В Ушачах прошла традиционная спартакиада среди трудовых коллективов

Cпорт

“Як усё ж добра, што ў нас ладзяцца такія мерапрыемствы! І выхадны з карысцю можна правесці, і з сябрамі-знаёмымі з іншых арганізацый навінамі абмяняцца”, – разважалі ў чаканні ўзнагароджання пераможцаў раённай спартакіяды энергетык Дзмітрый Зелянко і кааператар Аляксандр Гарадко.

Пераможцы і прызёры спартакіяды.

Прынамсі, настрой у абодвух быў прыўзняты: мужчыны не падвялі свае працоўныя калектывы і паклалі ў скарбонку “срэбраныя” медалі. Першы вызначыўся ў стральбе: выбіўшы 47 ачкоў, саступіў усяго адзін бал МНСаўцу Міхаілу Ярмошу, які прафесійна займаўся біятлонам і быў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў “Абаронца Айчыны”. “Адкуль навучыўся трапна страляць? Дык я ж паляўнічы са стажам!” – патлумачыў нам Дзмітрый. “Бронзу” атрымаў Сяргей Філімонаў з райбальніцы.

Ну а што датычыцца Аляксандра Гарадко, то ён вызначыўся ў відзе, які дэбютаваў на нашых спаборніцтвах. Пільныя чытачы прыгадаюць, што гульню джэнга презентавалі нядаўна ва Ушачах удзельнікі спартакіяды работнікаў “Белаграпрамбанка” Віцебшчыны. Нагадаем, што яе сутнасць – у будаўніцтве вежы з блокаў, якія трэба асцярожна вымаць з ніжніх пластоў і класці ў верхні. Перамагае той, хто за мінуту перакладзе больш “цаглінак”. “Гульня падалася нам вельмі захапляльнай, да таго ж удзельнічаць у ёй могуць усе – для поспеху патрэбны толькі спрыт ды мысленне. Вось пабачыце: джэнга хутка заваюе сімпатыі ўшачан!” – патлумачыў новаўвядзенне загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак. І літаральна ўсе ўдзельнікі новага віду прызналі яго цікавым. “Ведаю прынцып гульні, бо падобная, толькі ў мініяцюры, ёсць у майго сына”, – зазначыла Святлана Коршун з ЦРБ, якая спынілася ў кроку ад прызавой тройкі. З маленькай дачкой гуляў у такую і выратавальнік Аляксандр Бугай, які прыдумаў хітры алгарытм дзеянняў і перамясціў найбольшую колькасць блокаў – 27. Пра “срэбра” А.Гарадко мы ўжо ўзгадвалі. Ну а “бронзу” заваяваў Андрэй Прашкевіч з каманды цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый (далей Цэнтр). Да слова, пераможца спартакіяды “банкіраў” паказаў вынік 34 блокі – так што ўшачанам ёсць куды імкнуцца.

У эстафеце на блакітных дарожках другі час паказалі настаўнікі Андрэй Жаваранак і Юлія Красілевіч, трэці – Ірына Цімафеева і Яўген Барысёнак са зборнай Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства і вузла электрасувязі. Асабліва ж хочацца адзначыць баявую каманду Цэнтра. Літаральна перад спаборніцтвамі стала вядома, што ўдзельнік, які павінен плыць у эстафеце, атрымаў траўму, але зборная ўсё роўна выйшла на старт: мужчынскі этап, што ўдвая даўжэй за жаночы, праплыла Аксана Радзевіч і перадала эстафету Веры Первянёнак. І хоць дуэт стаў толькі дзявятым, каманда заслугоўвае пашаны за моцны спартыўны дух! Ну а “золата” зноў заваяваў Міхаіл Ярмош, пару якому склала Ілона Рудзёнак – такім чынам на спаборніцтвах адбыўся яшчэ адзін дэбют: у гэты раз выратавальнікі аб’ядналіся з аўтазаправачнай станцыяй, работніцай якой з’яўляецца дзяўчына. Дапамагла Ілона камандзе здабыць і “срэбра” ў лёгкаатлетычнай эстафеце, дзе кампанію ёй у забегу склалі Мікалай Шустроў і Андрэй Раманоўскі. Прыкладна на секунду адстала ад іх лясгасаўскае трыа ў складзе Андрэя Падвойскага, Віктара Волаха і Лізаветы Кузьміной. Ну а самымі хуткімі ў гэтым відзе каторы год запар становяцца спрынтары з Ушацкай СШ Уладзімір Хамёнак, Віталь Дзямідаў і Святлана Краснова.

Не прынёс нечаканасцяў шашачны турнір, дзе на п’едэстал узняліся Віталь Клімашэўскі з райвыканкама, Уладзімір Барысёнак з аддзела па адукацыі і Уладзімір Аўдошка з аб’яднанай каманды УП ЖКГ і ДРБУ-105 (1, 2 і 3 месцы). І зноў мы будзем казаць пра дэбют: упершыню ў спартакіядзе ўзяла ўдзел медсястра-анестэзіст Алеся Пясецкая і стала чацвёртай. “Гуляць у шашкі мяне калісьці навучыў тата, а быць часткай дружнай каманды райбальніцы вельмі спадабалася!” – прызналася нам жанчына.

Лепшы вынік у дартсе паказаў В.Клімашэўскі з райвыканкама, другі – Павел Пашкоў са зборнай камунальнікаў і дарожнікаў, трэці – А.Бугай з РАНС і АЗС. Традыцыйна не было інтрыгі ў жаночай гімнастыцы: калі да лаўкі падышла Ірына Цітова, суддзя стаміўся лічыць адцісканні – у гэты раз у пратаколе з’явілася лічба 68. А вось уладальніц срэбра і бронзы Алену Арцем’еву са зборнай ЖКГ і ДРБУ-105 і Вольгу Рубанік з ЦРБ раздзяліў адзін бал. Такая ж упартая барацьба ішла ў мужчын: трэцім тут стаў Дзмітрый Баратынскі з райвыканкама, энергетык Аляксандр Моцяж, які прыйшоў на спартакіяду пасля начной змены, падцягнуўся аж 29 разоў, але супрацоўнік Глыбачанскага выратавальнага паста Віталь Баркоўскі выступаў апошнім і зрабіў 30. Дарэчы, Віталь і Дзмітрый дастойна выступілі і ў гіравым спорце: паказалі ў сваёй вазе другі і першы вынікі. Сёлета трэба было за мінуту ўзняць гіру як мага больш разоў, а рэзультат каманды складаўся з сумы месцаў. Лепшымі сталі райвыканкамаўцы, за якіх апроч Д.Баратынскага выступалі Сяргей Ціханёнак і Алег Сыс, другое месца ў камунальнікаў і дарожнікаў (У.Аўдошка, Дзяніс Каралёў, Арцём Баяронак), трэцяе – у энергетыкаў (Раман Севярын, Міхаіл Лісіца і Уладзімір Чобат).

Гіру паднімаюць Д.Базылеў і М.Сталыга.

Традыцыйна раённае аб’яднанне прафсаюзаў падрыхтавала спецыяльныя прызы, якія былі ўручаны аднаму з самых старэйшых удзельнікаў спаборніцтваў Уладзіміру Кругліку і Антону Ігнатовічу, які нядаўна адзначыў 18-годдзе. А прыз “За волю да перамогі” старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Т.Глінская ўручыла аб’яднанай камандзе УП ЖКГ і ДРБУ-105.

У настольным тэнісе таксама быў скарочаны фармат: змешаныя пары праводзілі паядынкі да двух паражэнняў. Лясгасаўцы Андрэй Дзмітрыеў і Наталля Селявёнак напружвалі сапернікаў кручанымі ўдарамі – “топ-спінамі” – і паклалі ў камандную скарбонку “срэбра”. Ну а выратавальнікам, якіх сёлета прадстаўлялі Крысціна Шастакова і Аляксей Жыткоў, дасталася “бронза”. Імёны ж пераможцаў мы прыгадалі на першай старонцы.

Такім чынам, сёлета ўпэўненую перамогу на спартакіядзе святкавалі выратавальнікі і АЗС №34. Другое месца – ва Ушацкай школы, трэцяе – у зборнай камунгаса і ДРБУ-105. І, канечне, вельмі крыўдна было райвыканкамаўцам, якім да п’едэстала не хапіла паловы бала. Пятае і шостае месцы раздзялілі ЦРБ і кааператары з электрасувязістамі. Нельга не адзначыць і патэнцыял раёна электрасетак: з-за дэфіцыту жанчын яны не змаглі “закрыць” плаванне і тэніс, тым не менш сталі сёмымі. “Ну, нічога, на наступныя спаборніцтвы мы знойдзём сабе дзяўчат у іншай арганізацыі і пакажам клас!” – жартавалі Д.Зелянко і М.Лісіца. Зрэшты, Міхаіл і зараз не быў абдзелены падтрымкай прыгожага полу: пахварэць за яго прыйшла спадарожніца жыцця Насця. “Калі яна побач – мне спакайней!” – зазначыў Міша. Былі персанальныя балельшчыцы і ў Аляксея Базылева з каманды Цэнтра: жонка Люда з дачушкай і пляменніцай натхнялі мужчыну на спартыўныя подзвігі. “А заўтра мы ўсёй сям’ёй пойдзем на футбольны турнір падтрымліваць сына Даню”, – патлумачылі дружныя Базылевы. І гэта чарговы доказ таго, што наш любімы спарткомплекс з’яўляецца цэнтрам і карпаратыўнага, і сямейнага адпачынку.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *