Сегодня в Беларуси отмечают День библиотек: от занимательных цифр до интересных фактов

Общество

Канечне, кожны з нас лёгка вызначыць бібліятэчную кнігу – падкажа пра гэта штамп установы, лісток з прозвішчамі чытачоў, а яшчэ характэрны набор лічбаў ды літар у верхнім левым вугле вокладкі і тытульнага ліста. Калі з першымі ўсё зразумела, то апошні для недасведчанага чалавека падаецца нейкім таемным наборам сімвалаў – кшталту шыфровак, якімі абменьваліся кіношныя разведчыкі Юстас ды Алекс. Зрэшты, гэта і ёсць шыфр. Так, пачатковая лічба 84 пазначае мастацкую літаратуру, 92 – энцыклапедыю, камбінацыя 63.3(2)622.5 – гістарычную кнігу пра падпольны і партызанскі рух, а сімвалы ніжэй падказваюць, на якой паліцы стаіць выданне. Без класіфікацыі абысціся немагчыма: у фондах нават самай маленькай вясковай установы Ушацкай ЦБС не менш пяці тысяч кніг – уяўляеце, як лёгка было б заблытацца ў такой гаспадарцы. А перш чым класіфікаваць навінку, трэба яе вывучыць – не прачытаць, канечне, але даведацца пра змест і аўтара. Штодня гэтай карпатлівай справай займаюцца супрацоўнік сектара фарміравання бібліятэчнага фонду Алена Пятроўна Дароніна і яго загадчык Вольга Пятроўна Каваленка (на здымку).

“Вядома ж, пазначаць шыфры на вокладках – толькі частка нашых абавязкаў. Усю гэту інфармацыю мы заносім у электронны каталог ЦБС – такім чынам бібліятэкар можа аператыўна знайсці любое выданне, што ёсць у фондах. Плануем у хуткім часе зрабіць на сайце бібліятэкі “кнопку”, націснуўшы на якую, наяўнасць патрэбнай ім кнігі здолеюць лёгка высветліць і нашы чытачы”, – тлумачыць А.Дароніна.

Вялікі пласт работы – праверка фондаў, якая праводзіцца раз у пяць год. Гэта нешта накшталт рэвізіі ў магазінах. Бібліятэкары на месцах выпісваюць талончыкі з інфармацыяй па кожнай кніжцы і перадаюць спецыялістам сектара, якія звяраюць іх з картатэкай. “Некаторыя несвядомая чытачы мяркуюць, што згубленую імі кніжку лёгка спішуць, але да такога выйсця можна звярнуцца, толькі калі абанент раптоўна пайшоў з жыцця ці, скажам, выданні знішчаны пры пажары, але факт павінен мець дакументальнае пацвярджэнне. У іншых выпадках “нястачу” пакрывае работнік з уласнай кішэні. Улічвайце гэта, калі лянуецеся вярнуць бібліятэчную кнігу”, – зазначае В.Каваленка.

У абавязках сектара – забеспячэнне бібліятэк навінкамі. Для гэтага наладжаны стасункі з пяццю айчыннымі выдавецтвамі, у якія робяцца заказы. А яшчэ работніцы афармляюць падпіску на перыёдыку – зараз дзевяць бібліятэк раёна атрымліваюць 52 выданні: 17 газет і 35 часопісаў. Ва ўсе ўстановы прыходзяць “Народны доктар”, “Гаспадар”, у дзіцячай аўдыторыі папулярны часопіс “Рукзачок”, на высокіх радках рэйтынгу – “Сваты на пенсіі”, “Ну, за рыбалку!”. У Двор Пліне, дзе моцныя краязнаўчыя традыцыі, выпісваюць “Родную прыроду”, рукадзельніцы з Глыбачкі і Кубліч каціруюць “Ксюшу” са схемамі па вязанні і вышыўцы, дамавітыя веркужане любяць часопіс “Робім самі”, у Жары заказваюць “Нёман” з літаратурнымі навінкамі, а ў аддзел дзіцячай кнігі – “Дамашні любімец”.

З маленства чытанне стала галоўным захапленнем і для гераінь артыкула. “Паўсюднага інтэрнэту яшчэ не было, так што мы мелі шчаслівае дзяцінства!” – жартуюць яны. Абедзве пасля школы паступілі ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Алена Пятроўна пераехала ў наш раён з Гомельшчыны пасля Чарнобыльскай аварыі. Спачатку працавала ў льнозаводскай бібліятэцы, а ў 2000-м перавялася на цяперашнюю пасаду. З тым жа, што яе справа досыць манатонная, жанчына не згаджаецца: “Што вы! Яна нясе столькі ўражанняў, адкрыццяў! Чаго варты толькі момант, калі першай бярэш у рукі кнігу, якая яшчэ пахне фарбай… А зносін з людзьмі хапае: выязджаем на раён, вядзём метадычную работу, ладзім выставы ды і на абанеменце калег падмяняем”. А яшчэ А.Дароніна прызнаецца, што Ушаччына за гэтыя чвэрць стагоддзя стала для яе роднай – як можна не закахацца ў такія прыгожыя краявіды? Ёсць у яе і любімае месца: у час прагулак са сваім сабакам хаскі знайшлі ў лесе за Доўгім Дземенцам таямнічую ліпавую алею…

Нярэдка грамадзяне перадаюць бібліятэцы ўласныя кнігі. Сёлета было нямала падобных ахвяраванняў. Парадавала, напрыклад, падораная нядаўна кніга Уладзіміра Лабанка “Партызаны прымаюць бой”. У бібліятэцы яна, вядома ж, мелася, але экзэмпляр быў стары і зношаны. Папаўняюць фонды не толькі жыхары раёна: гэтым летам аж 157 тамоў прывезлі ў дар калегі з расійскага горада Пушкін.

Вольга Пятроўна ў 2006-м пачынала кар’еру ў віцебскай бібліятэцы, але неўзабаве вярнулася ва Ушачы, атрымала вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце імя П.М.Машэрава і вось ужо дзесяць год узначальвае аддзел камплектавання, які зараз рэарганізаваўся ў сектар. Яна не толькі дзелавы і адказны, а і крэатыўны чалавек: калі ўшацкія бібліятэкары стварылі канал у ціктоку, праявіла там свой артыстычны талент. Ну а пра начытанасць, эрудыцыю абедзвюх работніц можна і не казаць. “Людзі, якія не сябруюць з кнігай, самі сябе абядняюць, абмяжоўваюць, – упэўнены гераіні нашага аповеду. – Прыходзьце ў бібліятэку, і мы дапаможам вам атрымаць асалоду ад новых ведаў і эмоцый!”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *