23 августа в Беларуси отмечается День работников государственной статистики

Общество

У панядзелак сваё прафесійнае свята будуць адзначаць людзі, якія адлюстроўваюць наша жыццё праз прызму лічбаў – работнікі дзяржаўнай статыстыкі. Дзейнасць гэтых спецыялістаў не заўсёды бачная, але вельмі ўплывовая: па даных, якія збірае і апрацоўвае ведамства, вызначаюцца паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і асобных рэгіёнаў, карэкціруецца яго дынаміка. Аб тым, якімі справамі жыве зараз аддзел статыстыкі Ушацкага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, нам расказала яго начальнік Святлана Пятроўна Ядрэўская.

Н.Барысава, С.Ядрэўская, Н.Машчонак, Н.Кудраўцава.

– Паспяхова завяршыўшы адказную кампанію па перапісе насельніцтва, сёлета аддзел працаваў, як кажуць, у штатным рэжыме?

– Так, займаліся асноўным відам нашай дзейнасці – апрацоўкай і аналізам цэнтралізаванай дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці. Гэта значны пласт работы. За год рэспандэнты перадаюць у аддзел каля 50 форм справаздач. Наогул у 2020 годзе намі выканана 268 статработ, а за першае паўгоддзе сёлета – 143. Справаздачы перадаюцца за месяц, квартал і год.

– Колькі спецыялістаў спраўляюцца з гэтым патокам?

– Зараз нас у офісе трое: значны аб’ём работы выконвае мой намеснік Наталля Уладзіміраўна Кудраўцава, з пачатку года паспяхова ўлілася ў калектыў эканаміст Вольга Генадзьеўна Сматрова, якая замяніла на гэтай пасадзе Кацярыну Андрэеўну Кучаронак на час дэкрэтнага водпуску. Ужо дзясяты год плённа працуюць у аддзеле старшыя спецыялісты па правядзенні абследаванняў Наталля Генадзьеўна Машчонак і Наталія Сяргееўна Барысава.

– Раскажыце, калі ласка, пра напрамкі іх работы.

– Сёлета завяршаецца абследаванне дамашніх гаспадарак гарпасёлка па ўзроўні жыцця, якое стартавала ў 2011 годзе. Увесь гэты час 45 ушацкіх сем’яў рэгулярна дзяліліся з Н.Барысавай падрабязнай інфармацыяй аб сваіх даходах і расходах – абагульненне гэтых звестак з розных гарадоў краіны дасць аб’ектыўную карціну ўзроўню жыцця, неабходную для выпрацоўкі дзяржаўнай стратэгіі ў напрамку павышэння дабрабыту сем’яў. І, карыстаючыся выпадкам, мы хочам шчыра падзякаваць удзельнікам гэтага апытання. Пад увагай Н.Машчонак знаходзяцца сем’і, што жывуць у сельскай мясцовасці і вядуць падсобную гаспадарку – такія абследаванні ўжо былі праведзены ў населеных пунктах Сарочынскага і Жарскага сельсаветаў, зараз надышла чарга 30 сядзіб з Ушацкага. А ў Вялікадолецкім сёлета праводзіцца анкетаванне па пытаннях занятасці – у ім задзейнічаны 40 дамашніх гаспадарак, вызначаных метадам выпадковага адбору. Праводзіць гэтае абследаванне нам дапамагае Галіна Сяргееўна Кулага, з якой заключаны працоўны дагавор.

– Тэхнічны прагрэс дыктуе неабходнасць укараняць сучасныя формы работы…

Да сёлетняга Дня работнікаў дзяржаўнай статыстыкі была высока ацэнена праца намесніка начальніка Ушацкага аддзела статыстыкі Н.У.Кудраўцавай, якая аддала арганізацыі ўжо 25 год. Ёй аб’яўлена Падзяка старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Узнагароду такога ўзроўню супрацоўнікі аддзела атрымалі ўпершыню.

– Пачынаючы з 2013 года мы паступова перайшлі на электронны фармат падачы статыстычнай справаздачнасці. Зараз рэспандэнтамі актыўна выкарыстоўваецца прагрэсіўная форма перадачы інфармацыі праз ВЭБ-партал Белстата, убаку ад яе застаецца толькі некалькі арганізацый, дзе пакуль няма тэхнічных магчымасцяў. Электронныя планшэты прыйшлі на змену блакнотам і ў рабоце нашых спецыялістаў па абследаваннях. Каб павысіць узровень кампетэнтнасці супрацоўнікаў арганізацый, якія адпраўляюць нам справаздачнасць, праводзім для іх семінары і круглыя сталы, даём індывідуальныя кансультацыі.

Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць усіх цяперашніх калег, адрасаваць словы ўдзячнасці былым работнікам-ветэранам Галіне Міхайлаўне Носік, Сяргею Пятровічу Долгаму, Людміле Васільеўне Усцінавай, Тамары Адамаўне Каваленка. Усім жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і аптымізму!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *