В цехе по производству безалкогольных напитков сейчас горячий сезон

Экономика и малый бизнес

Для цэха па вытворчасці безалкагольных напіткаў зараз – самы гарачы сезон. Сведчаннем таму і павялічаны да 30 тысяч далаў ці 300 тысяч літраў ліпеньскі план. Выканаць яго, аднак, зусім няпроста – гэта амаль рэкордны паказчык, які дасягаў 33 тысячы далаў.

Купажыст Маргарыта Сазонава.

Ужо не першы раз застаю за работай слесара-наладчыка Віталя Дзмітрыевіча Сабіна. Прынтар, што друкуе этыкеткі, зноў прыпыніў выпуск канвеера. Выраз “Гэта ж вытворчасць”, які і абазначае непрадказальнасць рабочага дня, бачны ва ўсёй красамоўнасці. Хвіліну таму майстар цэха Т.С.Шылёнак запэўніла, што на сёння разліваюць “Колу”, і вось – незапланаваная перадышка. Адзіны плюс – не трэба турбаваць падчас працэсу работнікаў лініі. Вось толькі адміністрацыі гэта ніяк не датычыцца. Таццяна Сямёнаўна як заўсёды “нарасхват”. У лабараторыю на пробу адпраўляецца бутэлечка вады з мінеральнай свідравіны – аналіз абавязкова робіцца штодня. Кладаўшчыка Ірыну Аляксандраўну Арцямёнак чакае чарговы заказчык, лабарант Галіна Сцяпанаўна Шайтар дыктуе адрас электроннай пошты на атрыманне дакументаў на поліэтыленавую плёнку…

Усё як на вытворчасці, звычайная карусель. І хоць прывыклі да пастаяннага кругазвароту планавых і пазапланавых задач, сёлетні сезон усё ж больш складаны. З-за пратэрміноўкі разлікаў з пастаўшчыкамі вясной былі замінкі то з прэформамі, то з упаковачнай плёнкай, то з напаўняльнікамі. А адсутнасць хоць аднаго кампаненту – парушаны канвеер. Але нешматколькасны штат умудраецца не толькі выконваць план, але і перавыконваць. З чэрвеня ж перайшлі на ўзмоцнены рэжым работы. Няхай і ў адну змену, але пачынаецца яна на гадзіну раней. Нярэдкія і выхады па суботах. Попыт жа летам, асабліва спякотным, на напіткі павышаны.

Аператар Андрэй Жалейка.

“Махіта”, “Смак барбарысу” – навінкі мінулага года ўжо паспелі рассмакаваць пакупнікі. Хаця самымі папулярнымі застаюцца савецкія густы: “Залаты ключык”, што прыйшоў на змену “Бураціна”, бо брэнд заняты, “Дзюшэс”, “Крэм-сода”. Усяго ў самую хадавую – 1,5-літровую бутэльку разліваецца 14 відаў безалкагольных напіткаў, 5 – у літровую і 7 – у напалову меншую. Менавіта рознакаляровыя 0,5-кі выходзілі з канвеера на мінулым тыдні. Гэта самы запатрабаваны памер як на мінералку, так і на ліманады падчас “Славянскага базару”, да якога дадатковыя партыі заказалі Сенненскі і Лепельскі філіялы, што традыцыйна працуюць на пляцоўках фестывалю. Калі не хопіць – абавязкова падвязуць. Не адмовіўся ад супрацоўніцтва і ніхто з мінулагодніх партнёраў. Па-ранейшаму ўшацкі брэнд ідзе ў магазіны гандлёвых сетак “Весты”, “Нікі”, “Віцебскхлебпрама”, “Ганны”. Як адзіныя вытворцы вады і напіткаў у аблспажыўтаварыстве – пояць літаральна ўсе раёны вобласці. І не толькі.

У чэрвені цэхам выпушчана 135 тысяч літраў безалкагольных напіткаў і 100 – мінеральнай і пітной вады, тэмп росту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года адпаведна 140,2 і 107 працэнтаў, за паўгода – 117.

Попыт адчуваецца зараз на ўсё, менавіта таму на ліпень цэху план павялічаны на 10 тысяч далаў – амаль палову аб’ёму, выпушчанага ў чэрвені. І няма відаў, якія б не раскупляліся. Таму і чаргуецца разліў пітной вады ў пяцілітровікі з мінералкай ці напіткамі. Ды і па энергетыках ужо засумавалі пакупнікі. Аднак лінія адна, і адначасова не могуць вырабляцца розныя віды. Дарэчы было б і паўнацэнную другую змену арганізаваць, ды няма падрыхтаваных людзей. Адзінае, што сумяшчаюць работнікі цэха – гэта выраб павідла, якога ў чэрвені зварылі 7,2 тоны.

“Перадышка” лініі аказалася зусім непрацяглай. Віталь Дзмітрыевіч ведае слабыя месцы абсталявання, а з больш складанымі задачкамі дапамагае справіцца вядучы інжынер аддзела прамысловасці Мікалай Уладзіміравіч Лёля, які на час водпуска выконвае і абавязкі загадчыка аддзела.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *