Бесплатное — платное? Проясняем ситуацию с фасовочными пакетами в магазине «Золотой колос»

Общество

Вельмі люблю магазін “Залаты колас”, што размешчаны ў будынку камбіната бытавога абслугоўвання. Невялікі па плошчы, аднак з разнастайным асартыментам і заўсёды смачнымі прадуктамі. Выдатныя каўбасы, фарш, селядцы. За апошнімі і пайшла на мінулым тыдні. Праўда, паклалі мне іх у трывалы, аднак платны цэлафанавы пакет. Калі жыла ў Расіі, мела справу з абаронай правоў спажыўцоў і ведаю, што калі тавар нерасфасаваны (неўпакаваны), то магазін павінен забяспечыць пакупніка бясплатнай упакоўкай – фарш ці кільку нельга пакласці проста ў сумку. Калі ж пакупнік жадае набыць больш трывалы пакет, тады купляе платны. Аднак такога выбару ў магазіне няма.

Раней гэтая норма абслугоўвання часта ігнаравалася, мала ў якім магазіне былі бясплатныя пакеты, сёлета ж яны ў кожнай гандлёвай кропцы розных сеткавікоў. Чаму ж наш любімы “Залаты колас” ігнаруе правілы гандлю?

Валянціна МУРАВІНА, г.п.Ушачы.

Пабываўшы ў прыгаданай гандлёвай кропцы і пераканаўшыся, што сапраўды няма ніякай бясплатнай упакоўкі, мы папрасілі даць адказ загадчыка магазіна Наталлю Леанідаўну ГОЛУБЕВУ.

– На жаль, такое здараецца, хоць заяўкі нашым заснавальнікам на бясплатныя пакеты і харчовую плёнку даём пастаянна. Аднак з-за складанага фінансавага становішча гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Глыбоцкі колас” бываюць перабоі як з таварам, так і з бясплатнай упакоўкай. Прыносім прабачэнне нашым пакупнікам за дастаўленыя нязручнасці. Нагадаем, што яны могуць прыходзіць і са сваімі пакетамі, кантэйнерамі, мы ж будзем імкнуцца, каб бясплатны ўпаковачны матэрыял быў у наяўнасці пастаянна.

Даведачна: каб захаваць вартасці тавару, прадавец абавязаны прадаставіць бясплатную ўпакоўку (пакет, цэлафан, паперу) на прадукты ўласнай вытворчасці; вагавыя (сыр, каўбасы, цукеркі), нават калі яны маюць цвёрдую абалонку; без упакоўкі вытворцы; хлеб, калі ён разрэзаны на часткі. На агародніну і фрукты з цвёрдай лупінай (ананас, авакада), а таксама капусту гэта не распаўсюджваецца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *