«Ни одной минуты терять нельзя!». Валерий Башун рассказывает о нелегких хлеборобских буднях

Сельское хозяйство

Не сакрэт, што да візітаў журналістаў на палеткі камбайнеры ставяцца па-рознаму.

Ёсць такія, каго ў гарачы жніўны час не выцягнеш з кабіны ніякімі ўгаворамі, а іншыя разумеюць, што ў карэспандэнта сваё, таксама важнае заданне – і заўсёды гатовы спыніцца і распавесці пра нялёгкія хлебаробскія будні. Валерый Башун (на здымку) належыць да апошніх і нязменна сустракае нас прыветлівай усмешкай, аднак у гэты панядзелак, прытармазіўшы на ўскрайку жытнёвага поля ля Арэхаўна, папрасіў: “Давайце сёння зусім хуценька. Вы ж, напэўна, чулі прагноз: пасля абеду будзе дождж, ніводнай хвіліны губляць нельга!”

Камбайнер, для якога гэта ўжо 37-я ўборачная, выехаў на дземянецкія зерневыя палеткі толькі ў першы дзень жніўня, а дагэтуль каля трох тыдняў наладжваў машыну – вельмі праблематычна было сёлета аднавіць ужо парадкам зношаную тэхніку. Пачалі жніво з азімай пшаніцы ля Астравенца, потым убіралі жыта ля Крыжоў. У нядзелю ж камбайн зноў “закапрызнічаў”: парваўся рэмень у вентылятары і ўзнікла праблема з падшыпнікамі – добра што ў полі быў брыгадзір Аляксандр Яловік, які напрамкі паімчаў на сваім матацыкле ў Глыбачку і прывёз патрэбныя запчасткі – літаральна праз гадзіну камбайн зноў паплыў па палетках. У полі В.Башун пакуль “адзіны воін” – напарнік па арэхаўскім камунгасаўскім участку і аграрных сезонах у “Дземенцы” Артур Ігнатовіч у пачатку гэтага тыдня ўсё яшчэ “чараваў” у майстэрні над другім камбайнам. А вось старэнькую “Ліду”, за штурвал якой апошнім часам садзіўся Аляксандр Спірыдовіч, сёлета, на жаль, не запусцілі. Дзе толькі ні спрабавалі знайсці патрэбныя для рамонту дэталі, але не пашанцавала.

Канечне, здабыць усю гэтую інфармацыю за некалькі імгненняў зносін з камбайнерам было немагчыма. Але ўдала падмяніў яго ў якасці расказчыка вадзіцель Расціслаў Скрыпко, які меў крыху часу да таго моманту, як напоўніўся бункер. Убачыць за рулём рарытэтнай “53-кі” знакамітага камунгасаўца, пра руплівую працу якога мы неаднойчы пісалі ў газеце, было прыемна і нечакана, бо ведалі, што той ужо выйшаў на пенсію. Аказалася, да жніва ён далучыўся як прыватнік: у пляменніка быў старэнькі грузавік, а ў Расціслава Вікенцьевіча – жаданне дапамагчы гаспадарцы, якая адчувае моцны кадравы дэфіцыт. Прынамсі, разглядаючы дагледжаны і акуратна пафарбаваны “ГАЗ-53”, зусім не скажаш, што ён таксама “пенсійнага ўзросту”.

На ўчарашнюю раніцу ў гаспадарках раёна было ўбрана каля 700 гектараў збожжавых палеткаў, намалочана больш 1000 тон зерня. Самыя хуткія тэмпы жніва дэманструюць “Сафійскія дары” і “Агра-Селішча”, дзе ўбрана адпаведна 13 і 12 працэнтаў палёў, занятых збожжавымі
культурамі.

“Наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч на нядаўняй нарадзе падкрэсліваў, што ў сёлетняй сітуацыі камбайнерам і адвозчыкам нельга губляць ніводнага зярнятка. А таму збожжа абавязкова акуратна ўкрываю тэнтам і, канечне, перад уборачнай шчыльна запеніў усе адтуліны ў бартах”, – патлумачыў нам вадзіцель. За рулём ён больш 40 год, і хоць асноўная частка кар’еры была прысвечана камунальнай гаспадарцы, з аграрнай сферай таксама неаднойчы сутыкаўся. Вазіў на МАЗе КАС у час пасяўной. А калі ў нашым рэгіёне быў неўраджайны год, накіраваўся ў камандзіроўку на Гродзеншчыну – там, дарэчы, з механізатарам Сяргеем Вусько пасябраваў, два месяцы разам вазілі кармы на чыгуначную станцыю, а потым дастаўлялі іх з Фарынава ва ўшацкія гаспадаркі.

Няпростым выдаўся і сёлетні год. Праглядаючы свой леташні артыкул пра жніво ў тым жа “Дземенцы”, нават усміхнулася эпітэту “неблагая ўраджайнасць”, якім тады ахарактарызавала лічбу ў 29 цэнтнераў з гектара. Зараз пра такую “неблагую” можна толькі марыць. Надвор’е ж працягвае свае здзекі над земляробамі – дождж у панядзелак пасля абеду сапраўды паліў, ды яшчэ які… І зусім не напышлівымі, а цалкам рэчаіснымі здаюцца сёлета словы пра залатую вагу кожнага вырашчанага каласка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *