Идём в лес — помним про клещей!

Здравоохранение

Вясной кляшчы прачынаюцца пасля зімовай спячкі і становяцца актыўнымі. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі шэрагу бактэрыяльных і вірусных інфекцый. У гэтым годзе на тэрыторыі Ушацкага раёна ўжо зарэгістраваны два выпадкі, калі ад ўкусаў кляшчоў пацярпелі людзі. Пра небяспеку, якую нясуць гэтыя насякомыя, пра неабходныя меры бяспекі ад іх укусаў расказвае памочнік урача-эпідэміёлага Ушацкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Пятроўна ГРОМАВА:

– Тэрыторыю Беларусі насяляе 12 відаў кляшчоў. Гэтыя крывасмокі пачынаюць праяўляць сваю актыўнасць, калі тэмпература паветра становіцца вышэй за пяць градусаў (сакавік-красавік). З павышэннем тэмпературы іх актыўнасць павялічваецца, дасягаючы максімуму ў маі-чэрвені. У разгар гарачага і засушлівага лета іх вельмі мала. У канцы жніўня і ў пачатку верасня кляшчы з’яўляюцца зноў і знікаюць у кастрычніку-лістападзе.
– Дзе звычайна жывуць кляшчы, чакаючы сваю чарговую “ахвяру”?
– Кляшчы любяць вільгаць, аддаюць перавагу зацененым лісцяным і змешаным лясам, высокай траве, ламаччу. Лічынкі звычайна сядзяць на траве не вышэй 30 сантыметраў, а дарослыя – на пустазеллі або кустах на ўзроўні каля 1,5 метра. Трымаючыся на ніжнім баку лістоты, гэтыя насякомыя прымаюць позу актыўнага чакання, выцягваюць лапкі і водзяць імі з боку ў бок. Кляшчы здольны адчуваць пах жывёлы або чалавека на адлегласці дзесяці метраў.
– Якую пагрозу нясе ўкус кляшча?
– Штогод на тэрыторыі рэспублікі рэгіструюцца два захворванні, якія перадаюцца праз іх укусы. Гэта Лайм-барэліёз (хвароба Лайма) і клешчавы інцэфаліт. Устаноўлена, што вірусам клешчавога інцэфаліту заражана ад сямі да адзінаццаці працэнтаў кляшчоў, а барэліямі, якія выклікаюць хваробу Лайма, – да 33 працэнтаў гэтых паразітаў.
– Заражэнне чалавека гэтымі інфекцыямі можа адбыцца толькі праз укус кляшча ў лесе?
– Не абавязкова. На цела чалавека клешч можа трапіць пасля яго ўнясення ў жыллё разам з галлём, травой, букетамі лясных кветак, на адзенні і хатнімі жывёламі. Кляшчы могуць спакойна перапаўзці на чалавека. Заразіцца клешчавым інцэфалітам можна таксама пры трапленні віруса на слізістыя часткі вуснаў, вока, носу, роту, праз забруджаныя рукі пасля расціскання кляшча, а таксама пры ўжыванні ў ежу сырога казінага малака, асабліва ў вяснова-летні перыяд.
– Якія правілы неабходна выконваць, каб засцерагчы сябе ад укусаў кляшчоў і магчымага заражэння інфекцыямі?
– Перад паходам у лес апраніце адзенне, якое максімальна закрывае адкрытыя ўчасткі цела. Карыстайцеся спецыяльнымі сродкамі, якія наносяцца на адзенне або скуру. Для выяўлення і здымання кляшчоў праводзьце сама- і ўзаемаагляды праз кожныя дзве гадзіны знаходжання ў лесе і пасля выхаду з яго. Для памяншэння колькасці кляшчоў на ўчастку неабходна ўбіраць ламачча, высякаць непатрэбныя хмызнякі, скошваць траву. Не дапускайце выпасу коз у лясной зоне, своечасова здымайце з іх кляшчоў. Малако ўжывайце ў ежу толькі кіпячонае (вірус клешчавога інцэфаліту гіне за дзве хвіліны кіпячэння). Своечасова звяртайцеся за меддапамогай пры першых прыкметах захворвання.
– Што трэба рабіць, калі клешч усё ж такі ўкусіў?
– Пры выяўленні на вашым целе кляшча трэба неадкладна звярнуцца ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову, дзе правядуць яго выдаленне, апрацоўку раны, назначаць прафілактычнае лячэнне. Клешч будзе накіраваны для даследавання на заражанасць (для дзяцей, цяжарных жанчын і грамадзян, у якіх могуць узнікаць алергічныя рэакцыі, — у абавязковым парадку; для іншых — па жаданні пацыента).
У любым выпадку прафілактыка лепш за лячэнне, а таму будзьце асцярожныя, выконвайце нескладаныя правілы бяспекі – гэтым вы абароніце сябе ад нападу крывасмактальных паразітаў, а значыць пазбегніце хвароб, якія яны пераносяць.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *