Непростые условия кормозаготовки подготовила погода аграриям в этом году

Сельское хозяйство

Звычайна слупы пылу над полем падказваюць нам пра тое, дзе знайсці брыгаду сейбітаў. Але сёлета гэта прыкмета працуе і на касавіцы.

Менавіта па ёй, праязджаючы ў пятніцу па трасе ля Баяршчыны, “запеленгавалі” на дальнім ускрайку селішчанскае корманарыхтоўчае звяно. Ну а калі наблізіліся, разгледзелі на палетках чырвоны КВК і жоўты кузаў МАЗа: у стандартным “святлафорным” спалучэнні не хапала толькі яркага зялёнага – класічны колер касавіцы ў гэтым чэрвені засмучае бляклымі адценнямі.

С.Майсяёнак, А.Грачоў.

Не назавеш яскравым і настрой работнікаў. “Ужо колькі часу еду за камбайнам, а кузаў усё яшчэ няпоўны. Ніколі такога раней не бывала”, – кажа селішчанец Сяргей Майсяёнак. А мы тым часам адзначаем яшчэ адну нязвыкласць: замест запіснога мясцовага машыніста КВК Аляксандра Бараўцова з кабіны комплексу вылазіць… механізатар “Дземенца” Анатоль Грачоў. “Не хвалюйцеся, з Сашам усё ў парадку. Ён зараз на трамбоўцы, а потым таксама за штурвал свайго КВК сядзе – калі будзе патрэба. Стараемся максімальна аптымізаваць працэс і ладзім супрацоўніцтва: учора ў Забалацці скончылі дземянецкую траншэю, а сёння ў Воцькавічах селішчанскую закладаем”, – тлумачыць Анатоль.

Сваю лепту ў працэс уносяць мясцовыя аграрыі і звыклыя памочнікі з ушацкіх арганізацый: на ўскрайку поля напагатове стаяў трактар другога адвозчыка Анатоля Жаваранка, фронт работ звяну рыхтавалі Юрый Юркевіч і Генадзь Хадасевіч, занятыя адпаведна на касьбе і валкаванні.

Абедзве гаспадаркі ўжо скасілі ўсе запланаваныя на першы ўкос палеткі. Выкананне задання па нарыхтоўцы сенажу набліжаецца да 20 працэнтаў. У “Агра-Селішчы” адправілі ў “кармавыя засекі” і 50 тон некандыцыйных азімых. Нікому не трэба тлумачыць, што зімой на вагу золата будзе кожны цэнтнер кармоў, таму стараюцца ўбраць і захаваць усё, што можна, і канечне, спадзяюцца на больш яркую “зеляніну” другога ўкосу і “каралевы палёў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *