На Ушаччине прошел районный субботник

Общество

Чараду мерапрыемстваў па навядзенні парадку распачаў раённы суботнік, які прайшоў на Ушаччыне 14 красавіка. Чыстым аказаўся не чацвер, а пятніца, тым не менш гарадскі пасёлак ды і іншыя грамадскія месцы паспелі падрыхтавацца да Вялікадня.

Праўда, і да масавага выхаду работнікі арганізацый наводзілі парадак на сваіх тэрыторыях, а камунгасаўцы падмяталі вуліцы, абразалі дрэвы, бялілі бардзюры. Гэтыя работы і працягвалі прадстаўнікі калектыву, толькі ўжо з памочнікамі. На грамадзянскіх могілках па Кастрычніцкай шчыравалі спецыялісты “Белдзяржстраха” і “Энергазбыту”, ля школы мастацтваў, агульнаадукацыйнай і фізкультурна-аздараўленчага комплексу – прадстаўнікі гэтых устаноў.

Самы прадстаўнічы працоўны дэсант прадказальна высадзіўся на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, дзе загадзя былі вызначаны ключавыя аб’екты. Ля самага ўваходу мужчыны з устаноў культуры ўбіралі аварыйную бярозу, папіліўшы на ладныя цуркі. Хоць і выглядалі трывалымі апоры “Лясной школы” з гэтай ж пароды дрэва, а за сем год струхнелі так, што намеснік старшыні райвыканкама Д.П.Цімафееў лёгка выносіў іх адной рукой. Узброіўшыся дрылем, пілой, малаткамі, група з УКБ, сектара ЖКГ мяняла іх на дубовыя бярвёны. Супрацоўнікі музея народнай славы ўбіралі каляровую шчабёнку ля вечнага агню, дзе замест яе з’явіцца новая кампазіцыя з сучаснага матэрыялу. А больш за ўсё людзей з розных аддзелаў райвыканкама на вялізнай плошчы зграбалі сухую лістоту і загружалі ў некалькі выдзеленых трактароў. Знайшлося прымяненне і рыдлёўкам, якімі зразалі шматлікія купіны зямлі, узнятыя кратамі. Традыцыйна на гэтым святым месцы з асаблівым настроем працуе падчас суботнікаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

А па дарозе да мемарыяла сустрэлі прадстаўнікоў яшчэ некалькіх арганізацый. Супрацоўнікі раёна электрычных сетак і газавікі выразалі піламі і кустарэзамі расліннасць уздоўж дарог, а спецыялісты ДРБУ-105 на чале з кіраўніком прадпрыемства Аляксандрам Уладзіміравічам Пячкоўскім “латалі” ямкі на трасе Н3700. Такія ж работы вяліся і на шашы Ушачы-Віцебск. Дванаццаць чалавек рыхтавалі да чарговага сезона адпачынку лагер у “Турасполлі”.

Як мурашы снавалі з граблямі, мяцёлкамі, пакетамі людзі па ўсім мікрараёне вуліцы Віцебскай. Толькі адзінкі з працоўнага дэсанта аказаліся і жыхарамі гэтых дамоў, астатнія актыўнасці не праявілі ні ў гэты дзень, ні раней. “Вы паглядзіце, што мы тут робім, – абуралася дырэктар цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Таццяна Анатольеўна Глінская. – Змятаем бычкі, якімі ўсё ўсыпана пад вокнамі, полім клумбы, убіралі ў падвале… Так мы толькі прывучаем кватэранаймальнікаў быць утрыманцамі”. Незадаволенасць удзельнікаў суботніка, у якіх ёсць і свая работа, і свае тэрыторыі, цалкам апраўданая. Адна справа прыбіраць плошчы, вуліцы, агульныя месцы знаходжання людзей. Зусім іншая – падвалы і пляцоўкі кааператыўных дамоў. Куды знікла выдатная традыцыя прыбіраць двары грамадой? Добра памятаю, як у нас па Віцебскай, 2 з’яўляўся прычэп, які і быў сігналам аб суботніку.

А вось у вёсцы Матырына малюнак парадаваў вока. Ля клуба і ФАПа стаялі і прыватныя трактаркі, працавалі людзі з граблямі. “Абяцалі нам зрэзаць таполі, тады лягчэй будзе, а так штогод лістоту зграбаем, – казала старэйшына вёскі Людміла Змітрачэнка. – А аднавяскоўцы яшчэ падцягнуцца. Ды вы ж бачыце, у нас усе дамы дагледжаны, варта аднаму на вуліцу выйсці, як з’явіцца і сусед”. І сапраўды, у сваім палісадзе нешта падпраўляла бабуля, на скрыжаванні цэнтральных вуліц смецце выносілі мужчыны. Няхай і перайшоў іх статус лепшага сельскага населенага пункта да іншай вёскі, аднак як і раней шчыруюць для падтрымання іміджу чыстага Матырына. Усё зробленае па добраўпарадкаванні самім і застанецца. Ну а сродкі, заробленыя ў гэты дзень, пойдуць на падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў 4-5 мая і Дня Перамогі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *