В ОАО «Маяк-Ушачский» идёт реконструкция телятника, который не эксплуатировался почти 30 лет

Общество

Усім вядома, што малочная галіна – крыніца штодзённай выручкі і аснова эканамічнага дабрабыту нашых сельгасарганізацый. Зразумела і тое, што яе эфектыўнасць залежыць не толькі ад якасці кармоў і адказнасці даярак, а і ад утрымання жывёлы, якой папаўняецца дойны статак. На Віцебшчыне гэтаму аспекту надаецца асаблівая ўвага: толькі ў мінулым годзе ў гаспадарках вобласці было ўзведзена і рэканструявана каля 70 памяшканняў жывёлагадоўчых аб’ектаў, разлічаных на ўтрыманне 10,8 тысячы галоў маладняку буйной рагатай жывёлы. Працэс мадэрнізацыі актыўна працягваецца і сёлета.

Калі дырэктар Полацкага аграпрамысловага аб’яднання Уладзімір Леанідавіч Сафронаў знаёміўся з ушацкімі гаспадаркамі, што ўваходзяць у склад аграхолдынгу, спадарожна прыглядаў кропкі, дзе магчыма сканцэнтраваць пагалоўе цялушак. Аптымальны варыянт знайшоўся хутка: на тэрыторыі комплекса “Маяк” ужо маецца збудаванне, узведзенае якраз для падобных мэт саўгасам “Ушацкі” яшчэ ў 70-х. Праўда, у 1992-м на ім была здадзена апошняя партыя цялушак – і амаль 30 год памяшканне не эксплуатавалася. Аднак галоўныя канструкцыі, на аснове якіх можна аднаўляць будынак на сучасны лад, захавалі сваю трываласць – і было прынята рашэнне рэканструяваць цялятнік. Аб’яднанне гатова вылучыць на гэтыя мэты каля 1 мільёна рублёў.

В.Александровіч, К.Баркоўскі.

– Вельмі прыемна, што ў нас з’явіцца такі аб’ект! – не хавае задавальнення начальнік райсельгасхарча С.С.Садоўскі. – У гэтым камфортным “інтэрнаце” паселяцца 700-800 галоў цялушак, якіх будзем прывозіць з ферм раёна, дзе няма належных умоў для іх вырошчвання. Паступіць сюды жывёла ва ўзросце 2-2,5 месяца, на працягу наступных 20-21 будзе гадавацца з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў, пасля чаго адправіцца “на радзіму” і праз пару месяцаў ужо дасць першае малако. У такой схемы шэраг “плюсаў”: збалансаваны рацыён і належны догляд палепшаць кандыцыі маладняку – і мы мяркуем, што на паўгода, а то і год зменшыцца час, які праходзіць на нашых фермах ад нараджэння жывёлы да першага ацёлу (зараз бывае, што ён дасягае аж трох гадоў) – уяўляеце, колькі будзе зэканомлена сродкаў. Яшчэ адна крыніца змяншэння выдаткаў – аптымізацыя кадраў. Зараз, напрыклад, толькі на ферме ў Скачыхах, дзе стаіць 120-130 галоў, занята пяцёра работнікаў, кармы раздаюцца ўручную. На “Маяку” ж працэс будзе механізаваны, цялушкі размесцяцца ў светлай зале, будуць рабіць мацыён на дзвюх прагулачных пляцоўках.

У.Саўчанка.

Над тым жа, каб стварыць для жывёлы камфорт, у дзень нашага візіту на аб’екце працавала каля двух дзясяткаў работнікаў. Рэканструкцыю даручылі Ушацкаму будаўнічаму ўчастку пры Полацкай аграпрамысловай структуры – менавіта такі афіцыйны статус атрымалі зараз нашы былыя меліяратары. З красавіка, калі пачаліся работы, зроблена ўжо нямала. Спачатку будынак ачысцілі, а паколькі стаіць ён у вільготным месцы – уладкавалі дрэнажную сістэму: дарэчы аказалася былая спецыялізацыя будаўнікоў і інжынерныя веды Мікалая Леанідавіча Фядосенкі, які ўзначальвае ўчастак. Ужо пачалі бетанаванне падлогі, калі ж работы разгарнуцца, з малаказавода прышлюць міксер. Пад патрэбныя памеры падганяюць аконныя праёмы, неўзабаве пачнуць мантаж водаправода. Адказным участкам будуць тарцавыя сцены, дзе прадугледжана па 6 варотаў. Шмат клопату і з дахам, у якім, прынамсі, таксама з’явяцца вокны – выпілаваць іх бензарэзам не так проста, таму аперацыю даручылі маладым і фізічна моцным Андрэю Папко і Артуру Бездзелю. Зладжана працавала і звяно ў складзе Канстанціна Баркоўскага, Васіля Александровіча і Паўла Ефанава, якое займалася ўладкаваннем крокваў. “Каб замацаваць брусы на няновым даху, у ход пойдзе паўтары тысячы спецыяльных металічных стрыжняў”, – патлумачылі будаўнікі. Цяслярскай працай былі заняты Уладзімір Лявонцьеў, Андрэй Анкудовіч і Леанід Шаманскі, зварачнымі работамі – Уладзімір Саўчанка.

А.Анкудовіч.

– Канечне, мы былі рады атрымаць такі аб’ект, – адзначае М.Фядосенка. – Гэта надало ўпэўненасці. Зараз у распараджэнні нашага будаўнічага ўчастка 9 адзінак тэхнікі, якую арандуем у “Маяка-Ушацкага”. З былымі работнікамі ПМС заключылі кантракты, дарэчы, некаторыя (напрыклад, наш вопытны зваршчык) вярнуліся ў родны калектыў. З астатнімі пакуль што аформілі дагаворы на канкрэтны аб’ект. Заробкі, асабліва ў тых, хто мае кваліфікацыю, прыстойныя. Усе стараюцца, бо для нас гэта своеасаблівы выклік: калі добра справімся – атрымаем новыя аб’екты, магчыма, і ў іншых раёнах.

А.Бездзель, А.Папко.

Зрэшты, не выключана, што па завяршэнні рэканструкцыі цялятніка (яго мяркуюць здаць да канца года) далёка ехаць будаўнікам не прыдзецца: у аб’яднання ёсць планы па аднаўленні ў наступным годзе яшчэ адной “маякоўскай” пабудовы – там размесціцца каранціннае памяшканне, у якім на працягу месяца будуць адаптавацца і вакцынавацца прыбыўшыя ў цялятнік навічкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Як адзначыў кіраўнік нашай вобласці М.М.Шарснёў, на Віцебшчыне пытанне абнаўлення жывёлагадоўчых аб’ектаў стаіць даволі востра: большасць з іх тэхнічна і фізічна зношаны. Так, дзве трэці МТФ рэгіёну былі пабудаваны больш 30 год таму. Але павелічэнне тэмпаў работ па рэканструкцыі дазволіць у бліжэйшыя два гады змяніць сітуацыю ў сельскагаспадарчай вытворчасці Прыдзвіння.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *