«Просто в восторге от своего дела». Ушачанка Дарья Мухина с помощью господдержки открыла студию красоты

Общество

Музычнае вучылішча, выкладанне ў каледжы Мінска, падпрацоўка ў сталічнай школе мастацтваў, паступленне ў Маскоўскую Акадэмію музыкі. Усё гэта было ў Дашы Мухінай менш года таму. А сёлета 22-гадовая дзяўчына дзякуючы падтрымцы дзяржавы мае сваю справу ва Ушачах, не звязаную з атрыманай адукацыяй. Хаця Даша лічыць, што ўзаемазвязана ў жыцці літаральна ўсё. А кардынальна памяняць планы яе прымусілі сямейныя абставіны, дакладней – душэўная патрэба дапамагчы родным. Маці даглядае малодшую сястру і бабулю, праблемы са здароўем і ў бацькі, таму дадатковыя рукі проста неабходны. І нічога, што яны мініяцюрныя, музычныя.

– Хто, калі не я? А тое, што лічыла няўдачай, зараз – промыслам Божым, – усміхаецца Даша. – Мне падабаецца сесці за руль трактара, калі рыхтуем сена для авечак, і вельмі грэе душу, што зараз спраўляемся з праблемамі разам, дружна, гэтага не хапала ў дзяцінстве, калі бацькі былі вечна на рабоце. І проста ў захапленні ад сваёй цяперашняй справы. Гэта ж выдатна – маляваць усмешку, а я мару, каб з салона прыгажосці жанчына выходзіла выключна з ёй.

Назва студыі ўзнікла сама сабой. Канечне, “Дарыя” – падобную бачыла ў Мінску. Толькі як творчая натура, захацела развіць да студыі прыгажосці, у якой бы аказвалі поўны комплекс паслуг. Усе жанчыны незалежна ад узросту жадаюць быць прыгожымі, ім толькі трэба дапамагчы гэта зрабіць, падкрэсліць стрэлкамі і ценямі вочы, “завіць” бровы, зрабіць модную стрыжку ці прычоску і нават падабраць святочную сумачку з бісеру. Так, у планах Дашы – дапамога модніцам стварыць непадобны ні на каго вобраз (у адзенні таксама), таму і мяркуе, што з’явяцца аднадумцы-прафесіяналы, якія прыдуць працаваць у студыю “Дарыя”. І хоць сама ўжо атрымала сертыфікаты на галівудскую ўкладку, макіяж, прычоскі-пучкі, педыкюр…, усе ўменні адточвае на “мадэлях” для ўдасканалення профіляў. А называе сябе пакуль майстрам манікюру і брывістам, як пазначана ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама пры выбары дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, якому выдалі субсідыю на адкрыццё сваёй справы.

За амаль 5 тысяч рублёў Даша набыла мэблю, абсталяванне, жаравую шафу для стэрылізацыі інструмента, якасны матэрыял. Грошы не трэба вяртаць, толькі плаціць падаткі і год працаваць па профілі. І вельмі ўдзячна дзяўчына дзяржаве ў цэлым і супрацоўнікам райвыканкама за такую падтрымку, самой ёй старт з месца не асіліць. І так хапала няўпэўненасці. Адгаворвалі, маўляў, ніша ўжо занятая. А цяпер пераканана, што ў кожнага свой кліент. Любіць эксперыментаваць з моладдзю. “Мабыць убраць, надта смела?” – пытаецца, калі стварыла вобраз. “Не, не, выдатна”, – чуе ў адказ і гэта падбадзёрвае. Працуе і са сталымі жанчынамі. А калі будзе каманда, мяркуе і на выездах у іншых гарадах працаваць, што робіць па запрашэннях і зараз.

– А музыка заўсёды дапамагае. Прыходзіць на манікюр кліентка, мы размаўляем, я стаўлю Павароцці. Сама ў захапленні ад оперы, і новая субяседніца таксама. Нараджаюцца ідэі, якія падабаюцца абедзвюм, – расказвае Даша. – Наогул харавое дырыжыраванне, па класе якога я скончыла Ушацкую школу мастацтваў, і мае выкладчыцы Жанна Віктараўна Савіцкая і Таццяна Валер’еўна Жалязнова далі мне асновы жаноцкасці і дысцыпліны. Гэта спецыяльнасць прывучыла да работы ў калектыве і сабранасці. А маляваць любіла з дзяцінства, таму працягваю развівацца, хоць зараз – на нагцях і твары.

І хоць з-за хранічнага танзіліту Даша вырашыла забыцца на кар’еру опернай спявачкі і наўмысна не пайшла здаваць трэці іспыт, спяваць працягвае ў царкоўным хоры. Наогул вера, да якой прывяла маці, надае душэйны спакой, дапамагае вырашаць цякучыя праблемы. Ды і столькі разоў дзяўчына пераконвалася ў цудзе, што цяпер ужо дакладна ведае – усё атрымаецца, бо лічыць Ушачы зручным для жыцця і самарэалізацыі месцам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *