Для молодых медиков Ушаччины организовали торжественное посвящение в профессию с участием руководства райбольницы, ветеранов отрасли, профсоюзов

Общество

Дружны калектыў Ушацкай цэнтральнай райбальніцы штогод прымае ў сваю сям’ю новыя кадры. Сёлета да работы прыступілі восем выпускнікоў медустаноў. Для іх у Кублічах было наладжана ўрачыстае пасвячэнне ў прафесію.

Разам з ветэранамі галіны С.Ерашовай, Л.Шарыпенка, З.Карпёнак, актывам раённай арганізацыі БРСМ маладыя медыкі заклалі ў аграгарадку алею пакаленняў, прысвечаную105-годдзю ВЛКСМ.

Выходзіць на сцэнічную пляцоўку, трапляць у аб’ектыў фотакамеры галоўным віноўнікам дзейства крыху няёмка. “Нічога звышнатуральнага не робім, – нібы апраўдваючыся, кажуць дзяўчаты. – Дапамагаць людзям – наш прафесійны абавязак”.

Сярод маладых спецыялістаў – урач агульнай практыкі Яніна Булаева (ажыццяўляе прыём у паліклініцы), фельчар неадкладнай меддапамогі Таццяна Крывёнак, а таксама медсёстры Ангеліна Аверчанка, Святлана Дарашкевіч, Вікторыя Карпёнак, Дар’я Цвяцінская, Валерыя Тарчынская і Таццяна Мядзянік. Вітаў маладое папаўненне галоўны ўрач Ушацкай ЦБР Юрый Валянцінавіч Пацёмкін. Ён падкрэсліў, што прафесія медработніка заўсёды была і застаецца адной з самых гуманных і высакародных, а яе прэстыж – надзвычай высокім.

Рэалізаваць жа смелыя планы, а ў выпадку неабходнасці абараніць інтарэсы дапаможа прафсаюз. Пра гэта, уручаючы медыкам кветкі і сувеніры, казалі лідары раённага аб’яднання прафсаюзу і пярвічкі ЦРБ Марыя Аляксееўна Шаўчэнка і Марына Генадзьеўна Харэвіч. Годнага старту, які дазволіць памножыць здабыткі ўшацкай медыцыны, пажадала старшыня ветэранскай арганізацыі райбальніцы Людміла Міхайлаўна Шарыпенка.

Напрыканцы свята, якое ўпрыгожылі вакальныя нумары культработнікаў Ушаччыны, маладыя спецыялісты пазнаёміліся з музеем-сядзібай Васіля Быкава ў Бычках, а таксама экспазіцыяй “Жыццё і побыт яўрэяў”. А побач з будынкам, у якім яна размешчана, узнімуцца пасаджаныя туі. Закладка алей, дарэчы – традыцыя, што перайшла ад камсамольцаў мінулага стагоддзя.

Караліна КЛАЧОК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *