Семья Виктора Павловича и Антонины Кирилловны Кривёнков несмотря на преклонный возраст продолжают заниматься личным подсобным хозяйством

Личное подсобное хозяйство Экономика и малый бизнес

Калі ў час пасяўной ці ўборачнай Віктар Паўлавіч Крывёнак адкрывае раённую газету, найперш цікавіцца прозвішчамі занесеных на Дошку гонару механізатараў – і нязменна радуецца, калі бачыць на высокіх пазіцыях сваіх былых вучняў. Практычна ў кожнай гаспадарцы ёсць тыя, каму за 23 гады работы ў раённым вучэбна-вытворчым камбінаце ён выкладаў азы прафесійнага майстэрства – сярод такіх, напрыклад, знакамітыя браты Генадзь, Віктар і Анатоль Хадасевічы, Пётр Караткевіч. Будучых механізатараў Віктар Паўлавіч навучаў не толькі ўстройству і ваджэнню трактара, але і працавітасці, сялянскай руплівасці, паважлівым адносінам да зямлі. Гэтыя ўласцівыя яму рысы фарміруюць уклад жыцця і цяпер, калі яны з жонкай Антанінай Кірылаўнай ужо не першы год знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Сям’я Крывёнкаў апрацоўвае некалькі ўчасткаў зямлі, трымае падсобную гаспадарку. У тэхнічным арсенале Віктара Паўлавіча – два трактары, зробленае сваімі рукамі прычапное абсталяванне, так што амаль усе глебаапрацоўчыя працэсы механізаваны. Ну а ў жывёлагадоўлі перавагу аддаюць авечкам. Традыцыя вырошчваць гэтую жывёлу пайшла ад бацькі гаспадыні Кірыла Барысавіча Радзевіча. У свой час на іх вялікім падворку гадавалася не менш трох дзясяткаў авечак. Зараз на сялібе ў Старым Сяле Ушацкага сельсавета атара ўдвая меншая, аднак увогуле збываць сваіх гадаванцаў гаспадары не збіраюцца.

“Гэта ж самая выгадная жывёла: усё, што ёй неабходна – вада ды трава”, – тлумачыць Антаніна Кірылаўна, ласкава прыціскаючы да сябе яшчэ кволага чатырохдзённага ягняці, што яўна не даспадобы яго маці, якая ўвесь час бегае наўкол і трывожна бляе, патрабуючы вярнуць малыша. Задаволіўшы яе жаданне, гаспадыня працягвае расказ аб перавагах сваіх любімцаў. Сярод такіх, напрыклад, неўспрымальнасць да ўкусаў сляпнёў. Для іншай жывёлы прайшоўшае лета ў гэтым плане было вельмі неспрыяльным. “Карову выводзілі на пашу толькі з 5 да 9 гадзін раніцы, а потым ставілі ў хлеў, бо ў полі заядалі насякомыя”, – расказвае жанчына. І хоць трымаць гэту жывёлу няпроста, не адмаўляюцца пакуль Крывёнкі і ад яе: прывыклі да дамашняга тваражку і смятаны. Ну а лішкі малака здаюць зборшчыкам. Антаніна Кірылаўна з сумам прыгадвае, што яшчэ некалькі дзясяткаў год таму старасельцы раніцай выганялі ў поле 60 кароў, зараз жа на ўсю вёску іх 4. Ды і што дзіўнага, калі людзей тут цяпер удвая менш, чым даўней кароў…

Тым часам да нашай размовы далучаецца яшчэ адна знатная гаспадыня – Ганна Андрэеўна Крацёнак. Жыве яна зусім побач, хоць лічыцца жыхаркай Замошша. У суседак звычайная тэма для размоў – усё тая ж падсобная гаспадарка, бо, нягледзячы на сталы ўзрост, Ганна Андрэеўна мае на падворку і кароўку з цялём, і шматлікую птушку – індыкоў, гусей, курэй. А таму сее на ўчастку зерне – як жа абыдзешся без яго пры такой колькасці “спажыўцоў”. Патрэбна ўласная мука і Крывёнкам (тыя ж авечкі не адмовяцца ад дадатковага блюда), яны засяваюць ячменем каля 20 сотак. На момант нашага візіту прыватныя ўчасткі ў навакольных вёсках яшчэ не былі абмалочаны, што, вядома ж, непакоіла гаспадароў. “Кажуць, што ў Гіраўках працуюць камбайны! Можа, да нас сёння завярнуць?” – прынесла навіну Ганна Андрэеўна. “Зараз пад’еду і высветлю!” – падхапіўся Віктар Паўлавіч, які з’яўляецца старэйшынам вёскі, ды і ўвогуле па натуры сваёй заўсёды гатовы ўсім дапамагчы. Аднак адразу рушыць у дарогу не атрымалася: на падворак зазірнуў яшчэ адзін сусед – дамовіцца аб набыцці баранчыка: “У мінулы раз так усім гасцям шашлык спадабаўся! Пасля яго на магазінны нават глядзець не хочуць. Выручай, Паўлавіч, бо зноў на выхадныя да нас родныя едуць”.

Ну як тут не выручыць, госці – гэта ж святое. Часта бываюць яны і на сядзібе Крывёнкаў, якія вырасцілі чатырох дзяцей. Сыны засталіся жыць на Ушаччыне, бацькі на сваім прыкладзе выхавалі іх сумленнымі людзьмі і шчырымі працаўнікамі. Пастаянна да бабулі з дзядулем прыязджаюць унукі з райцэнтра, а чатырохгадовы Мікітка – аж з Санкт-Пецярбурга. “Калі дамоў збіраўся, усё прасіў, каб ягняці яму з сабой узяць дазволілі”, – усмі-хаецца бабуля. Калі падворак напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі, хоць на некаторы час прытупляецца боль ад цяжкай страты: не так даўно гаспадары пахавалі дачку, якая раптоўна пайшла з жыцця зусім маладой. “Мы і штодзённай працай сябе загружаем, каб на гора часу не заставалася”, – прызнаецца Антаніна Кірылаўна.

А яшчэ яна вельмі любіць лес – кажа, што энергіяй там зараджаецца. Хоць на гадзінку, але імкнецца штодня туды вырвацца. “Дакапаю зараз бульбу – і пабягу за грыбамі. Вось толькі муж гэтыя вандроўкі не адабрае – хвалюецца за мяне”, – мовіць жанчына. “А як жа! Здароўе ў нас ужо не тое, адпачываць табе больш трэба!” – адзываецца гаспадар. Бачна, што гэта той выпадак, калі людзі, пражыўшы разам доўгае жыццё, здолелі захаваць трапяткія адносіны, дзяліць на дваіх усе выпрабаванні лёсу.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *