Макулатура импортный товар?

Общество

Куды траціцца не без цяжкасці заробленая валюта? Газ, нафта, тавары, якія не вырабляюцца ў Беларусі… І на макулатуру!!!  
Так, гэта не памылка. Каб забяспечыць работай Чашніцкую папяровую фабрыку, якая ў прыватнасці выпускае кардон з макулатуры, нехапаючую сыравіну даводзілася закупляць і завозіць з Расіі. Такую інфармацыю прыводзіў старшыня Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці В.М.Максімаў падчас сустрэчы з калектывам каапнарыхтпрама. Як вы разумееце, прыклад актуальны, паколькі менавіта апошняя арганізацыя закупляе лом, іншую другасную сыравіну, каб надаць ёй другое жыццё, зэканоміць валютныя рэсурсы. А за чатыры месяцы пры плане 40 тон арганізацыямі раёна было здадзена 31, а пастаўлена перапрацоўшчыкам толькі 21 тона макулатуры.
Тэма не проста ўтылізацыі смецця, а яго раздзельнага збору і далейшай перапрацоўкі актуальная для ўсіх развітых краін. Мы часта выкідваем ці палім тое, што, па-першае, вельмі шкодна, як напрыклад, батарэйкі ці поліэтылен, а па-другое, яшчэ магло паслужыць. Пад Мінскам паспяхова працуе прадпрыемства, на якім з тых жа пластыкавых бутэлек спачатку робяць гранулы, а потым новы пластыкавы тавар. Гэта могуць быць самыя розныя гаспадарчыя дробязі, якія не прыдатны толькі для харчовых мэт. Такім чынам пластыкавая бутэлька, што была ў выкарыстанні, становіцца патэнцыяльным імпартным таварам, а макулатура – імпартам? Не па-гаспадарску і зусім не ў нагу з часам, нягледзячы на тое, што грошы прапануюць, можна сказаць, у чыстым выглядзе.
Ушацкі каапнарыхтпрам стварыў спрыяльныя ўмовы для пазбаўлення з непатрэбным нават для суперлянівых. Не адзін раз даваліся аб’явы, што ў вызначаны час машыны за рыззём, макулатурай прыедуць у канкрэтныя месцы кожнага мікрараёна. Ды і зараз праходзіць месячнік па зборы макулатуры, і яго ўмовы таксама вельмі зручныя для здатчыкаў. Варта толькі патэлефанаваць у каапнарыхтпрам па нумары 2-18-52, назваць свой адрас і зарабіць з разліку 120 рублёў за кілаграм. Вы зможаце пазбавіцца ад старых газет, кардону, часопісаў, не выходзячы з дому, калі збярэце макулатуры на 50 кілаграмаў і больш. Гэта ж могуць зрабіць і арганізацыі, якім разлік паступіць на рахунак. Прыём макулатуры ажыццяўляецца па ўсіх вясковых магазінах, а таксама ў нарыхтоўчых пунктах.
Дарэчы, у некаторых краінах, каб прывучыць людзей да асобнага збору смецця, здатчыкам “прыплачваюць” за тую ж пластыкавую бутэльку. Мабыць і мы ў хуткім часе пачнём збіраць бутэлькі для здачы, а не для стварэння малых архітэктурных форм палісадніку, аднак і зараз ёсць матыў адпраўляць іх у спецыяльны кантэйнер: у вогнішчы яны, як дарэчы і плёнка, ператвараюцца ў вельмі шкодны сплаў, які на працягу доўгіх гадоў засмеціць зямлю, на якой вы меркавалі атрымаць экалагічна чыстую бульбу…
Вялікую шкоду зямлі наносіць і маленькая батарэйка. Толькі чамусьці не бачна пакуль скрынь для іх асобнага збору, хоць у гарадах, невялікія, яны ўстаноўлены ў месцы продажу новых батарэек. Людзі часта прыходзяць са старымі, каб параўнаць, якая падыдзе, і зразумела, выкідваюць выкарыстаную. Хацелася б, каб і ўшачане таксама пазбаўляліся ад шкодных “пальчыкаў” цывілізавана, а не выкідалі іх у агульны кантэйнер ці не закапвалі ў зямлю.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *