Татьяна Гордиёнок награждена дипломом в номинации «Материнская слава» областного конкурса «Женщина года 2021»

Общество

Цёплымі віншаваннямі, кампліментамі, шчаслівымі ўсмешкамі прадстаўніц прыгожага полу поўнілася напярэдадні 8 Сакавіка Віцебская абласная філармонія. Тут ушаноўвалі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2021”, арганізатарам якога выступае грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын”. Прыемна, што ў намінацыі “Матчына слава” ганаровым дыпломам сёлета адзначана наша зямлячка Т.С.Гардзіёнак.

Таццяну Сцяпанаўну па яе прафесійнай дзейнасці на Ушаччыне ведаюць многія. Амаль два дзесяцігоддзі прысвяціла яна педагогіцы – была настаўнікам музыкі, музычным кіраўніком, педагогам-арганізатарам. Два гады працавала загадчыкам аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ­ТЦСАН. Са снежня ж 2021-га займае пасаду галоўнага спецыяліста аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Прымае актыўны ўдзел ушачанка і ў мерапрыемствах раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. А гэта ўшанаванне ветэранаў вайны, суботнікі па навядзенні парадку на зямлі і многае іншае.

Дарэчы, увесь цёплы сезон участак ля прыватнага дома Гардзіёнкаў літаральна патанае ў квецені, бо ў ліку захапленняў жанчыны – кветкаводства. Разам з мужам прадумалі і элементы добраўпарадкавання – зрабілі для дзяцей арэлі і пясочніцу, пабудавалі альтанку. Паспявае спраўляцца Т.С.Гардзіёнак і ў садзе, агародзе, а смак яе нарыхтовак на зіму любяць усе блізкія.

Галоўным сваім гонарам Таццяна лічыць сям’ю, у якой выхоўваецца трое дачушак. Дарэчы, яны бяруць прыклад з актыўнай мамы – у сярэдняй Надзеі, напрыклад, не адзін дзясятак узнагарод на творчых конкурсах рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню. Нядаўна дзяўчына трэці раз запар увайшла ў пяцёрку прадстаўнікоў Віцебшчыны, якія прынялі ўдзел у другім этапе нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Летась жа яна ўзнагароджана матэрыяльнай дапамогай са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

– На прыгаданую ўрачыстасць ездзіла разам з Надзяй, што дапамагло справіцца з хваляваннем, – падзялілася з намі Т.С.Гардзіёнак. – Прыемна, што часам незаўважная работа жанчын-матуль ацэньваецца так высока. Думаю, што фотаздымкі з мерапрыемства зоймуць у доме нашай вялікай сям’і пачэснае месца. Вялікі дзякуй Беларускаму саюзу жанчын за падоранае свята”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *