“Сёння мы ў Полацку працуем, а заўтра магу пад’ехаць”, – адказвае Валянцін Аляксеевіч Шчарбакоў на чарговую заяўку і я здзіўляюся: “І ў Полацку Вас ведаюць?”. “Не толькі ў Полацку, і ў Мінску і нават у Санкт-Пецярбурзе кухню рабілі”, – адказвае індывідуальны прадпрымальнік, які ў мэблевым бізнесе з канца дзевяностых мінулага стагоддзя. Чаму вырашыў распачаць сваю справу і як столькі год застаецца на плыву і запатрабаваным?
– Галоўнае, каб кліент застаўся задаволены, тады, зрабіўшы прыхожую ці камп’ютарны стол, яму захочацца звярнуцца да вас і за спальняй. Таму асноўны наш прынцып – якасць. Я ж і працую, і жыву ва Ушачах, таму не атрымаецца схавацца, калі нешта не так. Ды менавіта ў гэтым і перавагі, што мясцовыя. Калі да вас пасля замераў прыязджаюць з гатовымі тумбамі ці шафамі, а сценка аказваецца няроўнай, што, паверце, сустракаецца вельмі часта, то стане яна недасканала. Мы ж вяртаемся на базу, на станках даводзім элементы.
Наогул, менавіта з-за таго, каб усё было дасканала, часта даводзілася пачынаць выкананне заказу з рамонту ў пакоі – раўняць і нават умацоўваць сцены, падлогу. Валянцін Аляксеевіч ведае асаблівасці кожнай ушацкай шматпавярхоўкі, можа сказаць, з чаго зроблены ўнутраныя перагародкі, бо няма такога дома, дзе б у кватэрах не стаяла яго мэбля.
“Хачу люстэркавую паверхню, каб дзверцы складваліся лесвічкай, матавае шкло…”. Ідзе насустрач любым пажаданням кліента і, зразумела, у нагу з часам. Падпісаны на профільныя прыкладанні, устаноўлены спецыяльныя праграмы, якія малююць праект, вылічаюць колькасць элементаў, вельмі спрашчаюць разлікі.
Гонар прадпрымальніка – фарматна-раскроечны станок, вялізны, якому “па зубах” – нажах нават васьмісантыметровыя стальніцы. З яго набыццём намнога спрасцілася работа, бо раней патрэбныя памеры ім разразалі на фірме, дзе заказвае матэрыял. І калі якая нестыкоўка – даводзілася рабіць дадатковы круг. На другім прыстасаванні спецыяльнай пластыкавай стужкай заклейваюцца тарцы, зразумела, у колер. У асобным пакоі люстра і шкло, матавае і глянцавае, з малюнкам і без – шмат узораў і лістоў, так што і на месцы можна падабраць матэрыял, як і паверхню мэблі па ўзорах. Кінуліся ў вочы і скруткі паралону. “Дык мы ж і мяккую мэблю робім. З яе ўсё і пачалося”, – Валянцін Аляксеевіч паказвае варыянт тканіны на дзіцячы куток і расказвае прадгісторыю.

Было гэта ў другой палове дзевяностых, калі з Ушачы на Расію раз’язджалася з сотню, а мабыць і больш легкавушак з прычэпамі, якія цягнулі мяккія куткі. “Колькі ў вас мэблевых фабрык”, – пыталіся тады на рынках, а камерсанты ўпэўнена хлусілі, што многа. Насамрэч мэбля была выключна польская, а пазней пачалі рабіць два прадпрымальнікі, адзін з якіх – Валянцін Шчарбакоў. “Калі як і ўсе ездзіў у Польшчу, паглядзеў, як куткі рабілі: на хуткую руку, з дрэннай драўніны, сем’ямі, нават дзеці, якасць – давесці б да спажыўца. Таму і распачаў з І.Сляцкім новую справу, задаткі, відаць, былі, у мяне бацька выдатны цясляр. Напілілі нарыхтовак з сухой драўніны, каркас садзілі на шыпы і на клей – не сорамна было прадаваць у тым ліку і ўшачанам. А па меры развіцця спатрэбіліся плошчы”.
Былая сталовая прадпрыемства меліярацыйных сістэм, дзе да гэтага працаваў механікам і інжынерам, ідэальна падышла. Хапае месца і для станкоў, і для складзіравання матэрыялу. Хаця колькі ўкладзена ў памяшканне, перш чым яно атрымала другое нараджэнне. Калі набыў яго за адну базавую велічыню, на даху ўжо раслі дрэвы, а праз столь лілася вада. “А ці нельга ад яго адмовіцца”, – параіла расчараваная жонка, якую прадпрымальнік прывёў пахваліцца здабыткам… Устаўляў вокны і дзверы, перакрываў дах.
Вырабляе многа год у асноўным корпусную мэблю, аднак кожны заказ па-ранейшаму – эксклюзіўны, таму даводзіцца паламаць галаву, зыходзячы з патрабаванняў заказчыкаў, якія далёка не заўсёды дакладна ведаюць, чаго жадаюць. Маючы вялікі вопыт ды і вобразнае мысленне, Валянцін Аляксеевіч абавязкова параіць больш удалае спалучэнне матэрыялу, эфектыўны варыят рабочай паверхні, памер шафаў, падкажа, на чым можна зэканоміць. Напрыклад, пры вуглавой кухні рэкамендуе выбіраць прамавугольны, а не трохвугольны варыянт. А вось на даводчых механізмах раіць не эканоміць.
Хоць рабочы матэрыял – пераважна панэлі, спявак Валерый Скаражонак, напрыклад, заказаў ложак з дуба. Зрабілі. Спадабаўся заказ аднаму прафесару-дачніку, і наступную мэблю ўстанаўлівалі ў яго кватэры ў Санкт-Пецярбурзе. Так што якасць ушацкіх вытворцаў праверана самымі запатрабаванымі зоркавымі кліентамі – працуе ж прадпрымальнік заўсёды з памочнікамі, апошнія сем год – з Кірылам Скрабатуном.
Ну а паколькі “чырвонадрэўшчык” ніколі не ставіць мэтай звышпрыбытак, кошт яго работ застаецца больш чым прымальным. Гэта абсалютна натуральна, калі ведаць, што чалавек ён глыбокаверуючы. І менавіта таму ва ўсе часы займаецца дабрачыннасцю. Кніжная лаўка і шафы ў праваслаўным храме і касцёле ва Ушачах, дзіцячым прытулку. Зараз дапамагае царкве ў Арэхаўне і збіраецца ехаць у Улу, дзе настаяцелям храма стаў наш зямляк Радзіён Радзевіч. І ніколі гэтага не афішыруе. Хоць як самыя дарагія ўзнагароды захоўвае граматы Уладыкі і свяшчэннікаў.
“Бывае, зацягваю з заказамі, за што прашу прабачэння ва ўшачан, – гаворыць Валянцін Аляксеевіч. – Не магу нікому адмовіць, а з просьбай выручыць звяртаюцца часта. Аднойчы, прыхапіўшы і палову ночы, восем сутак рабілі 30 тумб з падсветкай для Акадэміі навук. Гэты заказ ім не выканалі ў апошні момант перад выставай, на якой прысутнічаў Прэзідэнт. Давялося выручаць сваяка, які працуе там у інстытуце фізікі. Тумба ж кожная пад канкрэтны прыбор, унутр уставілі трансфарматары. Павазіліся. Таксама для іх рабілі прэзентабельныя фанерныя скрыні, у якіх разумная тэхніка накіравалася ў Кітай”.
Але гэта адзінкавыя заказы – пераважная большасць мэблі радуе ўшацкіх спажыўцоў. Ды і ў сваім доме практычна ўся зроблена ўласнымі рукамі. Вось толькі жонку прадпрымальнік перыядычна расчароўвае – калі паказвае чарговы модны варыянт, што ўстанавіў заказчыку.
Вольга КАРАЛЕНКА.