Помощник Президента — инспектор по Витебской области с рабочим визитом посетил Ушачский район

Сельское хозяйство

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці У.Юргевіч з рабочым візітам наведаў Ушацкі раён.

Уладзімір Іосіфавіч пабываў у “Вялікадолецкім”, “Ільюшынскім” і “Сафійскіх дарах”, дзе разам са старшынёй райвыканкама Сяргеем Садоўскім паглядзеў, як аграрыі спраўляюцца з галоўнай задачай сённяшняга дня – жнівом, пагутарыў з працаўнікамі і кіраўнікамі гаспадарак.

Камбайнер В.Алексяёнак і У.Юргевіч.

Суботняй раніцай сонейка абнадзеіла аграрыяў сваімі яркімі промнямі і ў кожнай гаспадарцы зернеўборачная тэхніка выправілася ў поле. Аднак ужо праз гадзіну працаўнікі вымушаны былі спыніцца з-за дажджу. Менавіта надвор’е сёлета ніяк не спрыяе жніву і пастаянна падлівае вады на палеткі. Даводзіцца выбіраць сушэйшыя ўчасткі і чакаць, калі падсохне. Няхутка “растуць” лічбы ў аператыўнай інфармацыі аб уборачнай кампаніі – у цэлым па раёне аграрыі толькі наблізіліся да экватару ўборачнай.

– Напэўна, як ніколі, так часта і пільна сочым за прагнозам надвор’я! Хочацца развярнуцца на поўную моц, а не атрымліваецца. Паўплываць на непаладкі кшталту прабітага кола, як сёння, мы можам, а вось на прыроду – не. А хочацца сабраць вырашчанае хутчэй і без страт, – зазначалі ў размове з памочнікам Прэзідэнта вялікадолецкія камбайнеры, прастойваючы пасля дажджу на полі за Касарамі. Як вопытныя Васіль Алексяёнак, Юрый Альбіновіч, так і маладзейшыя Аляксей Рэут, Дзмітрый Хадасевіч і іншыя разумеюць важнасць справы, таму стараюцца не губляць ніводнай спрыяльнай хвіліны.

Па стане на ўчарашнюю раніцу на Ушаччыне ўбрана 42 працэнты плошчаў зерневых і зернебабовых культур. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 23 цэнтнеры з гектара. Азімы рапс пасеяны на 547 гектарах. Паралельна аграрыі вядуць і іншыя сельгасработы: уборку саломы, ачыстку насення, падрыхтоўку глебы пад сяўбу.

У час наведвання ААТ “Ільюшынскі”

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Антон Сафонаў акрэсліў агульную сітуацыю сёлетняй уборачнай. У гаспадаркі самыя вялікія ў раёне плошчы зерневых – трэба ўбраць больш за паўтары тысячы гектараў, на ўчарашні дзень было змалочана палова зерневых, сярэдняя ўраджайнасць складае 22,6 цэнтнера з гектара. Крыху менш з круга сабралі азімага жыта, а вось ячмень і пшаніца наадварот парадавалі лепшым ураджаем, асобныя ўчасткі далі каля 30 цэнтнераў. Ужо выкананы дзяржзаказ па рапсе, здаюць аграрыі і зерне ў залік дзяржавы.

Таксама Уладзімір Юргевіч праінспектаваў ход сяўбы азімага рапсу. На полі паблізу Замошша апрацоўваўся і засяваўся адзін з немалых участкаў, адведзеных у “Вялікадолецкім” пад гэтую перспектыўную культуру. Менавіта так нядаўна назваў рапс Прэзідэнт падчас рабочай паездкі па краіне і арыентаваў аграрыяў на атрыманне ў рэспубліцы ўраджаю масланасення каля 1 мільёна тон штогод. Культура дазваляе атрымліваць вельмі карысны алей і бялок для патрэб жывёлагадоўлі. Да таго ж на палях пасля вырошчвання рапсу выдатна растуць збожжавыя культуры і яго лічаць добрым папярэднікам. Сёлета сяўба супала па часе са жнівом, і вялікадальчане паспелі пасеяць 286 гектараў з 550 запланаваных. Але завяршыць гэты працэс трэба не пазней 25 жніўня.

… і КУСГП “Вялікадолецкае”.

Гэтак жа стараюцца ўбіраць ураджай і паралельна дбаць пра наступны працаўнікі “Ільюшынскага” і “Сафійскіх дароў”. І калі на ўчарашні дзень у першай гаспадарцы было ўбрана 48 працэнтаў плошчаў, то ў другой больш за 54. У абедзвюх гаспадарках сярэдняя ўраджайнасць складае каля 22 цэнтнераў.

– У няпростых умовах надвор’я праходзіць сёлета ўборачная кампанія. Трэба лавіць, літаральна, кожную пагодлівую хвіліну. Як толькі магчыма, убіраць ураджай з палёў, – нацэліў ушацкіх аграрыяў Уладзімір Юргевіч. – Не менш важная задача – сяўба азімага рапсу. Гэтая культура сапраўды патрэбная і выгадная, пасеяць яе ў аптымальныя тэрміны і па тэхналогіі цяпер – значыць атрымаць добры ўраджай у будучым.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *