Праздничное богослужение в честь пророка Ильи, освящение воды, а также таинство крещения по традиции прошло 2 августа в Стайском бору

Калейдоскоп

Збіраючыся ў сераду ў Стайскі бор, на святкаванне Дня памяці прарока Іллі, шчыра кажучы, не выключалі, што можам вярнуцца без інфармацыі для артыкула. Дождж зарадзіў з самага ранку, не было прасвету ў прагнозах сіноптыкаў і на пасля… Але ж такое надвор’е не засмуціла вернікаў – на паляне з Крыжам і іконай святога традыцыйна было шматлюдна.

Трэба сказаць, арганізатары паклапаціліся, каб усе жадаючыя змаглі дабрацца да ўзгаданага месца – наладзілі падвоз. Прама ў лесе працавала гандлёвая кропка Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, у якой можна было набыць розныя ласункі і прахаладжальныя напоі. За парадак і бяспеку адказвалі супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, традыцыйна дзяжурылі медыкі. Для камфорту ж грамадзян работнікі Вялікадолецкага лясніцтва загадзя абкасілі тэрыторыю, праверылі стан лавачак, альтанкі.

Апошняя, дарэчы, у гэты дажджлівы дзень стала своеасаблівым цэнтрам падзей. Менавіта тут настаяцель прыхода храма вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы протаіерэй Вячаслаў Лобец правёў святочнае богаслужэнне з чытаннем акафіста прароку Іллі. Тут размясцілася і ікона святога, да якога ўсе жадаючыя ставілі свечкі.

“Ніякія парасоны ды плашчы не патрэбны: гэта ж нас з неба Ілля палівае!” – не хавалі эмоцый вернікі. Дарэчы, словы свае пацвердзілі на практыцы: да крыніцы, дзе пасля быў адслужаны вадасвятны малебен, многія ішлі без прыгаданых рэчаў, удзячна паглядаючы ўвышыню. З бутэлькамі ды каністрачкамі выстройваліся ў чаргу, каб набраць святой вадзіцы.

Тым часам на паляне распачыналася асабліва кранальнае дзейства – хрышчэнне дзетак (іх было пяць). Прыродная стыхія злітавалася – дожджык ненадоўга прыціх.
Самаму маленькаму з тых, хто атрымаў у гэты дзень духоўнае нараджэнне, усяго шэсць месяцаў. “Гэта мой праўнучак Уладзік, які прыехаў з бацькамі з Наваполацка, – з гонарам прадстаўляла ўсмешлівага малыша ўшачанка Тамара Ражноўская. – Сёння стану для яго яшчэ і хроснай маці – вельмі гэтаму рада”.

Доўга выбіралі месца, каб пахрысціць чатырохгадовую дачушку Дзіяну, у мнагадзетнай сям’і Свірко. Старэйшыя Дзяніс і Ульяна праходзілі абрад у Арэхаўскай і Ушацкай цэрквах – бацькі вырашылі не паўтарацца. Падтрымаць жа самую маленькую сабраліся практычна ўсім саставам, разам з бабуляй і дзядулем.

З асаблівым для ўшачан і ўсіх вернікаў месцам прыехалі пазнаёміцца 2 жніўня і жыхаркі Санкт-Пецярбурга. “Сёння мы тут па запрашэнні вашай зямлячкі Ларысы Полазавай, – казалі жанчыны. – У адной з нас мясцовыя карані – маці Галіна Сцяпанаўна Качан жыве ў Градзянцы, другая проста гасцюе. Яркіх эмоцый атрымалі шмат!”. “Ну а я пашкадавала, што столькі гадоў пражыла ва Ушачах, а на такім свяце ні разу не была”, – далучылася да размовы іх сяброўка Ларыса Смаляк.

Упершыню аказалася тут і ўраджэнка нашага раёна, а зараз жыхарка Віцебска Вера Каваленка. “Мае ўнукі Косця і Марына, якіх узяла з сабой, мала што разумеюць у рэлігійных падзеях, аднак цікавяцца імі, – казала яна. – Калі не будуць супраць іх бацькі, пахрысціць малых мяркую на наступны год менавіта ў Стайскім бары”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *