ОАО «Деменец» и «Агро-Селище» совместным трудом убирают урожай

Сельское хозяйство

Раніцай у сераду на шашы, што ідзе праз Ушачы ў бок Віцебска, сфарміраваўся “аўтакартэж”: за машынай ДАІ рухалася звяно з трох камбайнаў, з набліжэннем якіх сустрэчны транспарт паважліва спыняўся на абочыне, а спадарожны прыстройваўся да працэсіі.

Легкавушкі з лодкамі на даху, таксі і фуры пакорліва скідвалі хуткасць, і ў момант, калі “караблі палёў” збочылі з трасы, у эскорце было каля двух дзясяткаў машын. Звычайна падобныя сітуацыі моцна нервуюць вадзіцеляў, але ж у гэты раз, думаецца, да затрымкі яны аднесліся з разуменнем: патрэбы жніва – гэта святое!

Скончыўшы этап работ на селішчанскіх палетках, мясцовыя камбайнеры пераехалі ў процілеглую частку раёна – на ўчасткі, што засявалі дземянецкія калегі. На пляцоўцы ля былой загорскай фермы дырэктар “Дземенца” М.М.Палонскі правёў кароткую “планёрку”. У наваколлі трэба ўбраць 59 гектараў азімага жыта і 180 – пшаніцы, так што работы зацягнуцца на тыдзень-паўтара. Таму камбайны будуць начаваць тут, а пра іх захаванасць загадзя паклапаціліся.

Як вядома, дзве гаспадаркі сёлета аб’ядноўваюць свае рэсурсы, і Максім Мікалаевіч намагаецца найбольш аптымальна размеркаваць работнікаў і тэхніку па шматлікіх жнівеньскіх працэсах. Так, у сярэдзіне гэтага тыдня Валерый Башун убіраў цімафееўку, Аляксандр Спірыдовіч дасяваў рапс, глебу пад які ўзворваў і дыскаваў селішчанец Анатоль Жаваранак, а дземянецкі механізатар Павел Шарох прычапіў да трактара новую шыроказахопную барану, атрыманую перад сезонам “Агра-Селішчам”. Зборныя атрады шчыруюць і на іншых участках: прасуюць салому два Аляксандры – Бараўцоў і Атрашкевіч, грузіць рулоны Аляксандр Асяпёнак на дземянецкім трактары, а з поля іх звозіць Пётр Клопаў на селішчанскім. Партнёрскія стасункі наладзіліся хутка – займаюцца ж агульнай справай ды і ставяцца да яе з аднолькавай адказнасцю.

На ўчарашнюю раніцу ў раёне было ўбрана 2472 гектара ці 30 працэнтаў плошчаў зерневых і зернебабовых, намалочана 3535 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 14,3 ц/га. Унёсак “Дземенца” і “Агра-Селішча” складаў 558 тон.

…Тым часам камбайнеры рабілі апошнія наладкі. “Да старту гатовы!” – рэзюміраваў Генадзь Хадасевіч, націраючы далоні спецыяльнай шэрай пастай, што выдаляе са скуры мазут і машыннае масла. Не адзін дзясятак жніўных сезонаў за плячыма ў нязменнага перадавіка, ветэранскі статус мае і яго КЗС-1218, але за замацаванай тэхнікай Генадзь Часлававіч сочыць вельмі рупліва, так што з падрыхтоўкай “Палесся” да ўборачнай значных праблем не меў.

Не навічок у аграрнай галіне і Юрый Бука. Калісьці яго прозвішча пастаянна прысутнічала на Дошцы гонару жніва: каля 15 сезонаў шчыраваў у “Ільюшынскім”, але некалькі год таму перайшоў у лясную гаспадарку – механізатарская праца зусім не пакідала часу, які хацелася вылучыць для сваёй мнагадзетнай сям’і. Ды ўсё ж былая прафесія не адпускае: як жа адмовіш у дапамозе хлебаробам ды яшчэ ў такі экстрэмальны сезон. “Хоць у Ільюшыне працаваў на “дзясятцы”, але, канечне, і з “дванаццатым” разабраўся, тыдні тры даводзіў да толку, перабраў шнэкі, іншыя агрэгаты”, – патлумачыў камбайнер.

А вось з яго цёзкам Юрыем Юркевічам пагутарыць на пляцоўцы не паспелі – затое была нагода папрасіцца да яго ў кабіну і зрабіць першы круг па полі. У самым новым селішчанскім “Палессі”, што атрымалі тры гады таму, нават у 30-градусную спёку камфортна: кандыцыянер, казыркі на вокнах. “Як па мне, дык кіраваць сучасным камбайнам прасцей, чым легкавушкай. У пачатку кар’еры давялося працаваць памочнікам на “Ніве” і “Доне”, дык там мелася столькі розных датчыкаў, пастаянна трэба было за імі сачыць, а тут – усё на дысплэі, ды яшчэ прыемны жаночы голас паездку суправаджае!” – жартуе Юрый пра падказкі навігатара.

Увогуле настрой у камбайнераў прыкметна ўзняўся, калі яны ўбачылі на ўчастку даволі неблагое для гэтага сезона жыта – селішчанскія палеткі, дзе шчыравалі дагэтуль, былі зусім неўрадлівымі: намалочвалі за дзень усяго па адным-два бункеры.

Узбадзёрыліся на ўскрайку поля і вадзіцелі: сёлета гэтае звяно “жніўнага ланцуга” закрываюць прыватнікі. Чацвёрты сезон прыходзіць на дапамогу аграрыям МАЗ ушачаніна Івана Іванавіча Качана, а жыхар Двор Пліна Генадзь Іванавіч Радзевіч, які прысвяціў сельскай гаспадарцы ўсё жыццё, абсталяваў для адвозкі свой ГАЗ-53.

Г.Радзевіч, І.Качан

“Для давядзення зерня да кандыцыі выкарыстоўваем дзве селішчанскія сушылкі і напольную ў Крошыне. У асобных партыях вільготнасць дасягала 23 працэнтаў, але бывала, што і напрамую везлі збожжа ў Полацк на КХП у залік дзяржзаказу. З даведзеным заданнем яшчэ не справіліся: ад дзвюх гаспадарак трэба здаць 100 тон пшаніцы і 380 жыта”, – расказвае нам дырэктар, пераглядаючы свежы валок саломы. Зерня ў ім няма – значыць, працуюць хлопцы якасна. Зрэшты, у гэтым ніхто і не сумняваўся.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *