Петр Николаевич и Нина Ивановна Сморгун подарили баян в Веркудское отделение круглосуточного пребывания для граждан пожилого возраста и инвалидов ТЦСОН

Общество

У сераду ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, што ў Вяркудах, было весела, радасна, узнёсла. “Некаляндарнае” свята дапамог арганізаваць… наш артыкул, апублікаваны ў адным з ліпеньскіх нумароў.

Тады ў праекце “Адзін дзень з…” мы расказвалі пра аддзяленне, яго жыхароў і работнікаў. Завочна пазнаёмілі чытачоў і з мясцовым музыкам Л.С.Федарэнкам, які вельмі перажываў, што яго стары гармонік “здаў пазіцыі” – зусім неяк граць. Вось і запыталі – можа, ёсць у каго больш спраўны, каб парадаваць мужчыну, ды і ўсіх тых, для каго ён ладзіць міні-канцэрты.

І такія неабыякавыя людзі знайшліся! У доме ўшачан Пятра Мікалаевіча і Ніны Іванаўны Смаргун доўгі час без справы стаяў баян. На ім некалі граў іх сын Аляксандр, які скончыў школу мастацтваў, атрымаў “дыплом”, але далей займацца музыкай не стаў. У рукі інструмент ён больш не браў, хаця бацькі трымалі яго на бачным месцы. Калі ж прачыталі ў “Патрыёце” прыгаданы артыкул, на сямейным савеце вырашылі падарыць баян вяркудскаму аддзяленню – каб яшчэ папрацаваў, парадаваў.

Дарэчы, не проста перадалі – вырашылі самі адвезці, пазнаёміцца з людзьмі, якія тут пражываюць, і непасрэдна музыкам. Леанід Сяргеевіч пра такі візіт быў папярэджаны, таму апрануў сваю любімую “святочную” кашулю. “Толькі ж я гарманіст, да новага інструмента крыху прывыкнуць трэба, патрэніравацца, – не спяшаўся расцягнуць мяхі мужчына, аднак беражліва прыціскаў атрыманы падарунак да грудзей. – Калі граць, дык ужо з толкам, з расстаноўкай”. “Вы да нас на Новы год прыязджайце – Лёня абкатае баян і сапраўдны канцэрт “збацае”, – запэўніла гасцей Іна Лявонцьеўна Кандратовіч. – Ну а я такі “вучэбны працэс” строга пракантралюю”.

Зрэшты, адсутнасць у той дзень інструментальнага суправаджэння не перашкодзіла ўсім і паспяваць, і пасмяяцца. Шэраг заліхвацкіх прыпевак выканала сама Ніна Іванаўна, падтрымала яе тутэйшая жыхарка Соф’я Іванаўна Махонька, якая ведае і шмат лірычных кампазіцый. Парадавалі ўсіх і салодкія пачастункі ад сям’і Смаргун.

Дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна Марыя Пятроўна Антуновіч і загадчыца аддзялення Алена Леанідаўна Ігнатовіч шчыра падзякавалі ўшачанам за падарунак і ўвагу. “Прыязджайце яшчэ – проста каб раздзяліць з нашымі падапечнымі якое-небудзь свята, – запрашалі яны. – Кожная такая сустрэча – радасць для пажылых, магчымасць успомніць маладосць, агульных знаёмых”. Між тым, у гэты дзень так і атрымалася. “Ты яшчэ працуеш ці ўжо на пенсіі? Як рада цябе бачыць, не хочацца адпускаць!” – ласкава ўхапіўшыся за рукі Ніны Іванаўны, казала ўраджэнка Рагуцкіх Галіна Антонаўна Віннік. Як высветлілася, жанчыны знаёмыя з тых часоў, калі першая працавала ў магазіне вёскі Вашкова.
Праводзіць гасцей выйшла ледзь не палова жыхароў аддзялення. “Будзем кожную раніцу з гэтага парога глядзець, ці прыехалі”, – з усмешкай казалі яны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *