Ушаччина отметила День Великой Победы

Общество

Дзень Вялікай Перамогі на Ушаччыне быў напоўнены шматлікімі мерапрыемствамі – ускладанне кветак да помнікаў, патрыятычныя акцыі, адкрыццё новых аб’ектаў, ушанаванне перадавікоў і, канечне ж, сустрэчы з ветэранамі вайны.

Віншаванні прымае ветэран М.Іваноў.
Мітынг на “Прарыве”.
С.Садоўскі і Н.Марковіч узнагароджваюць М.Дукмасава.

З самага ранку, паглядаючы ў вакно, чакалі гасцей Міхаіл Сцяпанавіч Іваноў у Рагуцкіх, Сямён Сцяпанавіч Кляпец у Прудах, Ефрасіння Нікіфараўна Хадан ва Ушачах. Так, толькі трое ветэранаў вайны засталося на Ушаччыне. Традыцыйна да іх накіраваліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Два тыдні не дажыў да свайго любімага свята Васіль Мікалаевіч Казачонак, які ў Дзень Перамогі абавязкова даставаў гармонік і спяваў. Пачуўшы словы ўдзячнасці за праяўлены ў гады Вялікай Айчыннай гераізм, не змагла стрымаць слёз Е.Н.Хадан. “Галоўнае – каб было здароўе і вайна не паўтарылася!” – жадала яна землякам. “Колькі дзяўчат да мяне прыехала, добра, што пінжак з медалямі надзеў!” – самы старэйшы з ветэранаў М.С.Іваноў у гэты дзень быў у пазітыўным настроі і як заўсёды жартаваў. Нягледзячы на тое, што праз месяц яму споўніцца 101 год, сам выйшаў у двор сустракаць намесніка старшыні райвыканкама А.Міранкову, старшынь ветэранскай арганізацыі Н.Васілеўскую і Жарскага сельвыканкама С.Міхейку, дырэктара ТЦСАН М.Антуновіч. У страі і С.С.Кляпец, якому амаль 96. З задавальненнем расказваў Сямён Сцяпанавіч пра вясковыя справы і нават пра пчол, якіх трымаў да нядаўняга часу. Шчыра дзякавалі ўсе ветэраны за віншавальныя паштоўкі, прадуктовыя наборы, але не столькі падарункі важныя для іх, колькі ўвага дзяржавы і маладзейшага пакалення.

Сімвалічна, што да 9 Мая сёлета было прымеркавана і адкрыццё раённай Дошкі гонару, на ёй з’явіліся імёны 18 перадавікоў і 8 прадпрыемстваў. Як заўсёды няпроста вызначыць лепшых з лепшых. Сярод працоўных калектываў ваганняў не было хіба што ў намінацыі “Прамысловасць”: за апошнія пяць год ужо трэці раз вылучаецца філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Летась на прадпрыемстве распачалася рэалізацыя інвестпраекта, у прыватнасці, грунтоўная мадэрнізацыя вытворчасці бялкова-вітамінных дабавак, будаўніцтва цэха па перапрацоўцы сыравіны. Пры гэтым вытворчасць не спынялася ні на дзень! У многім дзякуючы санаторыю “Лясныя азёры” выкананы паказчык па экспарце паслуг, ва ўшацкую здраўніцу з задавальненнем едуць беларусы і расіяне не толькі летам, а і ў любую пару года. На ўрачыстым мерапрыемстве асаблівы настрой быў у работнікаў лясгаса: на Дошку гонару другі год запар занесена прадпрыемства, а таксама адразу два работнікі – Вадзім Кальчэўскі і Васіль Мамонаў. У кожнага з намінантаў была свая група падтрымкі. Іну Ларчанка, напрыклад, шчыра віншавалі калегі з ТЦСАН, самым маленькім гледачом на мерапрыемстве быў Уладзіслаў Дукмасаў – хлопчык, якому ўсяго толькі годзік, разам з мамай і сястрычкамі прыйшоў падтрымаць свайго тату. Не могуць дазволіць сабе майскіх выхадных аграрыі, аднак для Анатоля Усовіка кіраўніцтва “Ільюшынскага”, канечне ж, зрабіла выключэнне, у скарбонцы лепшага механізатара і сейбіта з’явілася яшчэ адна ўзнагарода.

– Выказваю словы ўдзячнасці ўсім старанным працаўнікам. Усё, чым ганарыцца Ушаччына, вынік нашых з вамі агульных намаганняў. Наперадзе шмат планаў, для камфортнага жыцця і развіцця патрэбны плённая праца і дысцыпліна, – віншуючы лаўрэатаў і прадстаўнікоў калектываў, падкрэсліў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўшанавання перадавікі накіраваліся ў сквер гарпасёлка да помніка загінуўшым воінам і партызанам. Сюды спяшаліся і працоўныя калектывы, і школьнікі, і проста ўшачане з сем’ямі. Да падножжа салдата лёг вянок ад кіраўніцтва раёна, а да пліт не толькі падчас мітынгу, а ўвесь дзень ушачане неслі чырвоныя гваздзікі і цюльпаны.

Нягледзячы на тое, што шырока адзначалася 79-я гадавіна прарыву варожай блакады 4-5 мая, у Дзень Перамогі на мемарыял усё роўна рушыла мноства людзей з кветкамі.

Чым далей Дзень Перамогі, тым бліжэй гэта свята – такі сэнс выказваў кожны, каго сустрэлі ля тэматычных пляцовак у гарпасёлку. У палатцы музея ўсе пераўвасабляліся ў партызан – надзявалі пілоткі, бралі ў рукі вінтоўкі ці трубку старадаўняга тэлефона. Хоць наведвалі экспазіцыю летась, сёлета таксама правялі дзяцей па залах сем’і Казачонкаў і Дунікаў. “Дзеда Фёдара Рыгоравіча Вінніка падлеткам сагналі ў Германію, мамінага дзядзьку партызана Андрэя Іванавіча Міхейку расстралялі ў 1944-м, як і двух дзядзькаў мужа”, – расказвала Юлія Дунік. Школьніцы Ангеліне Лукашэвіч цяжкавата было трымаць баян, спецыяльна “пакінуты” ў фотазоне раённай бібліятэкі, толькі праўнучка франтавіка Яфіма Канстанцінавіча Кулака з Бычкоў стойка трымалася перад аб’ектывам фотакамеры. Акрамя выстаў, у тым ліку і малюнкаў дзяцей аб вайне, падрыхтавалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі таксама святочныя бутаньеркі, магніты і іншыя тэматычныя сувеніры. Запатрабаваным у гэты дзень быў роспіс на твары: у скверы заказы пераважна малых выконвала кіраўнік мастацкага аддзялення ДШМ Айгуль Смык, а на пляцоўцы БРСМ колерамі беларускага сцяга размалёўвала старэйшых жадаючых лідар маладзёжнага аб’яднання Рыта Хрыпель, а яе бойкія памочнікі запрашалі зрабіць здымак у яркай фотазоне. З’яўлялася такой і ўся палявая кухня, на якой у прамым сэнсе кашаварылі работнікі цэнтра культуры – два вялізныя кацялкі грэчкі зварылі, а таксама юшку, і літаральна ўсё прадавалі за сімвалічны рубель. Вочы разбягаліся ля пляцовак Дома рамёстваў, клуба народных майстроў “Адраджэнне”, цэнтра дзяцей і моладзі, ТЦСАН, але арганізатары выручалі – прапаноўвалі бяспройгрышную латарэю.

Ні на хвіліну не заставаўся пусты і музей народнай славы – яго наведванне 9 Мая было цалкам бясплатным, у тым ліку і экскурсіі. Але не гэта прываблівала – клікала памяць. Літаральна пацягнула за руку ў абноўленую экспазіцыю тату і бабулю Мілана Крахотка і ахнула, калі ў зале аб антыфашысцкім падполлі ёй паказалі здымак прапрадзеда Мікіты Аляксеевіча Касцюковіча. Прывёў сваіх дачок Дзмітрый Карэйша – унук радыста Ільі Барысавіча Чуяшова, які ордэн “За баявыя заслугі” атрымаў за тры эпізоды перадачы даных пад суцэльным агнём ворага. Сустрэлі там і тры пакаленні нашчадкаў партызанскай медсястры з Антунова Ганны Рыгораўны Хацкевіч і свердлаўчаніна Івана Васільевіча Мальгіна, які выйшаў з акружэння і ўступіў у атрад. Вось ужо другі раз палачане праводзяць гэты дзень у нашым гераічным гарпасёлку. А наогул на мемарыяле і ў горадзе было шмат і больш далёкіх гасцей – з Мінска, Гродна, Пскова і нават Ульянаўскай вобласці – адшукаць месца пахавання самастойна спрабавалі ўнукі і праўнукі Івана Пятровіча Ватрушкіна, а пасля няўдалых пошукаў пакінулі запыт у музеі.

У Беларусі зараз пражывае каля 1,5 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, на Віцебшчыне іх засталося крыху больш за 200. Каля 8,5 тысячы нашых суайчыннікаў з’яўляюцца былымі вязнямі канцлагераў.

Даволі хутка разгадалі зашыфраваныя паведамленні супрацоўнікаў аддзела дзіцячай кнігі сябры Паліна Смаляк, Ксюша Уліновіч і Улад Марковіч – і нават адзін аднаму пачалі пасылаць запіскі на азбуцы Морзэ. Сямігодкі Ангеліна Аляхновіч і Саша Бугай не прамінулі ніводнай гульнявой пляцоўкі ў скверы. Менавіта за гарэзлівы смех апошняй і змагаўся дайшоўшы да Берліна прапрадзед Ягор Ягоравіч Караленка.

“Гэта самае вялікае свята. Так заўсёды казала мая маці, і я гэтак жа ўспрымаю. Раней праводзіла яго з бацькамі, зараз прыгадваю іх – тата партызаніў на Расоншчыне, роднага матчынага брата павесілі – нехта выдаў”, – расказвала Зоя Сцяпанаўна Ільінова, якая другую палову дня распачала на стадыёне Ушацкай школы сярод шматлікіх балельшчыкаў. На полі былі яе ўнукі Арцём і Віктар – маладыя футбалісты сустракаліся з камандай ветэранаў з сімвалічнай назвай “Партызан”. Апошняя прарвала шчыльную абарону “праціўніка” і перамагла, хаця, як зазначыў трэнер РФСК Раман Фядосенка, рабіць гэта ім з кожным годам усё цяжэй – годная змена расце.

Менавіта на пераемнасці традыцый, выхаванні патрыятызму і былі пабудаваны літаральна ўсе мерапрыемствы гэтага асаблівага дня. Спецыяльна прымеркавалі і адкрыццё кафэ “Сушы камігамі” – ушачанам падарылі яшчэ адну кропку грамадскага харчавання.

Была запоўнена зала і падчас вячэрняга канцэрта, падрыхтаванага супрацоўнікамі цэнтра культуры, школы мастацтваў і самадзейнымі артыстамі. Стоячы ў зале, а потым на плошчы ўшачане разам спявалі ваенныя песні. А калі святочны салют разляцеўся па небе тысячамі каляровых зорачак, міжволі паўстала паралель – Дзень Вялікай Перамогі таксама складаецца з такіх жа яркіх, рассякаючых душу гісторый тысяч беларускіх сямей.

Вольга КАМАРКОВА, Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *