Культработники Ушаччины принимали тёплые поздравления и заслуженные награды

Общество

Чацвёртая хваля каранавіруса, а з ёй часовая адмена масавых мерапрыемстваў, пакінулі прадстаўнікоў некаторых сфер без прывычных урачыстасцяў з нагоды прафесійнага свята. У ліку такіх – культработнікі Ушаччыны. Заслужаныя ўзнагароды яны атрымалі на мінулым тыдні.

М.Шаўчэнка, М.Дрозд.

Да ўсіх тых, хто дорыць жыхарам Ушаччыны добры настрой, арганізуе мерапрыемствы, адкрывае таленты, у мінулы чацвер з цёплымі віншаваннямі звярнуўся П.А.Алексяёнак. Пад гучныя апладысменты прысутных на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці шэрагу спецыялістаў галіны Пётр Аляксандравіч уручыў Ганаровыя граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які ён узначальвае. Сярод іх – бібліятэкары Плінскай і Дубраўскай бібліятэк Ірына Генадзьеўна Марковіч і Людміла Пятроўна Краснова, дазорцы Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка і яго філіяла “Сядзіба-музей В.Быкава” Аліна Канстанцінаўна Мацюш і Валянціна Яфімаўна Цар, загадчык Вялікадолецкага сельскага Дома культуры Валянціна Дзмітрыеўна Смаляк, метадыст Святлана Валер’еўна Качан.

П.Алексяёнак, С.Качан.

З прыемнай місіяй завітала на мерапрыемства старшыня Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка. Па даручэнні лідара Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму А.А.Сабіравай Ганаровыя граматы ад грамадскага аб’яднання, кветкі і памятныя падарункі Марыя Аляксееўна ўручыла актывістам прафсаюзнага руху Галіне Сяргееўне Рудзёнак і Марыне Валер’еўне Дрозд.

Па добрай традыцыі павіншавала калег і старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Васільеўна Байрамава. Прыемны грашовы бонус чакаў у гэты дзень сёлетніх юбіляраў Юрыя Канстанцінавіча Пашковіча, Ірыну Аляксандраўну Глінскую, Веру Пятроўну Кладніцкую, Святлану Міхайлаўну Церашкевіч, Таццяну Уладзіміраўну Рабіза, Таццяну Уладзіміраўну Сісковіч, Аляксандра Іванавіча Качынскага, Алега Васільевіча Казьяніна, Дар’ю Мікалаеўну Алексяёнак.

Зрэшты, і на гэтым віншаванні для культработнікаў Ушаччыны не завяршыліся. Ужо ў пятніцу ў райвыканкаме некаторыя спецыялісты, з якімі мы ўжо знаёмілі нашых чытачоў, атрымалі ўзнагароды раённага ўзроўню.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *