкі, прывіла любоў да “лічбаў”. Ну і, канечне, ганаруся, што ў ліку самай прадстаўнічай каманды раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый – мая дачка Аляксандра.

Узнёслым быў і настрой работнікаў лясгаса, прадстаўнікоў гэтага калектыву на плошчы было нямала, а нагода не менш радасная – ва ўрачыстай абстаноўцы ляснічым уручаліся ў гэты дзень ключы ад сямі службовых аўтамабіляў “Лада-21214”.

– Гэты працэс вырашылі прымеркаваць да аднаго з галоўных свят краіны, паколькі ў святы прыемна атрымліваць падарункі. Папаўненне гэтай і іншай тэхнікай, якую мы за апошні час набылі за ўласныя сродкі, стала магчымым дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву. Старанныя людзі – галоўнае наша багацце. З гэтай сцэны абяцаю, што такая традыцыя працягнецца, і падчас святкавання ў верасні 85-гадовага юбілею Ушацкага лясгаса на плошчы будзе стаяць яшчэ больш тэхнікі, – адзначыў дырэктар прадпрыемства Сяргей Аляксандравіч Даніловіч.

Словы віншавання не толькі працаўнікам галіны, а і ўсім жыхарам Ушаччыны адрасаваў і генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Іванавіч Заблоцкі.

– Сапраўды выдатны падарунак, аўто вельмі не хапала ў рабоце! – адзначыў ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі, а аб тым, што яго меркаванне раздзяляюць кіраўнікі ўсіх падраздзяленняў, сведчылі іх радасныя твары.

Атрымаўшы ключы, ляснічыя селі ва ўпрыгожаныя шарамі новенькія “Нівы” і першымі рушылі на “Прарыў” у складзе аўтапрабегу “Ушачы – мемарыяльны комплекс”. Зрэшты, удзел у ім прынялі не толькі арганізацыі раёна, а і навапалачане. “У свята мы адправіліся па месцах баявой славы, многія члены нашага калектыву нават з сем’ямі. Да гэтага ўсклалі кветкі на “Полі ратнай славы” ў аграгарадку Гомель, а затым накіраваліся на “Прарыў”, дзе многія з калег да гэтага яшчэ не былі, але шмат чулі”, – расказвалі работнікі “Нафтана”.

На мемарыяле традыцыйна ўшанавалі памяць загінуўшых у гады вайны, да пліт легла шмат кветак.

У гарпасёлку тым часам разгарнуліся святочныя гулянні. Узнімалі настрой спецыяльныя падворкі сельскіх устаноў культуры, народны клуб нацыянальных культур «Дружба». Выставы-продажы сваіх вырабаў наладзілі Дом рамёстваў, ТЦСАН, клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”. Майстар-клас па саломапляценні з задавальненнем усім паказвала педагог цэнтра дзяцей і моладзі Г.А.Бабянок. Цікавасць ва ўшачан і гасцей гарпасёлка выклікала выстава музея народнай славы, наладжаная на ўваходзе ўстановы. Тут можна было ўбачыць і некаторыя экспанаты, і карціны ветэрана вайны Д.У.Крупені, і ўзоры ваеннай формы, і прайсці тэст “Ці ведаеш ты Ушаччыну?”, супаставіўшы сучасныя фота са здымкамі мінулых гадоў. Грунтоўна падрыхтаваліся і работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія на сваёй выставе таксама сабралі шмат цікавай інфармацыі на любы густ, а яшчэ прапаноўвалі зачытаць услых вершы пра Беларусь. “Лепш за ўсіх гэта атрымалася, напэўна, у Аляксандра Сяргеевіча Лосева, які і сам можа скласці трапныя вершаваныя радкі”, – прыкмеціла дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Л.М.Шкаруба.

Мнагалюдна ўвесь дзень было ў скверы гарпасёлка, дзе было за чым бавіць час дзецям. А ўвечары тут ладзілася выступленне хору народнага клуба “Ветэран”. Нямала ўшачан прыйшло і на плошчу на вячэрні святочны канцэрт, які падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Фінальным акордам свята стала традыцыйная рэспубліканская патрыятычная акцыя “Спяём гімн разам!”, а таксама святочная дыскатэка на цэнтральнай плошчы.

***

Адной з цэнтральных падзей святкавання Дня Незалежнасці ва Ушачах стала ўрачыстае ўручэнне матэрыяльнай дапамогі і пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Такую высокую ўзнагароду з рук кіраўніка раёна атрымала выхаванка Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў, актыўная ўдзельніца мастацка-творчых мерапрыемстваў рознага ўзроўню Надзея Раманоўская. Сярод нядаўніх дасягненняў дзяўчыны – дыплом І ступені на VII Рэспубліканскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”.

Памятны падарунак атрымала ў гэты дзень педагог Надзеі, загадчык эстраднага аддзялення ДШМ Алена Анатольеўна Сазонава. Раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын за годнае выхаванне дачкі адзначана маці нашай юнай зорачкі Таццяна Сцяпанаўна Раманоўская.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *