В ТЦСОН Ушачского района прошла диалоговая площадка «Люди пожилые, душою молодые» по обсуждению Конституции

Навстречу референдуму Общество

На сённяшні дзень Беларусь уваходзіць у лік еўрапейскіх краін з нізкім узроўнем дэмаграфічнага старэння. Аднак эксперты ўпэўнены: сітуацыя ў бліжэйшы час зменіцца. З улікам гэтага асаблівую ўвагу ў праекце новай Канстытуцыі прапануецца надаць клопату дзяржавы аб пажылых людзях. Пра гэта ішла гаворка на чарговым пасяджэнні дыялогавай пляцоўкі, якое прайшло у ТЦСАН Ушацкага раёна на мінулым тыдні.

У снежні 2020 года ўпершыню ў нашай краіне ўрадам прыняты комплексны дакумент, які вызначае напрамкі развіцця з улікам магчымасцяў і патрэб пажылых людзей. Гэта нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь “Актыўнае даўгалецце-2030”. Дарэчы, такая назва выбрана невыпадкова: дакумент накіраваны найперш на выкарыстанне патэнцыялу старэйшага пакалення, на ўзмацненне мер яго сацыяльнай абароны.

Ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі больш за 15 гадоў працуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва, якія з’яўляюцца каардынатарамі пытанняў актыўнага даўгалецця, прапануюць шырокі спектр забаўляльных мерапрыемстваў. Падрабязней пра гэта расказала ўдзельнікам сустрэчы загадчык аддзялення для пажылых грамадзян, якое наведвае зараз 52 ушачаніна, Таццяна Шышко.

Людзі ва ўзросце з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі прафсаюзнай дзейнасці – на пачатак 2021-га калектыўныя дагаворы распаўсюджваліся на 335 тысяч непрацуючых пенсіянераў. Не забываюцца пра валанцёрства – такія атрады на базе ­ТЦСАН аб’ядноўваюць больш за 2 тысячы пажылых беларусаў. Наладжваюць сяброўства з інфармацыйнымі тэхналогіямі – 41 працэнт пенсіянераў карыстаюцца інтэрнэтам. Нацыянальнай стратэгіяй пастаўлена задача да 2030-га давесці гэты паказчык да 65. Для гэтага арганізуецца работа спецыяльных гурткоў, зараз іх 211.

У нашай краіне амаль 1,5 млн. людзей маюць узрост 65 і вышэй. Гэта 16 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Дарэчы, пажылых жанчын у нас удвая больш, чым мужчын – самы высокі паказчык сярод еўрапейскіх краін.

Асобная ўвага – тэме здароўя. Як нагадала прадстаўніца Ушацкай ЦРБ Вікторыя Літвінава, пажылым людзям гэтак жа як і маладым, варта памятаць пра рацыянальнае харчаванне (змяншэнне спажывання паваранай солі, тлушчаў жывёльнага паходжання, моцнай кавы і гарбаты, павелічэнне прыёму агародніны і садавіны, клятчаткі, рыбы і морапрадуктаў), дастатковую рухальную актыўнасць, зніжэнне лішняй масы цела, прыём вітамінаў і мінеральных комплексаў, адмову ад курэння і злоўжывання спіртным, мінімізацыю стрэсаў. Усё гэта дазволіць не толькі прадухіліць узнікненне новых захворванняў, але і прагрэсіраванне наяўных. Дарэчы, ва ўстановах аховы здароўя арганізавана работа “Школ актыўнага даўгалецця”. З улікам патрэб пажылых грамадзян узяты курс на стварэнне герыятрычнай службы. Сёння ў рэспубліцы працуе 102 бальніцы сястрынскага догляду, служба медыка-сацыяльнай дапамогі будзе развівацца.

Самай “узроставай” дзяржавай у свеце з’яўляецца Японія, у якой амаль 29 працэнтаў насельніцтва перасягнулі 65-гадовы рубеж. З еўрапейскіх дзяржаў гэта Італія, Фінляндыя, Грэцыя і Партугалія, дзе адпаведны паказчык перавысіў 22. Самымі ж “маладымі” прызнаны Азербайджан, Косава і Турцыя, у якіх пажылых людзей менш за 10 працэнтаў.

Фізічная культура і спорт з’яўляюцца важнымі фактарамі развіцця патэнцыялу пажылых людзей, захавання і ўмацавання іх здароўя. Па даных статыстыкі, 26 працэнтаў адзначанай катэгорыі насельніцтва дбаюць пра актыўнасць, прычым, толькі 3 працэнты сістэматычна наведваюць арганізаваныя заняткі, астатнія займаюцца самастойна. У ліку такіх – і некаторыя з удзельніц пасяджэння, якія расказалі пра сваю любоў да скандынаўскай хадзьбы. Адзінае, што непакоіць жанчын, – адсутнасць ва Ушачах адмысловай пляцоўкі (ёй магла б стаць паркавая зона) для такіх заняткаў. Тут жа прыйшлі да меркавання, што можна пад гэтыя мэты, ды і звычайных пешых прагулак абсталяваць прылеглую да райцэнтра частку лутаўскага лесу. Прадстаўнікі старэйшага пакалення выклікаліся самі прыняць удзел у адпаведным суботніку.

Могуць разлічваць пажылыя і на шэраг сацыяльных паслуг, якія забяспечваюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў і 83 дамы-інтэрнаты. У краіне існуе 258 замяшчальных сямей, у якіх пражываюць адзінокія пенсіянеры, а 31 аформілі дагаворы пажыццёвага ўтрымання.

Дзяржавай зроблена многае, каб жыццё пажылых было актыўным, цікавым, насычаным. У сувязі з гэтым важным пасылам у праекце Канстытуцыі з’яўляецца павышэнне сацыяльнай адказнасці грамадзяніна за сябе, сваё здароўе і сваю сям’ю, а таксама абавязковы асабісты ўклад у агульную справу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *