«Выращивайте — купим!»

Личное подсобное хозяйство Общество

З кожным днём усё цяплейшым становіцца надвор’е, адтае зямля. Вось-вось трэба садзіць, сеяць. Хто думае пра тое, як вырасціць, а работнікі ПУП “Каапнарыхтпрам” ужо цяпер прымаюць меры, як закупіць.
–У нас зараз ідзе заключэнне дагавораў з насельніцтвам на вырошчванне агародніны, – гаворыць вядучы таваразнаўца М.А.Маковіч. – Мы гарантуем любому чалавеку, які бярэцца за гэта, што прыедзем на транспарце, пагрузім, узважым, прымем прадукцыю і аплацім. Калі ж, скажам, атрымаўся неўраджай або знайшоўся больш выгадны закупшчык, то гаспадар, які вырасціў агародніну, можа паступаць па сваім разуменні, ён нам нічым не абавязаны.
Марына Аркадзьеўна аналізуе, як было са здачай “Каапнарыхтпраму” вырашчанага прыватнікамі ўраджаю ў мінулым годзе. Напрыклад, вясковая жанчына прадала іх унітарнаму прадпрыемству 300 кілаграмаў цыбулі. Праўда, пакуль падобныя прыклады на Ушаччыне адзінкавыя. А вось людзі з Глыбоччыны займаюцца вырошчваннем на сваім агародзе больш, ужо цікавяцца магчымасцю збыту лішкаў. Пасля апублікавання на днях аб’явы аб дагаворах не толькі ў нашым, але і ў гэтым суседнім раёне, пісьмовыя дамовы ўжо складзены з шасцю гаспадарамі. Сярод іх жыхарка вёскі Гаркуны Н.А.Пашкевіч. У нашай тэлефоннай размове Ніна Аляксандраўна падзялілася сваімі думкамі:
– Мяне задавальняе ў дагаворы з ушацкім “Каапнарыхтпрамам” тое, што гарантуецца выдзяленне транспарту для закупу лішкаў агародніны і адразу аплата. А то летась вырасціла часнок, а як здаць, не ведала. Павезла сама на кансервавы завод, прынялі, а потым не магла ніяк грошы атрымаць.
– Мая практыка закупу агародніны ў насельніцтва, – расказала М.А.Маковіч, – паказвае, што ў нашым раёне, параўнальна з іншымі, насельніцтва слаба займаецца вырошчваннем агародніны для папаўнення матэрыяльнага дастатку сем’яў. А дарэмна. Гэта выгадна. Канечне, транспарт за некалькімі кілаграмамі, нават за паўтонай на вялікую адлегласць не пагоніш, але будзем вышукваць магчымасць заяўленае ўзяць. Можа, з заездам да некалькіх жадаючых здаць лішкі.
Марына Аркадзьеўна падказала, што ў магазін “Сельгаспрадукты” нашага райцэнтра завезена дзевяць суперэлітных сартоў насеннай бульбы з НІІ бульбаводства, што ў Смілавічах: ранні, сярэдняспелы і позні. Ёсць магчымасць насельніцтву набыць, вырасціць сабе і на здачу дзяржаве.
“Каапнарыхтпрам” нашага раёна, нарыхтаваўшы ўвосень агародніну, будзе рэалізоўваць яе дзіцячым садам, школам, райбальніцы, закрытым установам не толькі нашага раёна. Намераны весці аптовы і рознічны продаж.
Г.АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *