Массово, креативно и с отличным настроением прошел День снега в Ушачах

Общество

Плён спартыўнай падрыхтоўкі і вясковай загартоўкі

Калі за некалькі хвілін да ўрачыстага адкрыцця “Дня снегу” выбірала ракурс для фота, убачыла побач яшчэ аднаго журналіста. “Прыехаў ва Ушачы за іншымі сюжэтамі, але выпадкова даведаўся пра гэта свята і вырашыў зрабіць некалькі здымкаў”, – патлумачыў карэспандэнт “Звязды” Анатоль Кляшчук. Але відовішча аказалася настолькі захапляльным і яркім, што адзін з лепшых беларускіх фатографаў, аўтар некалькіх кніг і фотавыстаў у многіх краінах свету затрымаўся ля нашага комплексу не на некалькі хвілін, як планаваў, а на палову дня. І сапраўды, у суботу тут сышліся ў адзінае ўсе атрыбуты ідэальнага свята: масаваць, крэатыўныя конкурсы, выдатны настрой і цудоўнае надвор’е!

Каманда ЦРБ.
С.Собаль – самы хуткі дрывасек.
На этапе эстафеты – кааператары.

Вітаючы перад стартам удзельнікаў з 11 каманд, намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова пажадала ўшачанам змястоўна адпачыць, умацаваць здароўе і карпаратыўны дух. А на фінішы свята ўсе дружна зазначалі, што гэтыя мэты паспяхова выкананы!

Распачала праграму лыжная эстафета, дзе мужчыны беглі кіламетр, а жанчыны – 500 метраў. Хоць узровень падрыхтоўкі спартсменаў быў розны, барацьбы і эмоцый на трасе хапала. Фаварытамі лічыліся аб’яднаная каманда райаддзела МНС і ТЦСАН і зборная Ушацкай школы. І недарэмна! За 2.57 праляцеў 1000 метраў неаднаразовы прызёр абласных і рэспубліканскіх лыжных і біятлонных спаборніцтваў Міхаіл Ярмош. “Толькі размяўся – а ўжо фініш!” – жартавалі гледачы. Падтрымала пераможны тэмп і яго напарніца Крысціна Шастакова – у выніку дуэт выратавальнікаў на хвіліну апярэдзіў настаўнікаў Андрэя Жаваранка і Святлану Краснову. Трэці ход паказала каманда ЦРБ, за якую выступалі Юлія Мамон і Рыгор Жаваранак. Выйшлі на лыжню і аматары спорту, якія не значыліся ў складзе зборных: як заўсёды выдатную форму прадэманстравалі самыя ўзроставыя лыжнікі – Аляксандр Пасканенкаў, які спецыяльна прыехаў з Садкоў, і Мікалай Фядосенка.

Каманда газавікоў.

У гэты раз з-за немагчымасці пасля працяглай адлігі падрыхтаваць каток з праграмы выбылі хакей і лядовыя забегі, затое быў дададзены “трэндавы” конкурс па колцы дроў. Яго падрыхтоўку і правядзенне ўзяў на сябе Ушацкі лясгас – і выдатна справіўся з задачай! Па ўмовах спаборніцтва, кожны ўдзельнік павінен быў як мага хутчэй раскалоць на шэсць частак чатыры калодкі. Віртуозы сякеры паказалі сябе ва ўсёй красе, а гледачы актыўна іх падганялі і давалі парады, бо майстрам гэтай справы на Ушаччыне лічыць сябе ледзь не кожны мужчына. Хоць знешне і не выглядае Геркулесам, аднак вельмі спрытна рассякаў палены прадстаўнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Аляксей Базылеў – і заваяваў “бронзу”. Авацыі сарваў выхад на памост Віктара Акулёнка, які выступаў за аддзел па адукацыі і даказаў, што ўзрост – сімвал майстэрства, расправіўшыся з калодкамі за 45 секунд. Ну а самым лепшым дрывасекам аказаўся выратавальнік Сяргей Собаль, які ўклаўся ў 40. “Я ж родам з Замошша! У нас на Далеччыне ўсе спрытныя і моцныя”, – з усмешкай патлумачыў ён нам вытокі сваёй перамогі. Увогуле ж конкурс атрымаўся захапляльным і, напэўна, стане традыцыйным. Дастойнымі былі і прызы, якія таксама падрыхтавалі лясгасаўцы. Уручаючы іх, дырэктар прадпрыемства Аляксей Апёнак пажартаваў: “У панядзелак чакаем усіх удзельнікаў у нашым аддзеле кадраў: будзем прымаць на работу!”.

Яшчэ адна традыцыя – вясёлая зімовая эстафета, у правядзенні якой задзейнічаны райкам БРСМ. Але конкурсы ў ёй штогод свежыя – сёлета, напрыклад, былі гонкі на “ватрушках”, хакейны слалам. Лепш за іншых справіліся з імі газавікі, медыкі і… зноў жа выратавальнікі з сацработнікамі (3, 2 і 1 месцы адпаведна).

Лясгасавец С.Пацэйка.

Ну а якое масавае свята без перацягвання каната! Вось ужо дзе барацьба была сапраўды гарачай. Напэўна, залішне казаць, хто стаў першым? Правільна, выратавальнікі. Але сапернікі вельмі стараліся навязаць ім барацьбу. Габарыты лясгасаўцаў, малады запал газавікоў падказвалі пра іх патэнцыял – але “бронзу” і “срэбра” заваявалі адпаведна кааператары і камунгасаўцы, якія на кожны паядынак выходзілі, як на апошні, а перамогам радаваліся так, быццам выйгралі машыну ў латарэю. “Хто быў моцным звяном у пяцёрцы ЖКГ?” – паспрабавалі высветліць у Паўла Пашкова. “Абсалютна ўсе!” – безапеляцыйна адказаў той.

Пагодлівы зімні дзянёк прывабіў на свята шмат гледачоў – асабліва весела было дзятве, якая ладзіла свае конкурсы кшталту гонак на “ватрушках”. Рома і Маша Сіротка разам з мамай прыехалі з Кавалеўшчыны, каб падтрымаць свайго бацьку Аляксея, які выступаў за Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства. “Тата калоў дровы і заняў пятае месца!” – з гонарам паведаміў нам хлопчык. А вось Ігар Піліпавіч Ляўшоў не толькі дапамагаў калегам з райбальніцы ляпіць снежную скульптуру, а і ў свае 60 цягнуў канат. Дарэчы, у гэтым відзе праграмы яму давялося паспрачацца з сынам, які выступаў за райвыканкам. “А ўвогуле наша каманда ўяўляла сабой, як кажуць, сплаў маладосці і вопыту, – зазначыла “капітан” зборнай ЦРБ Марына Харэвіч. – Ёсць у нас у складзе і дэбютанткі: маладыя спецыялісты Юля Мамонава і Ліза Лёля. Літаральна кожны з нас максімальна выкладаўся ва ўсіх конкурсах!”

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў.

Напэўна, усё гэта і паспрыяла таму, што медыкі даволі нечакана для многіх узышлі на “бронзавую” прыступку выніковага п’едэстала зімовага свята. “Срэбра” – у згуртаванай каманды УП ЖКГ. Ну а “золата” паклалі ў сваю скарбонку выратавальнікі і сацработнікі. Не абышлося і без дадатковых узнагарод. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама зацвердзіў прыз самай маладой камандзе – яго атрымала зборная Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. А раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” заахвоціла кааператараў падарункам за волю да перамогі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Правяць зайцы “снежны баль”

Конкурс “Снежныя фантазіі” з праграмы штогадовага зімовага свята хочацца вылучыць асабліва: намаганняў ён патрабуе грунтоўных, затое і след пакідае відавочны – галерэя рукатворных кампазіцый яшчэ доўга радуе людзей, што гуляюць ля комплексу.

Некалькі гадзін чаравалі ў суботу самадзейныя ўшацкія дойліды, з дапамогай вады і фарбаў ператвараючы снежныя гурбы ў забаўных жывёл і казачных персанажаў. Зрэшты, знайшлося тут месца і сур’ёзнай тэме – творчая група аддзела па адукацыі прысвяціла сваю кампазіцыю 85-годдзю Віцебскай вобласці. Прадказальна ж першынствавалі на пляцоўках сімвалы года. Былі яны розныя: заяц сацработнікаў і выратавальнікаў, стварэннем якога кіраваў Максім Дукмасаў, выпраменьваў аптымізм, райвыканкамаўскі вушасцік збіраўся гуляць у хакей, для чаго нават узброіўся імпартнай клюшкай. Ну а бяляк ад скульптараў з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, відаць, стаміўся ад святочнай мітусні і пагрузіўся ў глыбокую рэлаксацыю.

Дасканала выглядаў мядзведзь ад Ушацкай школы, з веданнем справы зляпілі елку лясгасаўцы. А вось камунальнікі на чале з “брыгадзірам” мастакоў Аксанай Касяк вырабілі абаяльнага сабачку: напэўна, мусілі такім чынам нагадаць ушачанам пра неабходнасць рэгістраваць дамашніх гадаванцаў. Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый вырабіў знаёмага ўсім калабка, а Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства – сіні трактар. “Прапагандуеце прадукцыю МТЗ?” – удакладнілі мы. “Ну, напэўна і так! Але задумка была крыху іншай: тут жа будуць дзеткі гуляць, а зараз у іх вельмі папулярны аднайменны мульцік!” – патлумачыла нам галоўны мастак каманды Ганна Саўчанка. Каб існаваў прыз за самую яркую і “смачную” фігуру, то яго бясспрэчна атрымала б матрошка ад ЦРБ з баранкавымі бусамі. Чыста мужчынскую творчую брыгаду газавікоў узначаліў Канстанцін Лёля, у якога калегі нечакана выявілі мастацкі талент. І хоць кіраўнік прадпрыемства Андрэй Залеўскі сцвярджаў, што вырабляюць яны дракона, у выніку на свет з’явілася сімпатычнае кураня па мянушцы Прапанчык.

Усе скульптуры аказаліся дастойнымі, і ацаніць іх журы, якое узначальвала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, было вельмі складана. У выніку “бронза” дасталася фігуры газавікоў, “срэбра” – камунальнікам, а лепшай прызнана работа зборнай МНС і ТЦСАН… Але самы галоўны плён конкурсу – гэта, канечне, задавальненне ад творчага працэсу і яго вынікаў. Безліч кампліментаў адрасавалі майстрам гледачы падчас свята. А калі суботнім вечарам мы зноў наведаліся на пляцоўку, ля фігур па-ранейшаму было мнагалюдна: гучаў дзіцячы смех, гулялі кампаніі моладзі і пажылых людзей. “Паглядзіце, якія вочкі ў зайца – ён нібы жывы! А мне мішка спадабаўся! Давайце з ім сфатаграфуемся!..” – складалі рэйтынг уласных сімпатый ушачане.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *