22 июня — 70 лет начала войны

Общество

Фильмы пра вайну не гляджу ніколі…Вельмі нагадвае тое, што было са мной. А вайну я помню ў дэталях, дробязях, як сфатаграфаванае…
Мне споўнілася дзевяць. У нядзелю, 22 чэрвеня, мы ўсёй сям’ёй былі ў вёсцы Зарубаўшчына, адпачывалі на возеры. Спакойны дзень, памятаю толькі, што лёталі самалёты, а чые… А вось увечары, вярнуўшыся ва Ушачы, даведаліся, што пачалася вайна.
Мы жылі ў самым цэнтры – у памяшканні райздрава, які размяшчаўся ў драўляным будынку на месцы сённяшняга музея. Бацька быў вадзіцелем у бальніцы. На трэці дзень вайны ён пакінуў дом, паведаміўшы, што нас эвакуіруюць. І праўда, падагналі падводу, вось толькі ехаць нам было няма куды, і мы часова перасяліліся ў Бараўцы. Хутка вярнуліся, ва Ушачах ужо былі немцы, якія размясціліся ў школе. Хадзілі яны летам у шортах, што ў нас выклікала смех. Адзін з першых удараў – здзек над чалавекам, якога ўсе паважалі – дырэктарам школы Родзіным. Немцы павесілі яму на шыю шыльду “Іуда” і прымушалі цягаць бочку з вадой. Хутка прыгналі ваеннапалонных, якім немцы дазвалялі перадаваць ежу, а калі хто казаў, што гэта муж ці брат, то і адпускалі.
З маім сябрам Эдуардам Сінкевічам мы зімой палівалі вадой тратуар (ад царквы да школы быў даволі круты спуск), каб немцы зламалі сабе ногі. Іх медпункт размяшчаўся ў цяперашнім будынку рэдакцыі. Прэпараты, дарэчы, у іх былі эфектыўныя. Аднойчы я моцна збіла нагу, якая і так была ў гнайніках, і нямецкі салдат адвёў мяне туды, пасля адной апрацоўкі гнайнікі зацягнуліся.
Хутка абралі паліцэйскім Самойлава, а бургамістрам Васілеўскага. Першы жорстка абыходзіўся з народам, і яго павесілі самі ж немцы – пэўна дзеля таго, каб паказаць, якія яны лагодныя. Шыбеніца між тым пастаянна “абнаўлялася” – яна размяшчалася на скрыжаванні Савецкай і Школьнай, дзе зараз двухпавярховы жылы дом. Памятаю начальніка пагранзаставы Кудраўцава, які вісеў на ёй некалькі дзён. А вось у доме бургамістра збіралася адзенне, якое шылі жанчыны, у тым ліку і мая маці, для партызан. Дапамог ён і выратавацца аднаму з вялікадолецкіх настаўнікаў. Іх затрымалі, пасадзілі ў турму, якая была ў будынку райкама партыі насупраць месца з шыбеніцамі. Памятаю, мы пайшлі туды разам з дачкой Васілеўскага, настаўнік узяў мяне за руку і ўклаў туды запіску, якую і перадалі бургамістру.
Кожны тыдзень партызаны рабілі налёты на гарнізон, а вось пакідалі немцы Ушачы вельмі ціха. Памятаю, як расстрэльвалі яўрэяў. Многія з іх жылі ў адным з намі доме, і ніхто не спрабаваў уцячы, аказаць супраціўленне, хоць не раз папярэджваліся.
Ушачы часта бамбілі, і тады мы хаваліся ў надзейных падвалах царквы. Дарэчы, якая яна была прыгожая і велічная! У 1944-м авіяналёты сталі часцей, рухнула адна са сцен царквы, згарэў наш дом, нас з маці прытуліла Ефрасіння Міронаўна Дук. У красавіку, калі блакаднае кола стала зусім вузкім, мы амаль тыдзень хаваліся ў зямлянцы ля Лявонаўшчыны – сотні чалавек. Выдала нас жывёла, што стаяла прывязаная да дрэў. Зноў пачаўся абстрэл, пацярпелі адзінкі, але сярод іх мая маці. Ёй перабіла ногі, і людзі паклалі яе на падводу, аднак падышоўшыя немцы забралі таго адзінага каня. Той жах не перадаць словамі. Лес, ноч, і я побач з паміраючай маці… Не магу дараваць сабе, што не запытала прозвішчы тых людзей, якія перанеслі маці ў дом нашай гаспадыні. Яна памерла ў гэты ж дзень, пахавалі яе ў выкапанай ёй жа самой яме, дзе збіралася схаваць нашы пажыткі.
5 мая ўсіх пагналі ў напрамку Лепеля. Нешта накшталт лагера было ў Жарах. Там жа нам раздалі для перагону кароў, сабраных у насельніцтва. У Лепелі за калючым дротам схуднелыя палонныя просяць хоць крышачку хлеба, а ў нас не было нічога. Фарміруюць вагоны для адпраўкі ў Германію. Я ж увесь час плачу ад страты маці. Адзін з немцаў пытаецца, ці ёсць у мяне родныя ў Лепелі. Я адказваю, што ёсць родная цётка бацькі і апынаюся ў камендатуры. Немец мяне пашкадаваў, але тады я адчувала шок. Памятаеце, як у кінастужцы “Лёс чалавека”. Часавы, вялізная аўчарка і я, дванаццацігадовае дзяўчо.
Цётка забрала мяне, аднак не вельмі добра там мне жылося, і хутка я апынулася ў сям’і Зуевых, з дзецьмі якіх была знаёма яшчэ ва Ушачах. Калі немцы меркавалі адчыніць школу, Зуева павінны былі прызначыць дырэктарам. Мы зноў хаваемся ад бамбёжак за горадам, сядзім у вялізнай варонцы і раптам – незвычайная цішыня. Зуевы накіроўваюць мяне паглядзець, што там.
Так я крычала, толькі калі памерла мама… Ішло трое савецкіх салдат – стомленых, счарнелых, але нашых салдат!
Вяртаюся ва Ушачы да Е.М.Дук. Мястэчка пасля блакады – відовішча страшнае, усё спаленае, голад, не было нават катоў. Што мы елі тады? Калі я пыталася пра гэта пазней у Міронаўны, яна не магла адказаць. Некалькі тыдняў пакет з мукой, што мне выдалі як сіраце. Увесь час пішу бацьку лісты, а яны не даходзяць. Атрымліваю адказ, калі да перапіскі падключыўся ваенкамат. Прыехаў дзядуля з Херсона і забраў мяне да сябе. Пачалося райскае жыццё. Потым была Польшча, Закарпацце – бацька пасля перамогі служыў да 1947-га, і я была з ім.
Некалькі слоў пра тату – Карабаня Рыгора Карпавіча. Ён прайшоў Буйніцкае поле, абарону Масквы – быў вадзіцелем у аэрапорце Тушына. Многія яго напарнікі проста згарэлі зажыва… Потым Кёнінгсберг, які ён характарызаваў не інакш як пекла. І Берлін, баі за ўзяцце якога, па яго словах, мала чым саступалі Кёнінгсбергу. І нідзе ён не быў нават паранены! А памёр у 45 гадоў ад поўнага зносу арганізму…
Лідзія БУТОЎСКАЯ, дзіця вайны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *