Службе занятости населения — 20 лет

Общество

Праца – адзін з найбольш важных аспектаў нашага існавання. Акрамя безумоўнай грамадскай значнасці яна моцна ўплывае на якасць жыцця кожнай асобы, а часам і ўвогуле надае яму сэнс. Чалавек, якому не пашчасціла мець работу па душы, справу, у якой ён можа самавыявіцца, не можа лічыць свой лёс удалым. Ну, а што рабіць тым, каму не пашанцавала? Вядома ж, шукаць дапамогу ў службе занятасці насельніцтва, якая, дарэчы, днямі адзначае 20-годдзе.

Першыя бюро па працаўладкаванні былі створаны ў нашай вобласці ў 1975 годзе. 30 мая 1991 года быў падпісаны Закон “Аб занятасці насельніцтва Беларускай ССР”, і гэтая дата стала кропкай адліку гісторыі дзяржаўнай службы занятасці ў цяперашнім яе выглядзе.
Першым дырэктарам раённага Цэнтра занятасці была Зінаіда Пятроўна Прашкевіч. Пад яе кіраўніцтвам працавалі спецыялісты А.Ф.Гарадзецкая, Л.А.Варанько і Т.М.Ганчаронак. Потым пасаду дырэктара займалі У.Г.Аўдошка і С.П.Васілеўская. У 2007 годзе службу занятасці далучылі ў якасці аддзела да ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Начальнікам аддзела сацыяльна-працоўных адносін і занятасці з’яўляецца Ларыса Сяргееўна Прашкевіч, разам з ёй працуюць спецыялісты Ірына Леанідаўна Дунік і Соф’я Мікалаеўна Фамёнак.
Асноўныя накірункі работы службы – садзейнічанне ў працаўладкаванні грамадзян, забеспячэнне стабільнай сітуацыі на рынку працы. Так, напрыклад, беспрацоўныя, каб павялічыць прыбытак сваіх сем’яў, з красавіка па кастрычнік могуць прыняць удзел у работах па азеляненні пасёлка (у мінулым годзе, напрыклад, з гэтай мэтай было закуплена на 10 мільёнаў рублёў шматгадовых раслін), карыстаюцца “попытам” пераборка і ўборка бульбы, прапануюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Дарэчы, на такіх аб’ектах могуць паправіць сваё матэрыяльнае становішча не толькі беспрацоўныя, але і пенсіянеры, і тыя, хто мае вольны час.
Але не толькі работу можа прапанаваць служба занятасці. Беспрацоўны, што стаіць на ўліку, можа атрымаць субсідыю для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. За чатыры месяцы гэтага года такой дапамогай скарысталіся 7 беспрацоўных.
Важны аспект дзейнасці службы – перанавучанне работнікаў, якія маюць мала запатрабаваныя на сённяшні дзень прафесіі. Яно ажыццяўляецца пераважна ў навучальных установах Віцебска і Полацка. Зараз асаблівым попытам карыстаюцца будаўнічыя спецыяльнасці, шмат жадаючых атрымаць прафесію вадзіцеля, повара, прадаўца, цырульніка, майстра манікюру. Апошнюю, напрыклад, з дапамогай службы не так даўно асвоіла жыхарка райцэнтра М.Малочка, фінансавую дапамогу некалькі год таму атрымалі папулярныя ў райцэнтры майстры-цырульнікі І.Арцямёнак і М.Шчарбакова.
Для стварэння новых рабочых месцаў для беспрацоўных прадпрыемствам выдаюцца бюджэтныя пазыкі. У мінулым годзе іх атрымалі ТАА “Твестуба”, ПМК-66. Днямі пазыку атрымаў Ушацкі лясгас – там будзе створана 15 новых рабочых месцаў.
Служба занятасці пастаянна шукае новыя формы дапамогі людзям. Сярод іх – праект “Маладзёжная практыка”, разлічаны на моладзь да 29 год. Скарыстацца ім могуць выпускнікі ўстаноў навучання, якія атрымалі так званы свабодны дыплом, або тыя, хто скончыў курсы ад бюро занятасці. На прадпрыемствах ствараюцца часовыя вучнёўскія месцы, і маладыя работнікі могуць набыць прафесійныя навыкі. Зараз, напрыклад, у райспажыўтаварыстве праходзяць “маладзёжную практыку” бухгалтар і электрагазазваршчык, які з чэрвеня будзе пераведзены на пастаянную работу.
А яшчэ работнікі службы дапамагаюць ажыццяўляць Дэкрэт нумар 18. Спецыяліст Соф’я Мікалаеўна Фамёнак займаецца працаўладкаваннем бацькоў, абавязаных пакрываць выдаткі на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. А работа гэта, трэба прызнаць, няпростая. Даводзіцца штодзённа складаць зводку па прагулах, “шчыльна” працаваць літаральна з кожным падапечным.
Такімі справамі і турботамі жыве аддзел сацыяльна-працоўных адносін і занятасці. Найпершае ў кожнай дзейнасці – каб ад яе быў плён. А тут ён, безумоўна, ёсць, аб чым сведчаць лічбы: за мінулы год працаўладкавана 422 чалавекі, за 4 месяцы гэтага года – 180. Зараз на ўліку 77 беспрацоўных, на адпаведны перыяд мінулага года іх было 92. Узровень беспрацоўя па раёне штогод зніжаецца, што не можа не радаваць.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: Л.С.Прашкевіч, І.Л.Дунік, С.М.Фамёнак. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *