В Ушачской школе традиционно прошел вечер встречи выпускников

Общество

Суботні адвячорак. Да Ушацкай школы з розных бакоў сцякаюцца ручайкі выпускнікоў. “Гэта, напэўна, толькі ў нас такая традыцыя. У Мінску сыны ні аднаго разу не сустракаліся з аднакласнікамі”, – гавораць школьныя сяброўкі Святлана Цвяцінская и Валянціна Коршун. Пагаджаюся і прыгадваю, што менавіта з вечароў сустрэчы даведалася пра сусветна вядомага анколага Анатоля Барышнікава, распрацоўшчыка беларускіх тралейбусаў Міхаіла Сароку, капітана І рангу Ягора Міхейку, які, дарэчы, штогод прылятаў на вечары ажно з Уладзівастока. Ад іх, выпускнікоў пяцідзясятых гадоў, перадаецца гэта эстафета. Сёлета ж было свята тых, каго назаўсёды параднілі лічбы 3 і 8 у канцы памятных дат.

Настаўнікі Н.Корань, Л.Худалеева, Н.Герцык і выпуск 2003 года.

У 1973 годзе скончылі школу дванаццаць “пяцідзясятнікаў”, якія пачэсна займалі першыя рады. Іх лідар Клаўдзія Шарыпа не змагла прысутнічаць, і ўсю арганізацыйную работу сёлета ўзяла на сябе Тамара Захарэнка. Адшукала Клаву Савельеву, былога фінансіста аблвыканкама, якая вучылася ва Ушачах толькі да сёмага класа. Упершыню прыехала з Ленінградскай вобласці Валянціна Андрэева. Бліц-апытанне з імі праводзіла адзін з арганізатараў вечарыны Святлана Дзмітрыеўна Галай. Кур’ёзную гісторыю расказаў Уладзімір Далжонак, які з месяц паралельна займаўся на дзвюх мовах. Пасля падзелу класа ён аказаўся на рускамоўным выкладанні, але больш звыкла было слухаць пра трохкутнікі на роднай, таму па прывычцы забягаў і ў былы клас.

Сваіх першых настаўнікаў прыгадала такая ж па колькасці дэлегацыя майго 1983 года выпуску. З нашых выкладчыкаў прысутнічалі толькі Людміла Мікалаеўна Цяцерка і Сяргей Трафімавіч Белавусаў, які і трымаў слова ад ветэранаў, а таксама праводзіў з залай урок, задаючы пытанні з розных галін. Затое намнога больш прысутнічала выкладчыкаў маладзейшых пакаленняў.

Выпускнікі 1998 года.

Словы падзякі выказвала са сцэны Віктару Мікалаевічу Герцыку эканаміст Таццяна Іванюта, якая скончыла школу ў 1998 годзе. Прыгадала, як яна “сапсавала дзённік” новым прадметам, і настаўнік фізікі, пазнаёміўшыся з журналам і выдатнымі адзнакамі па іншых дысцыплінах, прымусіў запісацца на факультатыў, паўтарыць матэрыял за ўсю першую чвэрць і за год, нягледзячы на першую “тройку”, вывеў “выдатна”. А вось дырэктар Ушацкага лясгаса Аляксей Апёнак з гэтай жа паралелі зрабіў заўвагу: “Школу скончылі 25 год таму, а ўсё чакаю, калі ж мне спатрэбіцца сінус і косінус”. Гэта, канечне, жарт, а вось шчырыя словы падзякі, кветкі настаўнікам і грашовы сертыфікат школе былі сапраўднымі, прычым пералічалі сродкі нават тыя выпускнікі 11 “Б” “Г” і “Е” класаў, што не змаглі прыехаць. Былі падарункі і ад іншых паралеляў.

“Наша выдатніца не проста давала спісваць, але і абавязкова тлумачыла матэрыял”, – сваімі ведамі выкладчык школы мастацтваў Галіна Хвошч, якая збірала ўсю паралель 1993 года выпуску, напалову абавязана Наталлі Мядзвецкай, цяпер урачу-рэаніматолагу адной з мінскіх бальніц. І хоць жадаюць адзін аднаму аднакласнікі: “Каб ваша хата не знала ні ўрача, ні адваката”, заўсёды з радасцю вітаюць таксама Юрыя Цімафеева, сталічнага юрыста па справах банкруцтва. Упершыню да сяброў на вечарыну прыехаў выкладчык слуцкай школы мастацтваў Валянцін Волах, традыцыйна была намеснік дырэктара наваполацкай гімназіі Вольга Цяцерка і адна з першых нашых зоркавых дзюдаістак Наталля Гайковіч.

Выпускнікі 1973-га…

Ну а плакалі на сцэне, як ні дзіўна, “дваццатнікі” – самая вялікая паралель з прысутных – калі дрыжэў голас у іх дырэктара С.К.Турло. Яна зазначыла, што гэты выпуск асабліва дарагі, паколькі ў ім вучыўся яе сын Стас. А яшчэ яны сталі першымі, у каго выкладанне па чацвёрты клас вялося на беларускай мове. Прыгадала Святлана Канстанцінаўна і кур’ёзную гісторыю. Наш вэйкбардзіст Аляксандр Пугач вырашыў праверыць яе на трываласць, пафарбаваўшы валасы ў зялёны колер. Малады дырэктар іспыт вытрымала, проста не звярнуўшы на гэта ўвагі. Хоць і былі разбіты на “каманды”: філалагічны клас Наталлі Леанідаўны Корань, фізіка-матэматычны – Таццяны Робертаўны Пугачовай, замежнай мовы – Ларысы Аркадзьеўны Струй, выйшлі на сцэну ўсе разам. Вельмі дружныя, як высветлілася, яны і ў жыцці. Падтрымліваюць стасункі ў чатах з Таццянай Крацёнак з Германіі, акцёрам Віталем Круглікам з Масквы, а на вечарыну прыйшоў электронны ліст ад Анастасіі Навакрашчонай з Прагі. Эканаміст “Мапіда” Аляксандр Дубоўскі, “Марка” – Таццяна Бутоўская, загадчык аптэкі Таццяна Васілеўская, юрыст Насця Банеўская, інжынер-канструктар і штурман каманды МАЗа Максім Новікаў. Прыгадала прафесіі нашых выпускнікоў невыпадкова. Выступоўцы падкрэслівалі, як пашчасціла ім са школай, бо кожны, незалежна ад схільнасцяў, паступіў і атрымаў сваю прафесію. Залаты медаліст Ігар Коршун – нават дзве. Дарэчы, яго аднакласнікі збіраюцца на вечар сустрэчы кожны год. Не важна – колькі іх, але абавязкова ідуць у школу, а потым да сваёй класснай Л.А.Струй. Хто “сачкаваў” – лёгка бачна па журнале, у якім ставяць роспісы з першага году выпуску.

Які след пакінуў у душы класны кіраўнік, можна даведацца па выпускніках 2008 года. У Мінску зараз жыве выкладчык матэматыкі Алена Уладзіміраўна Волах, не атрымалася прыехаць, але сваіх вучняў, якіх збірала культработнік Святлана Качан, убачыла – ёй накіравалі відэавіншаванне.

…і 1993-га.

На жаль, не ўсе паралелі прысутнічалі сёлета ў школе, таму, на здзіўленне, заставаліся нават пустыя месцы. Мабыць, папярэднія каранавірусныя гады адвучылі збірацца. Дык вось ведайце, нас заўсёды чакаюць! І менавіта дзякуючы тым, хто не пабаяўся вірусаў, надвор’я і адлегласці, і атрымалася свята. Дакладна ведаю – не пашкадаваў ніхто. Не – толькі тыя, хто не прысутнічаў. Бо звязаўшыся ў панядзелак з прадстаўнікамі ўсіх юбілейных паралеляў, пераканалася, што і на наступныя дні ўсе жылі ўспамінамі, абменьваліся здымкамі і эмоцыямі. Уладзімір Далжонак адшукаў “невядомае” фота з “Зарніцы”, мае аднакласнікі ўстроілі віктарыну “пазнай сябра”. Так што да сустрэчы праз пяць год, родныя па лічбах 3 і 8 выпускнікі Ушацкай школы!

Л.Струй са сваім 11“Г”.

Асаблівую ўдзячнасць выказваем С.Д.Галай і М.В.Далжонак, а таксама ўсім іншым арганізатарам вечара сустрэчы за тое, што некалькі тыдняў былі на сувязі, улічвалі пажаданні, падрыхтавалі выставу, а з архіўных фотаздымкаў – такі прывабны наш калектыўны партрэт.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *