Кибермошенники не дремлют: в Ушачском районе участились случаи обмана

Общество

Здаецца, з усіх крыніц гучаць перасцярогі, як не трапіць на ўлоўкі кіберзлачынцаў. Вось толькі, як паказвае практыка, чуюць далёка не ўсе. У іх ліку і ўшачане.

Так, нядаўна неадназначнае тэлефанаванне прыняла жыхарка райцэнтра. На тым баку проваду жанчына прадставілася работнікам банка і папярэдзіла, што на імя грамадзянкі зараз афармляецца падазроны крэдыт – каб спыніць аперацыю, трэба наведаць установу, прычым, як мага хутчэй. Разлік, па ўсім відаць, быў на тое, што суразмоўца замітусіцца, а значыць страціць пільнасць. У гэты час “супрацоўніца банка” парэкамендавала падстрахавацца ад спісання грошай з карткі – перавесці ўсё на нерэальную, у анлайн афармленні якой прапанавала пасадзейнічаць. Як пазней прызналася ўшачанка, падазравала, што мае справу з махлярамі, але прытрымлівалася іх “рэкамендацый”. Такім чынам, пазбавілася ўсіх накапленняў, а гэта 1500 рублёў. У банку ж, куды прыйшла за высвятленнем абставін па крэдыце, развялі рукамі, параілі звярнуцца ў міліцыю.

У непрыемную сітуацыю трапілі нядаўна і жыхары аграгарадка Глыбачка. Галаве сямейства, які выйшаў на заслужаны адпачынак, на банкаўскую картку паступіла першае залічэнне, прычым, немалое: адразу за два месяцы. З гэтых сродкаў жонка мужчыны праз інтэрнэт-банкінг вырашыла аплаціць паслугі электрасувязі. Але ж пільнасць не захавала – перайшла па спасылцы, якая з’явілася ў “акне”, а там – на вельмі падобнай на рэальную старонцы – увяла запрошаныя “сістэмай” рэквізіты. У выніку рахунак пенсіянера цалкам апусцеў…

Падобных фактаў, як расказаў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Ушацкага РАУС М.В.Баратынскі, у нашым раёне нямала. Найбольш распаўсюджаны спосаб даведацца чужыя персанальныя даныя, які выкарыстоўваюць злодзеі, – увядзенне ў зман ў ходзе размовы па тэлефоне (часцей у мэсанджарах). Прадстаўляюцца, як у першым выпадку, работнікамі банкаў, звяртаюцца па імені, могуць нават назваць апошнія 4 лічбы банкаўскай карты. Бывае, што называюць сябе супрацоўнікамі праваахоўных органаў і пад падставай сумеснага выкрыцця нядобрасумленнага работніка банка, які аформіў ад Вашага імя заяўку на крэдыт, пераконваюць узяць яшчэ некалькі крэдытаў і перавесці іх на “спецыяльна створаны абаронены рахунак”.

– Памятайце, што трэція асобы ні ў якім разе не павінны ведаць рэквізіты вашай банкаўскай плацежнай карты: яе нумар, тэрмін дзеяння, код CVV, сеансавыя ключы і іншую інфармацыю з SMS-паведамленняў, – нагадвае Мікалай Віктаравіч. – Сапраўдным супрацоўнікам банка няма неабходнасці ўдакладняць у кліентаў персанальныя данныя – яны імі валодаюць з пачатку абслугоўвання. Пры мінімальным падазрэнні на нядобрасумленнасць таго, хто тэлефануе, спасылайцеся на занятасць, спыніце размову і самі набярыце ў банк, каб пераканацца ў сваёй бяспецы. Дарэчы, у выпадку рэальнай пагрозы карта блакіруецца банкам без усялякага ўдзелу трымальніка.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *