Ушачские хлеборобы ежедневно работают в поле, стараясь без потерь собрать выращенный урожай

Сельское хозяйство

На гэтым тыдні аграрыі краіны з улікам рапсу намалацілі ўжо 6,6 мільёна тон збожжа. Штодня без выхадных у полі працуюць і ўшацкія хлебаробы, стараючыся без страт сабраць вырашчаны ўраджай.

“Няма часу на размовы, кожная хвілінка дарагая! Хмары рухаюцца ў наш бок, трэба да дажджу паспець скончыць поле”, – зазначылі хлебаробы ААТ “Ільюшынскі”, калі мы заехалі на адзін з участкаў у старасельскай зоне.

У гаспадарцы традыцыйна немалыя плошчы зерневых – каля 2 тысяч гектараў, а на жніво выйшла ўсяго 4 КЗС-1218. Нескладана падлічыць, якая вялікая нагрузка кладзецца на камбайн, вось і стараюцца максімальна выкарыстоўваць кожны дзень і кожную гадзіну.

“Каравай не такі важкі, як летась. На жаль, не ўсё залежыць у хлебаробскай справе ад нашых старанняў. Надвор’е сёлета, як гаворыцца, было не на нашым баку. Памятаю гады, калі мы намалочвалі 5-7 тысяч тон зерня і практычна ўсе хлопцы выходзілі “тысячнікамі”, – спыніўшы камбайн на кароткі абед, зазначае Анатоль Спірыдзёнак. Накіроўваючыся ж за сваёй порцыяй, працаўнік углядаўся ў іржышча: ці не засталіся нязжатымі каласкі, ці не прасыпалася зерне. Абсалютны пераможца апошніх уборачных кампаній у раёне ведае цану хлеба і перажывае за справу. Дарэчы, сёлетні жніўны сезон для Анатоля Дзмітрыевіча васямнаццаты.

А вось яшчэ адзін ільюшынскі перадавік Аляксандр Майсеенка хоць і працуе ў гаспадарцы даўно, але не мае значнага камбайнерскага вопыту, яго можна нават назваць дэбютантам. Толькі дэбют адметны: менавіта яму даверылі КЗС-1218, які сёлета быў закуплены за бюджэтныя сродкі і прыбыў у раён. “На новай тэхніцы, канечне, прыемна працаваць. З кожным годам вытворцы ўсё больш удасканальваюць айчынныя “Палессі” не толькі ў плане прадукцыйнасці, а і зручнасці. Вось каб яшчэ і добра сыпалася ў бункер, настрой быў бы куды лепшым”, – зазначыў механізатар, адказваючы на пытанне пра ўражанні ад новай тэхнікі.

Не першы сезон на жніве працуе Васіль Калітуха, яго камбайн, праўда, “з прабегам” і, бывае, выходзіць са строю, аднак працаўнік стараецца хутка выпраўляць паломкі. А чацвёрты “карабель палёў” нават не з першых дзён уборачнай змог выйсці ў поле. Не з-за паломак, як гэта часта бывае, а з-за актуальнай для многіх гаспадарак кадравай праблемы.

Настройваўся на жніво і рыхтаваў камбайн Аляксандр Дуброўскі. Аднак мужчына заняты на розных адзінках, і вырашылі, што ён закрые не менш важны цыкл цяперашніх работ – працягне на КВК нарыхтоўваць кармы. Так, у сельгаспрадпрыемстве зараз шмат важных клопатаў: апроч уборачнай поўным ходам ідуць зялёнае жніво, сяўба азімых. Закрыць жа патрэбу ў камбайнеры змаглі пры дапамозе выратавальнікаў. На перыяд свайго працоўнага водпуску старшы вадзіцель групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння РАНС Аляксандр Харак перакваліфікаваўся ў механізатара. “Ведаю, што ў гаспадарках каласальны недахоп кадраў, і вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі”, – кажа Аляксандр, а кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства задаволена старанным памочнікам.

З-за нізкай ураджайнасці сёлета спатрэбілася менш тэхнікі на адвозцы, гэты від закрывае Валерый Спірыдзёнак і яшчэ адна адзінка з Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства.
Для давядзення зерня да кандыцыі задзейнічаны зернесушыльны комплекс, клапоцяцца пра закладку насення, а таксама выкананне дзяржзаказу. Гэтымі днямі, напрыклад, дапрацоўвалі ячмень.

Галоўнымі героямі жніва традыцыйна ўсе лічаць камбайнераў і вадзіцеляў, аднак перыяд уборачнай напружаны і для многіх іншых працаўнікоў гаспадаркі: на зернесушылцы дзяжураць спецыялісты, эканомяць дарагі час хлебаробаў рамонтныя брыгады, якія адпраўляюцца на поле ў выпадку паломак, прама на палеткі падвозяць паліва і, канечне, абеды. Жніво ўсіх яднае.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Ушачские хлеборобы ежедневно работают в поле, стараясь без потерь собрать выращенный урожай

  1. Уборочная пора — это время, в которое обеспечивается продовольственная безопасность страны. Поэтому, сейчас, всем работникам, причастным к уборочной, необходимо максимально ответственно подойти к своему делу и сделать все возможное, чтобы хлеб с полей был убран полностью.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *