Прогулялись по магазинам и выяснили, где выгоднее купить всё необходимое для домашних маринадов

Общество

Сезон нарыхтовак – у разгары, і клопат гаспадынь зараз – закупіцца ўсім неабходным па выгадным кошце. Каб крыху дапамагчы ім у гэтым, мы накіраваліся па гандлёвых кропках райцэнтра.

З цукрам праблем ніякіх: ён на паліцах літаральна ўсіх харчовых магазінаў, прычым самых розных вытворцаў. Кошт за кілаграмовую ўпакоўку адрозніваецца нязначна: у “Еўраопце” – 2.55 і 2.59 руб., “Востраве чысціні” – 2.55 і 3.11, “Капеечцы” – 2.55 (чырвоная цана), “Санце” – 2.59, кропках філіяла аблспажыўтаварыства – 2.80.

Прыкладна такая ж сітуацыя з воцатам. Літровая бутэлька 9-працэнтнага абыдзецца ў 2.58 – у “Ганне”, 2.09-2.29 – “Капеечцы”, 2.01-2.24 – “Санце”, 1.79-2.23 – “Еўраопце”.

А вось са сланечнікавым алеем складаней. Па-першае, кошт залежыць ад вытворцы і можа адрознівацца за аднолькавы літраж амаль удвая. Па-другое, ёмістасць цяперашніх бутэлек самая розная – да аднаго літра рэдка якая дацягвае. Так, у “Востраве чысціні”, дзе ўвесь алей зараз на скідцы, можна набыць як танныя “Багатаўскае золата” і “Кубанскую марку” (абодва па 0.8 л) за 2.99 руб., так і даражэйшыя “Злата” (0.8) – 3.89, “Шчодрае лета” (0.9) – 3.62, “Саратаўскае” (0.8) – 3.29, “Altero” з даданнем аліўкавага (0.8) – 4.09. Надзвычай багаты выбар – у “Еўраопце”. Самыя танныя “Golden” і “Нежына” (па 0.8) абыдуцца ў 2.69 і 2.99 адпаведна, любімая многімі “Залатая семка” (1 л) – 3.69, “Залаты сланечнік” (1) – 3.69, “Сланечнікавы алей” (0.87) – 3.33, можна купіць тут і вялікую 5-літровую бутэльку “Шчодрага лета” – 18.99, “Gusto” – 19.29. У магазінах ушацкага філіяла кошт адназначна вышэйшы: у сярэднім 5.10-6.30. У “Капеечцы” літровыя “Залатая семка”, “Слабада”, “Блага” пацягнуць на 3.69, 4.25 і 3.69 адпаведна, “Злата” (0.8) – 3.29. У “Санце” самы танны варыянт – “Залаты стандарт” (0.77) за 2.99, найбольш хадавы – “Блага” за 3.94 (сланечнікавы) і 3.99 (сланечнікава-аліўкавы).

Здзівілі цэны, а дакладней іх разброс, на накрыўкі. Так, набор металічных пад закатку з 50 штук у “Санце” можна знайсці за 6.99, “Капеечцы” – 7.15, “Усё за капейку” – 8.10, а ў “Гаспадары” (на другім паверсе ўнівермага) – ажно 13-15. Поліэтыленавыя прапануюць пакупнікам у “Капеечцы” за 7.23 (6 штук), у “Гаспадары” – за 4.0 (10), а ва “Усё за капейку” – за 0.3 (1). У апошняй прыгаданай кропцы, дарэчы, самы вялікі асартымент такога тавару: ёсць аднабортныя і двубортныя, пад закрутку. Можна набыць тут і закатачную машынку за 17.55 (у “Гаспадары” – 16.57 і 28.31). Будуць у продажы і аўтаматычныя, мінулы іх завоз – па 40 руб. – разышоўся на “ўра”.

Увесь прыгаданы тавар, вядома, ёсць таксама на рынку. Вось толькі і асартымент, і кошт пастаянна мяняюцца. Будзьце ўважлівыя і не цягніцеся адразу за кашальком: на мінулым тыдні абсалютна аднолькавыя закатачныя машынкі ў розных прадпрымальнікаў былі па 30 і 45 руб.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *