Звычайна напярэдадні вялікіх рэлігійных святаў, калі прынята наведваць могілкі, памінаць нябожчыкаў, многія грамадзяне накіроўваюцца да месцаў апошняга зямнога прытулку людзей, каб навесці там парадак. Кіпела работа па добраўпарадкаванні могілак у раёне і напярэдадні Вялікадня. Увесь перадсвяточны тыдзень, а то і больш, з раніцы да позняга вечара тут было мнагалюдна. Расчышчалі могілкі ад смецця і пустазелля, падсыпалі пясок, садзілі кветкі. У выніку ў дзень свята прыемна было прыйсці на прыбраныя могілкі да дарагіх табе людзей, ушанаваць іх памяць.
Аднак часам можна было бачыць і такую карціну: многія магілы, пакрытыя бур’яном, амаль зраўняліся з зямлёй… Зарослыя ўзгорачкі-магілы – не рэдкасць на могілках. Міжволі ўзнікаюць самотныя думкі пра недаўгавечнасць людской памяці, крэны сучаснай духоўнасці.
Агульныя тэрыторыі могілак перыядычна прыбіраюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, мясцовых сельсаветаў. А вось догляд магіл у адпаведнасці з Правіламі ўтрымання месцаў пахавання – абавязак грамадзян. Ды не столькі ў правілах, відаць, справа, колькі ва ўменні нас, людзей, быць удзячнымі, вернымі, любячымі. На могілках у вёсцы Ваўчо, для прыкладу, бачыла не адну патанаючую ў пустазеллі магілу землякоў, чые дзеці жывуць ва Ушачах. Яны – паспяховыя людзі, раз’язджаюць на “крутых” машынах. А да бацькоў даехаць няма часу ці жадання. А можа ў сэрцах вялікаўзроставых дзетак проста няма ўжо месца для памяці аб родных, чуласці і цяпла?
Іншая справа – магілы людзей, у якіх не засталося родных ці блізкіх на гэтай зямлі, чые дзеці, скажам, жывуць удалечыні ці нават у замежжы. Хто павінен даглядаць гэтыя месцы пахавання? Напэўна, для кожнага з нас не будзе вялікім цяжарам прыбраць чужую магілку, абарваць каля яе траву. Хоць, шчыра кажучы, ушачане па-рознаму рэагавалі на гэтую прапанову. Правялі невялікае апытанне гараджан: некаторыя субяседнікі не маюць жадання хоць калі-нікалі клапаціцца пра забытыя магілы і не адчуваюць сябе адказнымі за гэта… Аднак, на шчасце, большасць з разуменнем аднесліся да праблемы, адгукнуліся станоўча на прапанову.
Праблема, з якой часта сутыкаюцца ўшачане, – недастатковая наяўнасць кантэйнераў для смецця, несвоечасовая іх ачыстка. Асабліва гэта актуальна ў перадсвяточныя дні, калі прыходзіцца накладваць горы смецця побач. Аднак хвалюе гэтае пытанне не ўсіх. Часам некаторыя грамадзяне проста “перасоўваюць” смецце з адной магілы на суседнюю. Шаноўныя! На нас глядзяць нашы дзеці і бяруць з нас прыклад. Чаму мы іх навучым такімі паводзінамі?
Здаўна лічылася, што могілкі – гэта твар населенага пункта і тых людзей, якія жывуць у ім. Хацелася б, каб гэты твар быў заўсёды чыстым і прыбраным. Чаму б не арганізоўваць часцей “могілкавыя” суботнікі, увесці практыку догляду могілак з дапамогай дазорцаў (смотрителей), прыцягваць да навядзення тут парадку грамадзян, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці насельніцтва? Тэма добраўпарадкавання могілак уздымалася не раз, але, на жаль, праблемы існуюць. Забываем, відаць, пра тое, што ўсе мы смертныя…
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
согласен! пора что-то предпринимать. иногда творят на кладбищах чёрти что!!!
Это творят не черти, а, как ни странно, люди(шки).