Итоги работы главного управления идеологической работы и по делам молодежи облисполкома подвели в Витебске

Общество

Вынікі работы ідэалагічнай вертыкалі і СМІ за мінулы год падвялі на калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама. На яе былі запрошаны намеснікі старшынь райвыканкамаў, ідэолагі, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны.

Як адзначыў старшыня аблвыканкама А.М.Субоцін, работа ідэалагічнай вертыкалі вельмі важная, асабліва ў цяперашніх умовах. Ідэалагічная вертыкаль улічыла памылкі, дапушчаныя ў 2020 годзе, і сёння яе работа заслугоўвае высокай ацэнкі. Падрыхтоўка і правядзенне рэферэндуму па зменах у Канстытуцыю краіны, які прайшоў год таму, паказалі, што ідэолагі ўмеюць весці дыялог з грамадзянамі. Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта А.М.Ліпніцкі падкрэсліў, што важна своечасова звяртаць увагу на запыты насельніцтва і аператыўна іх вырашаць. Асаблівай увагі патрабуе праца з моладдзю, трэба вывучаць яе настроі, уключаць у рэалізацыю сацыяльна значных ініцыятыў, шырэй выкарыстоўваць пры гэтым патэнцыял грамадскіх аб’яднанняў.

Як наладжана работа мясцовых органаў улады з насельніцтвам, падзялілася намеснік старшыні Докшыцкага райвыканкама А.Э.Палачаніна. Напрыклад, ініцыятыва правядзення дзён сельсаветаў, падчас якіх праходзяць сустрэчы з насельніцтвам, прыёмы грамадзян, была станоўча ацэнена вяскоўцамі.

Ішла на калегіі гаворка і пра Ушацкі раён. У прыватнасці, аб ходзе рэалізацыі на Ушаччыне мерапрыемстваў праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022-2025 гады. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.І.Гардзіёнак акрэсліла не толькі мноства патрыятычных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў раёне, а і як вядзецца работа па ўвекавечванні памяці загінуўшых, падтрыманні ў належным стане 111 воінскіх пахаванняў. Пра ўсё гэта мы пастаянна расказваем на старонках газеты. Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама М.В.Навіцкая, работа сапраўды значная і многім раёнам нас можна ставіць у прыклад.

Асобна абмяркоўвалася работа газет Віцебшчыны. Асвятленне рэспубліканскай і рэгіянальнай павесткі, узаемадзеянне з насельніцтвам, крытычныя і аналітычныя матэрыялы, рэагаванне на фэйкі – гэта і многае іншае павінна пастаянна і аператыўна з’яўляцца на старонках выданняў. Былі агучаны вынікі па многіх паказчыках дзейнасці, “Патрыёт” з’яўляецца лідарам па шчыльнасці падпіскі: на тысячу жыхароў прыходзіцца 219 экзэмпляраў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *