Работники Ушачского района газоснабжения обсудили проект изменений и дополнений Конституции Республики Беларусь

Навстречу референдуму

Работнікі Ушацкага раёна газазабеспячэння заўсёды вылучаюцца адказнасцю, дысцыплінаванасцю, узважаным і рэалістычным поглядам на жыццё. Даказала гэта і сустрэча, якая прайшла на бягучым тыдні ў працоўным калектыве ў рамках усенароднага абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі І.В.Бельская. У ходзе канструктыўнай размовы былі абмеркаваны палажэнні праекта, якія найбольш зацікавілі работнікаў арганізацыі: датычыліся яны традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, аховы здароўя, дзяржаўнай падтрымкі ўразлівых катэгорый грамадзян. Актуальнымі палічылі прысутныя дапаўненні не толькі ў артыкулы, а і ў прэамбулу Асноўнага Закона нашай краіны, дзе з’явіліся палажэнні аб захаванні нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэта, культурных і духоўных традыцый. Гэта адлюстроўвае сусветную тэндэнцыю: усім стала зразумела, што глабалізацыя і інтэграцыя маюць не толькі вартасці, а і недахопы, і сёння як ніколі абвастрылася праблема нацыянальнай ідэнтычнасці, без якой не можа існаваць моцнай самастойнай дзяржавы.

Пра тое ж, што работнікі газавай службы сапраўды ўдумліва аднесліся да праекта, сведчыла заўвага, якая была агучана падчас сустрэчы. Як вядома, адпаведна новым палажэнням, Прэзідэнт больш не зможа выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У сувязі з гэтым газавікі выказалі заклапочанасць, ці не паўплывае ліквідаванне дэкрэта як віда нарматыўнага прававога акта на аператыўнасць прыняцця дзяржаўных рашэнняў. Іх меркаванне было аформлена і перададзена ў Нацыянальны Цэнтр прававой інфармацыі.

А вось якую думку наконт зместу праекта выказаў галоўны інжынер раёна газазабеспячэння Д.В.Карэйша: “Мяне, як тату чатырох дачок, асабліва зацікавілі палажэнні, якія датычацца сацыяльнай падтрымкі мнагадзетных сем’яў. Лічу, што ў Беларусі і раней шмат рабілася ў гэтым накірунку: вось і наша сям’я скарысталася льготным крэдытам для будаўніцтва ўласнага дома. І вельмі прыемна, што сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі не толькі захаваецца, а і будзе ўмацоўвацца”.

Да слова, такая актыўнасць і інфармаванасць газавікоў невыпадковая: у арганізацыі ідэалагічная работа знаходзіцца на належным узроўні. Так, напрыклад, з матэрыяламі праекта Канстытуцыі, варыянтамі ўнясення прапаноў супрацоўнікі раёна газазабеспячэння маглі азнаёміцца не толькі ў інтэрнэце і СМІ, а і праз спасылкі на сайце “Віцебскаблгаза”, а таксама на адмысловым стэндзе ў сваім адміністрацыйным будынку.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Н.М.Марковіч заклікала прысутных праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю не толькі актыўнасцю ў абмеркаванні праекта, а і ўдзелам у маючым адбыцца 27 лютага рэферэндуме.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *