На пенсии жизнь только начинается! В ТЦСОН активисты пожилого возраста проводят время насыщенно и креативно

Общество

Наш сённяшні аповед – аб людзях шаноўнага ўзросту. Толькі разважаюць яны не аб дабаўках да пенсіі, а аб тым, як крэатыўна, насычана правесці вольны час! Ім пакараюцца камп’ютарная навука, спартыўныя п’едэсталы. У свае – жартуюць – юныя гады становяцца нават гераінямі інтэрнэт-ролікаў. І даказваюць: з выхадам на пенсію жыццё толькі пачынаецца!

Л.Мядзведзева, В.Клундук, Н.Глінская.

Калі даведаліся пра запланаваную ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН сустрэчу актывістак, у думках намалявалі зусім не дынамічную карцінку: размясціўшыся на мяккіх стульчыках, сівавалосыя ўшачанкі штосьці павольна вяжуць, абмяркоўваюць жыццё-быццё… Аднак хутка “спусціліся на зямлю”. Па-першае, убачылі прыгожых, з макіяжам, у стыльных касцюмах жанчын, якіх дакладна “ўзроставымі” не назавеш. Па-другое, даведаліся, што прыйшлі яны ў Градзянец не для спакойных пасядзелак, а для заняткаў тэхнікамі аздараўленчай гімнастыкі, падобнымі на ёгу.

“Ніякай памылкі тут няма! – запэўніла загадчыца аддзялення Т.А.Шышко. – Многім нашым наведвальніцам прыйшоўся па душы адкрыты гэтай вясной гурток “Гармонія цела”. Дарэчы, не толькі ён”.

У жанчыны пра ўзрост пытаць не прынята, але Н.В.Глінская яго не саромеецца – у наступным годзе адзначыць 65-гадовы юбілей. Яна з тых пенсіянераў, якія здолелі ператварыць заслужаны адпачынак у прыемны. Так, спачатку, як і многія, не ведала, куды сябе “прыткнуць”. Калі ж даведалася пра спартыўны клуб “Імпульс”, што працуе на базе “Юнацтва-Ушачы”, а крыху пазней пра названае аддзяленне ТЦСАН, вырашыла рызыкнуць, бо ніколі не любіла адседжвацца ў старане. І вось ужо некалькі гадоў кружыцца Наталля Васільеўна ў віхуры спартыўных трэніровак, выступленняў на публіцы, апладысментах гледачоў і новых знаёмствах. Па вечарах разам з сяброўкамі займаецца скандынаўскай хадзьбой – пераадольвае ў сярэднім па 5 кіламетраў. А раніцай спяшаецца на любімую работу – з’яўляючыся правай рукой старшыні раённай ветэранскай арганізацыі, натхняе на актыўнасць іншых ушачан шаноўнага ўзросту.

Гэтак жа насычана праводзіць час на пенсіі яшчэ адна прыхільніца “Імпульса”, “Гармоніі цела” Л.А.Мядзведзева. “Гэта прынцыпова розныя аб’яднанні, – разважае жанчына. – У першым займаемся перш за ўсё спортам, у другім гарманізуем думкі, “выганяем” негатыў. Я лёгкая на пад’ём, таму з радасцю прымаю прапановы Таццяны Анатольеўны паўдзельнічаць у мерапрыемствах, пазнаёміцца з навінкамі аддзялення. І заўсёды знаходжу для сябе штосьці цікавае!”.

Дарэчы, ёсць у Любові Аляксандраўны і “сезонныя” хобі – любіць вязаць, аднак займаецца гэтым выключна халоднымі зімовымі вечарамі. Напрыканцы лета ходзіць у лес па грыбы. У астатні час іншых спраў хапае. Ёсць невялікі ўчастак – трэба парнічок паставіць, штосьці пасадзіць. Вечарам сяброўкі тэлефануюць – трэба новы маршрут “скандынаўкі” распрацоўваць. У ліку абавязковых мерапрыемстваў таксама – штомесячнае наведанне бібліятэкі і некалькі дзясяткаў прачытаных перад сном старонак дэтэктыву штодзень. “Не паверыце, а мне нават здаецца, што цяпер жыццё цікавейшае, чым да пенсіі, – кажа Л.А.Мядзведзева. – Раней заўсёды было некалі, ды і вольны час быў не такі насычаны… А цяпер няма калі сумаваць”.

Не дазваляе сабе сядзець без справы і В.А.Клундук, адна з самых актыўных наведвальніц аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Спачатку асвоіла тут камп’ютарную грамату, пачала займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, плесці арыгінальныя вырабы з газетных трубачак, зацікавілася тэхнікамі аздараўленчай гімнастыкі. У перспектыве плануе асвоіць квілінг, іншыя сучасныя тэхнікі. І хоць спяваць Валянціне Трафімаўне не дазваляе здароўе, не падтрымаць таварыша па аддзяленні, якому нядаўна трэба было запісаць відэаролік з вакальным нумарам, яна не магла – прадэманстравала на камеру артыстычныя здольнасці.

…Гляджу на сваіх субяседніц, і нават язык не паварочваецца назваць іх пенсіянеркамі. Ды і калі браць за крытэрыі ацэнкі бляск у вачах, цікавасць да жыцця, любоў да навакольнага свету, яны маладзейшыя за многіх цяперашніх маладых будуць!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *