Ушачанину Николаю Гриневичу В ПМК-66 доверяют самую ответственную работу

Общество

Літаральна праз паўтара тыдня па абноўленых, ззяючых свежымі фарбамі цэнтральных вуліцах Шуміліна ўрачыстым маршам пройдзе калона лепшых хлебаробаў Віцебшчыны. Як заўсёды, будуць у ёй і самыя дастойныя аграрыі нашага раёна. Зараз жа будаўнікі наводзяць апошнія штрыхі на аб’ектах сёлетняй сталіцы абласных “Дажынак”. А нам прыемна, што сярод стваральнікаў прыгажосці таксама быў ушацкі дэсант: вялікі ўклад у абнаўленне райцэнтра ўнеслі работнікі будаўнічага прадпрыемства ПМК-66.

Хочаш кінуць курыць – ідзі працаваць на “Амкадор”. Хоць у рэкамендацыях медыкаў такой парады не сустрэнеш, Мікалай Мікалаевіч Грыневіч сцвярджае, што істотна скараціў ужыванне тытуню. Няма часу. “А як жа законная перадышка пасля 45 хвілін работы?” – пытаюся ў кіроўцы пагрузчыка і сустракаю здзіўлены позірк. “Паесці няма калі, не тое што перадыхаць. Пакуль гружу МАЗы, іх вадзіцелі паспяваюць перакусіць, а да мяне ўжо чарговая машына пад’язджае. Шуміліна зараз усё ў новабудоўлях, рэканструкцыях ці добраўпарадкаванні. Таму “Амкадор” наш і на планіроўцы быў задзейнічаны, і на пагрузцы ўсіх грузаў – ад пяску да будматэрыялаў. Тут жа і коўш, і вілы, таму літаральна ўсё падымаю”.

Любы дасведчаны скажа, што самая незаменная адзінка на будоўлі – пагрузчык. Таму і накіравалі безадмоўнага механізатара на атрыманне корачак катэгорыі F. Да гэтага часу ён, праўда, ужо ўмеў маніпуліраваць груваздкай машынай, ну а прайшоўшы адпаведны курс у вучэбным цэнтры райсельгасхарча, падняўся з 4 да 1 класа.

Сустрэла Мікалая на тэрыторыі ПМК, можна сказаць, выпадкова. Не вытрымала нагрузак жалезная тэхніка, даўшы і яму перадыхнуць, калі можна так назваць час рамонту. На прадпрыемстве няма слесараў, таму кожны займаецца сваёй машынай сам, ці з дапамогай калег, якія застаюцца на тэрыторыі. “Ты б хоць мазутам вымазаўся», – жартаваў дыспетчар. На што Мікалай таксама з усмешкай парыраваў, што калі вадзіцель брудны, значыць дрэнны. У рэйс трэба выязджаць, перагледзеўшы вузлы загадзя. Хаця ўсяго і не прадугледзіш.

Гэта тыя выключныя дні, калі механізатар дома. Бо ў адрозненне ад брыгад, заставаўся і зусім без выхадных. І калі аўтобус ПМК-66 не накіроўваўся ў нядзелю з людзьмі ў Шуміліна, ён дабіраўся на ўласным аўтамабілі – выдатна разумее, што такое вытворчая неабходнасць. Калі працаваў за вібраплітой на ўкладцы пліткі каля “Еўраопта”, неабходны апарат выйшаў са строю, паставіўшы пад пагрозу тэрміны здачы. Да цямна варажыў Мікалай, але апоўначы ўсё ж скінуў выконваючаму абавязкі дырэктара на вайбер відэа працуючай машыны. “Калі нешта даверыў, можна не сумнявацца, што зробіць. Не атрымоўваецца – абавязкова папярэдзіць. З ім не будзе нечаканых “сюрпрызаў”, за такімі работнікамі не трэба пераправяраць”, – кажа кіраўнік арганізацыі Мікалай Паўлавіч Грыневіч. Яго ж цёзка пра сябе не пахваліцца. “Нічога вы з яго больш не “выцягніце”, – раілі мне не губляць часу калегі Мікалая Мікалаевіча. – Чалавек справы, а не слова”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *