Детский сад №4 г.п.Ушачи отпраздновал 40-летний юбилей

Общество

Калі ва ўпрыгожанай паветранымі шарамі, святочнымі расцяжкамі зале загучала фанаграма дзіцячага плачу, прысутныя, здаецца, былі гатовы ўскочыць з месцаў, каб супакоіць малыша. Такая ў іх натура, такая прафесія… Вось толькі для хвалявання нагоды не было – такім сімвалічным чынам вядучыя мерапрыемства нагадалі, як у 1983-м на свет з’явіўся дзіцячы сад №4 г.п.Ушачы.

Тады, 40 год таму, установу адкрылі як ведамасную – у падарунак работнікам будаўніча-эксплуатацыйнага прадпрыемства меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, многія з якіх мелі дзяцей. Першай загадчыцай ясляў-сада стала Ганна Мікалаеўна Сачкоўская. У 1999-м установу перавялі на баланс аддзела па адукацыі райвыканкама, прысвоіўшы ёй чацвёрты нумар. Тады была прыдумана і яе казачная назва “Пунсовая кветачка”. Такі элемент, дарэчы, у дзень юбілею ўпрыгожыў уборы ўсіх работнікаў садка. Сваё другое нараджэнне апошні перажыў пры кіраўніцтве Святланы Анатольеўны Тарасевіч – пасля праведзенага капітальнага рамонту быў зноў урачыста адкрыты 1 верасня 2016-га.

За чатыры дзесяцігоддзі ў сценах установы вырасла не адно пакаленне ўшачан, а гэта каля тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. “Паглядзеў зараз фотаздымкі, арыгінальна аформленыя ў лічбу 40, і сябе малога знайшоў, дзяцінства ўспомніў, – не хаваў эмоцый адзін з першых выпускнікоў садка Аляксей Антуновіч. – У чацвёрты сад хадзілі і трое маіх дзяцей, спадзяюся, унукаў, праўнукаў у перспектыве таксама прымеце”. Творча павіншаваць калектыў любімай установы прыйшлі таксама лаўрэат розных конкурсаў баяністаў Глеб Кісель, вакалістка Паліна Жалейка.

Ну а колькі адданых сваёй справе прафесіяналаў працавала ў “Пунсовай кветачцы”! Успомніць найлепшыя гады свайго жыцця на ўрачыстасць завіталі ветэраны ўстановы Алена Пятроўна Дуброўская, Галіна Станіславаўна Шароніна, Галіна Іванаўна Чульба, Наталля Дзмітрыеўна Іванюк, Ларыса Васільеўна Бадзякіна. Вітала ўсіх былы начальнік аддзела па адукацыі Людміла Рыгораўна Карабань. “Высокую ацэнку садку заўсёды ставілі бацькі – ні адной скаргі мне не паступала. А вось пахвалу чую пастаянна”, – зазначыла яна.

Не шкадавалі цёплых слоў у адрас юбіляраў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Ушацкага раёна В.М.Краўчанка і галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Г.Ф.Струй. Дзіцячы сад, асобныя яго спецыялісты адзначаны ўзнагародамі, грашовымі сертыфікатамі.

Далучыліся да віншаванняў былы загадчык установы Ірына Ціханава, старшыня апякунскага савета Анастасія Шаўчэнка, прадстаўніца УП “Сафійскія дары” Анастасія Дарашэнка (з гэтым прадпрыемствам садок супрацоўнічае не адзін год), кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна. Мілыя вакальныя, харэаграфічныя нумары падрыхтавалі юныя выхаванцы “Пунсовай кветачкі”. Кранула да слёз і іх сумеснае выступленне з педагогамі: загадчыкам Сафіяй Іванаўнай Баранавай, яе намеснікам Вольгай Мікалаеўнай Тычына, выхавацелямі Ганнай Аляксандраўнай Жаваранак, Людмілай Васільеўнай Лабань, Надзеяй Васільеўнай Чарняўскас, Ганнай Мікалаеўнай Максак, Ірынай Аляксандраўнай Харашкевіч, Святланай Аляксандраўнай Будняк, памочнікамі выхавацеляў Інай Аляксандраўнай Саўчанка, Наталляй Генадзеўнай Мізэрнай, Наталляй Уладзіміраўнай Гатаўскай, Інай Ягораўнай Міхейка, Аленай Мікалаеўнай Баркоўскай, Аленай Мікалаеўнай Хамёнак, дэфектолагам Таццянай Васільеўнай Пятроўскай і музычным кіраўніком Таццянай Якаўлеўнай Сандзюк.

За 40 год у дзіцячым садзе №4 г.п.Ушачы змянілася шмат, нязменным жа засталося адно – жаданне калектыву дарыць хлопчыкам і дзяўчынкам любоў, пяшчоту, новыя адкрыцці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *