Второй обязательный элемент школьной одежды вводится в школах Ушаччины с 1 сентября

Общество

Чарговае новаўвядзенне чакае школьнікаў з 1 верасня. Да першага абавязковага элемента школьнага адзення, уведзенага летась, дадаецца другі (на гэтым пакуль усё!). Яго кожная ўстанова вызначае самастойна – па сумесным рашэнні адміністрацыі, вучняў, бацькоў. 

Як нам расказалі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, яшчэ ў мінулым навучальным годзе ва ўсіх школах Ушаччыны праведзены адмысловыя анкетаванні, вывучана магчымасць набыцця рэчаў, іх кошт. У выніку ў маі на бацькоўскіх сходах прыняты канчатковыя рашэнні па тым, як у перспектыве будуць выглядаць прадстаўнікі кожнай канкрэтнай навучальнай установы. Так, у Арэхаўне, Вялікіх Дольцах і Ільюшыне да ўжо прывычных сініх ці бардовых камізэлек са значкамі дадаюцца чорныя штаны і спадніцы. Ва Ушачах такі ж набор для дзяўчынак дапаўняецца чорным сарафанам. Ну а ў Глыбачцы, дзе дагэтуль абавязковым быў гальштук з эмблемай школы, цяпер прадугледжаны камізэлька ці жакет цёмна-сіняга колеру.

Як бачым, усе рэчы – і без таго трывалы складнік школьнага гардэробу, таму залішне траціцца не будзе патрэбы. Ды і індывідуальнасць канчаткова не сатрэцца – па вытворцы, мадэлях, матэрыялах абмежаванняў няма. Адзінае, нагадваюць прадстаўнікі сістэмы, не варта забываць пра дзелавы стыль: пры наведванні вучэбных заняткаў не дапускаюцца спартыўныя адзенне і абутак, джынсы, рэчы з яркімі малюнкамі і надпісамі.

Калі нехта з вучняў у Дзень ведаў прыйдзе не ў вызначаных абавязковымі элементах школьнай формы, караць не будуць. Але ж усё роўна “ідэнтэфікацыя” стане абавязковай, таму лепш паклапаціцца пра яе загадзя. На сайтах усіх устаноў адукацыі размешчана карысная інфармацыя па тэме – з указаннем айчынных вытворцаў, каталогамі адзення.

У колькі абыдзецца форма?

Па інфармацыі Беллегпрама, да новага навучальнага года прадпрыемствы канцэрна выпусцяць больш за 1,2 мільёна вырабаў для школьнікаў – гэта датычыцца дзелавога адзення і абутку. Такая лічба – большая за мінулагоднюю амаль на 20 працэнтаў. Яшчэ на 70 будзе абноўлены асартымент.

Што датычыцца кошту, то ён вырасце прыблізна на 7 працэнтаў. Па папярэдніх разліках, аптымальная экіпіроўка школьнікаў малодшага і сярэдняга звенняў абыдзецца ў суму ад 370 да 1122 беларускіх рублёў, старшакласнікаў – ад 462 да 1392. У камплект уваходзяць адзенне, абутак, галантарэя і канцылярыя.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *