За талант и «Вдохновение» преподаватель Ушачской детской школы искусств Жанна Савицкая удостоена благодарности губернатора области

Ими гордятся Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес

Музыка ўвайшла ў яе жыццё з дзяцінства. Выдатна спяваў бацька Віктар Карпавіч Полазаў, музычную школу па класе фартэпіяна скончыў старэйшы брат Ігар, ніводнае сямейнае свята не абыходзілася без любімых песень…

Памятаю, як пасля школы мы весела гулялі ў двары, а Жанна, прыхапіўшы ноты, спяшалася на музычныя заняткі. Я ж з непрыязнасцю глядзела ў бок чорнага піяніна, якое прагна паглынала ўвесь вольны час маёй сяброўкі, ды потым і сама папрасіла навучыць мяне іграць. Праўда, далей сабачага вальсу справа не зайшла, затое магу ганарыцца, што менавіта мне будучы выкладчык Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Віктараўна Савіцкая давала свае першыя ўрокі.

А калі сур’ёзна, то рэдка сустрэнеш чалавека, настолькі захопленага сваёй справай, які пастаянна імкнецца да развіцця, удасканалення. Скончыўшы пасля школы Віцебскае музычнае вучылішча, Жанна Віктараўна атрымала вышэйшую адукацыю ў Мінскім універсітэце культуры і зараз пастаянна папаўняе багаж сваіх ведаў. «Кожны раз 1 верасня іду ў школу з хваляваннем — а раптам сутыкнуся з тым, на што не хопіць маёй кампетэнцыі», — прызнаецца настаўніца. Акрамя заняткаў у класе харавога дырыжыравання і пастаноўкі голасу Жанна Віктараўна кіруе ўзорным дзіцячым хорам. «Працаваць з такім калектывам няпроста, але цікава, — расказвае педагог. — Дзіцячы хор — гэта жывы арганізм, дзіўны, растучы і заўсёды малады. Гэта 25 розных галасоў і характараў, якія трэба выстраіць у адзінае цэлае, навучыць не толькі дакладна браць ноты, але і чуць адзін аднаго, кантраляваць сябе, прывіць духоўнасць, выхаваць густ не толькі ў музыцы, але і ў жыцці». Дарэчы, менавіта ў дзіцячым хоры прайшлі загартоўку яе самыя паспяховыя вучаніцы, пра якіх зараз з гонарам расказвае Жанна Віктараўна. Свой дзіцячы фальклорны калектыў «Бараўлянская крынічка» стварыла Алена Тарасевіч. У дзяржаўным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга спявае Таццяна Полазава. А Вераніка Тарасеня, атрымаўшы размеркаванне ў Глыбоцкую дзіцячую школу мастацтваў, адкрыла там харавое аддзяленне і стварыла дзіцячы калектыў, які, між іншым, ужо «наступае на пяткі» ўшацкаму хору. «Гэта прыемная канкурэнцыя, якая не дае нам расслабляцца», — усміхаецца Жанна Віктараўна і дадае, што свае прафесійныя дасягненні вымярае перш за ўсё поспехамі тых, хто працягвае яе шлях, а не дыпломамі і граматамі. Хоць, канечне, не абдзеленая яна і названымі адзнакамі. Апошняя і, напэўна, адна з самых значных упрыгожыла сцяну музычнага класа літаральна на днях: на ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята, якая адбылася ў Віцебску на гэтым тыдні, квартэту «Натхненне», кіраўніком якога яна з’яўляецца, была ўручана падзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Косінца. Адначасова прыйшла вестка і аб чарговай творчай перамозе — «Натхненне» стала лаўрэатам тэлевізійнага праекта «Зорны шлях» абласной тэлерадыёкампаніі «Скіф» і было адзначана як самы яркі калектыў Віцебшчыны. У тым, што квартэт стаў культурнай візітоўкай нашага раёна, вялікая заслуга кіраўніка калектыву. Жанна Віктараўна літаральна жыве справамі і праблемамі «Натхнення», прысвячае гэтаму праекту кожную вольную хвіліну. Інструментоўкі і апрацоўкі песень яна звычайна рыхтуе па вечарах. «Добра, што жывём ва ўласным доме, а не ў кватэры, інакш суседзі, напэўна, гэтага б не вытрымалі», — жартуе Генадзь Пятровіч Савіцкі — як прафесійны музыкант, ён разумее і падтрымлівае жонку ва ўсіх яе творчых памкненнях. Сама ж Жанна Віктараўна адзначае, што ніякіх дасягненняў не было б, калі б разам з ёй не працавалі такія таленавітыя, адданыя творчасці людзі: «Вельмі многае мне даў як педагогу былы дырэктар музычнай школы Леанід Аляксандравіч Уласенка, іншыя калегі, побач з якімі адпрацавала ўжо 25 гадоў. Хачу ад шчырага сэрца павіншаваць са святам усіх работнікаў, якія захоўваюць вернасць нашай няпростай, але такой цудоўнай прафесіі!»

Н.БАГДАНОВІЧ.



2 комментария по теме “За талант и «Вдохновение» преподаватель Ушачской детской школы искусств Жанна Савицкая удостоена благодарности губернатора области

  1. Но эта информация не о футболе, но всё-равно — ГОЛ!

  2. Если губернатор то где губерния? Вроде бы область у нас

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *