В Беларуси почтили память жертв Хатынской трагедии

Общество

У гісторыі нашай Радзімы нямала трагічных дат, адна з іх – 22 сакавіка 1943-га. У гэты дзень 149 жыхароў невялікай беларускай вёсачкі Хатынь, сярод якіх 75 дзяцей, былі зажыва спалены нямецкімі акупантамі, а сам населены пункт разрабаваны і знішчаны. У 1969 годзе ў памяць пра ўсіх загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў на месцы былой Хатыні адкрыты мемарыял. Тут учора прайшло цэнтральнае мерапрыемства маштабнай патрыятычнай акцыі “Памяці боль”. Нямала іх было і ў іншых куточках нашай шматпакутнай краіны, у тым ліку на Ушаччыне.

Ля брацкай магілы ў Жарах.

Няпростае выпрабаванне ў гады Вялікай Айчыннай выпала на долю мірных жыхароў вёскі Жары. 7 кастрычніка 1942 года сюды прыбыў атрад гітлераўцаў. Праз тры дні карнікі сабралі ўсё насельніцтва, пыталіся пра падпольшчыкаў, білі палкамі, прыкладамі аўтаматаў, падганяючы да ям-магіл, дзе расстралялі. У 1965 годзе на гэтым месцы ўстаноўлена стэла, у 1975-м – мемарыяльная пліта з тэкстам: “Вёска Жары адноўлена з попелу. Фашысцкімі карнікамі 10 кастрычніка 1942 года разам з вёскай спалена і замучана 79 мірных жыхароў, 2 афіцэры і 2 салдаты Савецкай Арміі (прозвішчы не ўстаноўлены)”. У 2021-м за сродкі раённага бюджэту праведзены бягучы рамонт пахавання.

Менавіта тут у аўторак, 22 сакавіка, прайшла раённая траурная цырымонія. Пакланіцца святой зямлі, аддаць даніну павагі мужнасці і гераізму нашых землякоў у Жары завіталі старшыня Ушацкага райвыканкама С.С.Садоўскі, яго намеснік В.Л.Хамёнак, пракурор раёна М.М.Падворны, актывісты грамадскіх арганізацый, школьнікі, мясцовыя жыхары. У сваім выступленні Сяргей Сяргеевіч нагадаў аб страшных падзеях Вялікай Айчыннай, пра шырокамаштабную работу па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, што вядзецца ў раёне. Ліцію па загінуўшых мірных жыхарах правёў протаіерэй Вячаслаў Лобец. Памяць пра страшныя 3 гады, 10 месяцаў і 18 дзён, пра амаль 27 мільёнаў унесеных жыццяў савецкіх людзей, сотні разбураных, але непакораных гарадоў, тысячы вёсак прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Да падножжа абеліска ўскладзены вянок і кветкі. У рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Памяць сэрца” актывісты раённай арганізацыі БРСМ запалілі лампадкі.

* * *

Прынялі ўдзел ушачане – прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў – і ў маштабным рэспубліканскім аўтапрабегу “За адзіную Беларусь”, прысвечаным Дню памяці трагедыі ў Хатыні. Калона аўтамабіляў стартавала з райцэнтра ўжо раніцай: маршрут насычаны – па месцах з трагічнымі старонкамі ваеннай гісторыі, у якую крывёю мірных жыхароў упісаны боль усёй нацыі.

На мемарыяльным комплексе «Праклён фашызму».

Першы прыпынак – мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” на месцы спаленай нацыстамі вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна. Тут сабраліся ўсе ўдзельнікі аўтапрабегу Віцебскай вобласці, адбыліся мітынг і ўскладанне кветак. Усе прайшліся па выкладзенай пліткай “вуліцы”, уздоўж якой узведзены каменныя падмуркі – на месцах спаленых разам з гаспадарамі дамоў. Пабывалі ля калодзежу, куды 22 мая 1943 года гітлераўцы кінулі маленькіх дзяцей. Рэалістычнасцю ўразіў і асноўны манумент – бронзавая фігура жанчыны-маці, якая ў роспачы, у крыку падняла да нябёсаў рукі. Здаецца, яшчэ крыху – і ступяць з бетоннага пастаменту яе босыя ногі…

Далей машыны Прыдзвінскага краю адправіліся да мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”, дзе да іх далучыліся прадстаўнікі з усёй краіны. Адсюль аўтапрабег узяў старт на мемарыяльны комплекс “Хатынь”, дзе ў другой палове дня адбылося галоўнае памятнае мерапрыемства. Не маглі ўшачане абмінуць магчымасці наведаць тут адзіныя ў свеце “Могілкі вёсак”, дзе ў ліку 186 спаленых фашыстамі і неадноўленых населеных пунктаў значацца і чатыры з нашага раёна: Асавіна, Мурагі, Ралля і Тухаціна.
Падрабязней пра аўтапрабег і мітынг, наладжаны ў “Хатыні”, чытайце на сайце “Патрыёта” і ў нашых групах у сацсетках.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *