Итоговое собрание Ушачского райпо

Общество

Днямі адбыўся справаздачны сход упаўнаважаных раённага спажывецкага таварыства, на якім разгледжаны вынікі работы за 2005-2010 гады і вызначаны задачы па далейшым развіцці і ўдасканаленні дзейнасці спажывецкай кааперацыі раёна. Аб зробленым трымаў справаздачу старшыня райспажыўтаварыства У.М.КРУГЛІК.  

Падсумоўваючы зробленае за пяцігодку, старшыня праўлення падкрэсліў, што за гэты час адбыліся станоўчыя зрухі. Перавыкананы прагнозныя параметры ва ўсіх галінах дзейнасці, акрамя прамысловасці. За 2010 год па агульнай дзейнасці атрымана 357 мільёнаў прыбытку, забяспечана рэнтабельная работа ўсіх прадпрыемстваў. Заданне па аплаце працы работнікаў спажыўкааперацыі забяспечана. Сярэднямесячная заработная плата за год склала 805,4 тысячы рублёў пры заданні 764.

Гандаль

На сённяшні дзень рознічная гандлёвая сетка прадстаўлена 53 магазінамі. Акрамя гэтага ажыццяўляюць абслугоўванне малых населеных пунктаў, у якіх няма стацыянарнай сеткі, 8 аўтамагазінаў. Па ўдзельнай вазе спажывецкай кааперацыі ў тавараабароце раёна і ступені засваення грашовых прыбыткаў насельніцтва, як адзначыў У.М.Круглік, займаем першае месца па сістэме Віцебскага аблспажыўсаюза.
За 2010 год у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны інвесціравана 324 мільёны рублёў. Адрамантавана 15 гандлёвых аб’ектаў. Набыты і ўстаноўлены ў гандлёвай сетцы 24 адзінкі халадзільнага абсталявання. Узведзена прыбудова да магазіна ў аграгарадку Глыбачаны, дзе дадаткова закуплена новае гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне, адкрыты кафетэрый на 13 пасадачных месцаў. У гэтым жа аграгарадку адкрыты магазін “Прамтавары”. Набыта сучаснае абсталяванне для ўнівермага. Закуплена і ўстаноўлена на прадпрыемствах 15 кандыцыянераў. Заменена 18 адзінак электроннага вагавымяральнага абсталявання і 25 – касавых апаратаў. Павелічэнне гандлёвай плошчы магазіна “На Віцебскай” і перавод прадпрыемства на поўнае самаабслугоўванне дазволіла атрымаць дадатковы рознічны тавараабарот на суму 1151 мільён рублёў.
З мэтай паляпшэння абслугоўвання насельніцтва асвойваліся новыя формы і метады гандлю. Праводзіліся разнастайныя акцыі, кірмашы, выставы прадукцыі, уносіліся змяненні ў парадак продажу тавараў у крэдыт. Усё гэта дазволіла райспажыўтаварыству атрымаць дадатковы прыбытак. Сярэднямесячны тавараабарот на аднаго жыхара раёна за 2010 год склаў 206 тысяч рублёў пры абласным паказчыку 165. Па рэалізацыі тавараў у разліку на аднаго чалавека райспажыўтаварыства займае трэцяе месца сярод усіх рэгіёнаў вобласці. Аднак па некаторых групах тавараў, у першую чаргу нехарчовых, рэалізацыя значна адстае ад абласнога паказчыка.
У 2011 годзе райспажыўтаварыства плануе ажыццявіць умацаванне пазіцый у райцэнтры за кошт развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, палепшыць абслугоўванне сельскіх населеных пунктаў. Будзе пабудаваны магазін “Універсам” у мікрараёне па вуліцы Віцебскай з гандлёвай плошчай 300 квадратных метраў, праведзена рэканструкцыя трох магазінаў (у гарпасёлку па вуліцы Бабаедава, у вёсках Сарочына і Царкавішча), набыта неабходнае гандлёвае абсталяванне. Прадметам асаблівай увагі павінна стаць паляпшэнне гандлёвага абслугоўвання малых населеных пунктаў, дзе, на жаль, яшчэ ёсць недапрацоўкі.

Грамадскае харчаванне

Галіной гаспадарчай дзейнасці спажывецкай кааперацыі з’яўляецца грамадскае харчаванне, якое мае 16 аб’ектаў харчавання, магазін кулінарыі, тры аддзелы па продажы прадукцыі грамадскага харчавання ў магазінах, тры спецыялізаваныя цэхі. У справаздачным годзе набыты і ўстаноўлены ў кандытарскім цэху цестамясільная і ўзбівальная машыны, праведзены рамонт вытворчых цэхаў і кафэ “Спадарожнік”, адкрыты аддзел па продажы прадукцыі грамадскага харчавання ў Кублічах, набыта абсталяванне для бара і адкрыты кафетэрый у Глыбачанах. За год выпрацавана і рэалізавана прадукцыі асабістай вытворчасці на суму 2186 мільёнаў рублёў.
Выклікае трывогу тое, што ўжо другі год зніжаюцца аб’ёмы кандытарскай вытворчасці. Як адзначыў Уладзімір Мікалаевіч, тэхналагічная служба аддзела грамадскага харчавання вядзе недастатковую работу па абнаўленні асартыменту кандытарскіх вырабаў, а таму гэтае пытанне будзе трымацца на асаблівым кантролі.
Галоўнымі задачамі галіны грамадскага харчавання ў бліжэйшы час павінны стаць правядзенне рэканструкцыі рэстарана “Купалінка”, кафэ “Еўропа” і кафетэрыя “Усмешка”, арганізацыя ў рэстаране забаўляльных праграм, правядзенне вечароў і дыскатэк, набыццё дадатковага абсталявання, пашырэнне паслуг і, канечне, павелічэнне аб’ёмаў уласнай вытворчасці.

Нарыхтоўчая дзейнасць

Галоўным накірункам развіцця галіны з’яўляецца павелічэнне аб’ёмаў закупак сельгаспрадукцыі і іншай сыравіны з асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Для найбольш поўнага ахопу насельніцтва нарыхтоўкамі прыцягваліся ўсе сельскія магазіны, прыёмныя пункты. За 2010 год спажыўкааперацыяй закуплена ў насельніцтва прадукцыі і сыравіны на 1419 мільёнаў рублёў. Гэта даволі нізкі паказчык для раёна. Нядрэнны вынік атрыманы работнікамі спажыўкааперацыі толькі пры нарыхтоўцы яблыкаў. Таму, па словах У.М.Кругліка, неабходна паляпшаць матэрыяльную базу нарыхтоўчых прадпрыемстваў, стымуляваць прадаўцоў. Стратэгічным кірункам дзейнасці ў бягучым годзе павінна стаць работа па нарыхтоўцы другаснай сыравіны, а таксама закупка ў насельніцтва дзікарастучай прадукцыі, у прыватнасці, чарніц, журавін, брусніц і грыбоў.
Справаздачны сход калектыву – гэта, па традыцыі, яшчэ і сустрэча з мясцовай уладай. Удзел у сходзе прыняла намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка, якая прааналізавала работу раённага спажывецкага таварыства, унесла прапановы па выпраўленні недапрацовак і далейшым развіцці кааперацыі.
Наперадзе – новыя рубяжы, новыя клопаты. І зараз на парадку дня – у поўнай гатоўнасці, на высокім узроўні арганізаваць дзейнасць арганізацыі. На гэта і накіраваны намаганні работнікаў.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *