Меньше отделений — больше услуг. Рассказываем об изменениях в структуре ТЦСОН

Общество

З 1 чэрвеня ў структуры ТЦСАН Ушацкага раёна адбыліся змены. Замест трох аддзяленняў, што размяшчаліся ў Градзянцы, цяпер функцыянуе два. Аднак гэта не значыць, што нейкіх паслуг, магчымасцяў грамадзян пазбавілі. Наадварот, калектыў павялічыўся, што дазволіла не проста працягнуць рэалізацыю ўсіх ранейшых напрацовак, але і актыўна ўкараняць новаўвядзенні.

Н.Глінская.

Набыць сувенірную і іншую прадукцыю, вырабленую ў аддзяленні, можна непасрэдна ў Градзянцы, “Юнацтва-Ушачы”, храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, а з нядаўняга часу і ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка.

Гутарку з загадчыцай аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Наталляй Мікалаеўнай Глінскай пачалі з “расшыфроўкі” назвы. “Баяцца мудрагелістых паняццяў не трэба – яны азначаюць падтрыманне ўжо існуючых у чалавека навыкаў і дапамогу ў набыцці новых. Па-сутнасці ўсім гэтым займаліся і дагэтуль, – зазначыла суразмоўца, – толькі шляхі дасягнення намечанага пашыраем. – Так, напрыклад, адкрылі працоўную майстэрню па раслінаводстве – вырошчваннем пакаёвых раслін, якія потым рэалізуюцца насельніцтву ці выкарыстоўваюцца ў якасці прызоў у латарэях, з наведвальнікамі аддзялення займаецца Святлана Фёдараўна Папко. Галоўная яна і ў нашай палікарбанатнай цяпліцы, якую нядаўна перадалі спонсары. Пасадзілі тут таматы, агуркі, радыс, розную зеляніну, духмяныя травы, суніцы – частку выкарыстаем для ўласных патрэб, штосьці восенню рэалізуем насельніцтву. У ліку новых – і працоўная майстэрня сублімацыйнага друку, якую “курыруе” Наталля Міхайлаўна Касіч. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі вучацца новай для сябе дзейнасці – з “канвеера” выходзяць кубкі, талеркі, майкі, кепкі, ручкі, магніты, бірулькі з эксклюзіўнымі надпісамі і малюнкамі. Нагадаю: зрабіць усё гэта жадаючыя могуць пад заказ, тэрміны выканання работ – мінімальныя”.

Наведвальніца аддзялення Л.Аўсеева і С.Папко.

На сённяшні дзень у аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН – 63 наведвальнікі. 15 з іх абслугоўваюцца на доме.

Карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальнікаў і музычныя гурткі, якія з нядаўняга часу вядзе ў аддзяленні Таццяна Віктараўна Лапёнак. Многія ахвотна дэманструюць свае вакальныя даныя, а тыя, хто ўвогуле не гаворыць, падтрымліваюць “артыстаў” танцамі, жэстамі. У насельніцтва ж запатрабаванай застаецца магчымасць набыць пасцельную бялізну, якую па даволі прывабным кошце шыюць у Градзянцы (пад любы памер і любой афарбоўкі, з рознай сістэмай аплаты і выдачай чэкаў), ды і сувенірнай прадукцыі, якой здаўна славіцца ТЦСАН.

“Мала хто задумваецца, бачачы на выставах-продажах нашы вырабы, кім яны зроблены, колькі маральных і фізічных сіл, душэўнай цеплыні ў іх укладзена, – далучылася да размовы С.Ф.Папко. – Упэўнена: калі б убачылі за работай нашых асаблівых наведвальнікаў (калі адзін старанна здувае з толькі што адшліфаванай падстаўкі пылінкі, другі выразае з мешкавіны аснову для будучага дамавёнка, а трэці акуратна складае нітачкі для яго вусікаў), па-іншаму б усё ацанілі”.

Толькі за мінулы тыдзень спецыялісты аддзялення прынялі ўдзел у трох выставах-продажах сувенірнай прадукцыі – на тэрыторыі Ушацкага і Докшыцкага раёнаў.

Сапраўды, у новым па назве, але стабільным па сутнасці аддзяленні ТЦСАН пануе асаблівая атмасфера цеплыні і сяброўства. Выпадковых работнікаў тут проста быць не можа – усе гараць справай, падтрымліваюць адзін аднаго. Дарэчы, з 1 жніўня штат зноў прырасце: з’явіцца тут яшчэ і псіхолаг.

Усё для таго, каб дапамагчы людзям з інваліднасцю сацыялізавацца, набыць новых сяброў, развіць базавыя бытавыя і творчыя навыкі, у Градзянцы адназначна ёсць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *