Рассказываем, как на Ушаччине борются со снежной стихией

Общество

Як і ў мінулым годзе, ужо ў лістападзе надвор’е падкінула добрую порцыю сняжку. “Зямля ўкрыта, мароз не страшны раслінам”, – задаволена кажуць агароднікі. “Як ахапіць усе трасы і вуліцы раёна?” – ламаюць галаву адказныя службы. І гэта сапраўды вельмі складана, бо норма ападкаў зноў б’е рэкорды – каля 40 сантыметраў, а пры перамётах гурбы значна вышэйшыя.

Паўночны рэгіён. Убіраем снег

Пад такой назвай па ўсёй вобласці праходзіць чэлендж па расчыстцы снегу, які распачаў старшыня аблвыканкама Аляксанр Субоцін. Ён заклікаў падтрымаць камунальныя службы і выйсці з лапатамі хаця б да сваіх дамоў і пад’ездаў. Працоўны дэсант з супрацоўнікаў райвыканкама на чале з кіраўніком раёна Сяргеем Садоўскім ініцыятыву падтрымаў і пашырыў: паколькі раніцай практычна кожны расчышчаў выезд з дому, таму шчыравалі з лапатамі ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Ну а талакой любая справа спорыцца.


Аб’яднаць намаганні

Дарожная тэма разглядалася на апошняй планёрцы ў старшыні райвыканкама невыпадкова. Паўтараецца леташняя сітуацыя, калі то з аднаго, то з другога боку чуецца, маўляў, у нас не парехаць, не прайсці, а самымі пакрыўджанымі аказваюцца вясковыя вуліцы: дарожнікі расчышчалі пад’ез да іх, а па населеным пункце павінны былі працаваць камунальнікі. Каб прыйсці на выручку апошнім і зменшыць страты – не ехаць ухаластую, напрыклад, да няблізкіх Кубліч, на працягу года была складзена сетка вясковых дарог, якія па ходзе руху зможа прачысціць тэхніка ДРБУ-105. Каб для апошніх паслуга не аказалася стратнай, заключаюцца адпаведныя дагаворы.

Кіраўнік раёна С.С.Садоўскі засяродзіў увагу на каардыцыі дзеянняў у складаных сітуацыях. Калі недзе не змагла прайсці, напрыклад, аўтакрама ці “хуткая дапамога”, вадзіцелі павінны паведаміць аб гэтым, каб ім на дапамогу выслалі транспарт, што знаходзіцца бліжэй да праблемнага месца. Менавіта так і рашаліся адзінкавыя сітуацыі, што паўставалі на дарогах на гэтым тыдні. Спецтэхніцы ж таксама нельга забывацца пра “карманы” ці пляцоўкі для развароту на тупіковых вуліцах.


Не замінаць, а дапамагаць

Працоўны дзень дарожнікаў і камунальнікаў пачынаецца ў тры гадзіны ночы. На расчыстцы задзейнічана ўся спраўная тэхніка – 23 адзінкі: 11 – ДРБУ-105, 4 – Ушацкага ўчастка ДЭУ-37 і 8 – камунгаса, якім на дапамогу падключыліся “Амкадоры”, “Беларусы” сельгасарганізацый, лясгаса.

“Наяўнай тэхнікай хапае двух дзён, каб ахапіць ўсе дарогі, – падкрэслівае начальнік ДРБУ-105 А.М.Агіевіч. – Усіх расчысцім, толькі хочацца, каб людзі разумелі, што ў першую чаргу наша тэхніка ідзе па трасах, дзе ходзяць аўтобусы, аўтакрамы, а потым па другасных”.

На дваровых тэрыторыях уручную снег убіраюць дворнікі. Паралельна і практычна ў першы ж дзень пачалася яго вывазка, для гэтых мэт задзейнічаны таксама пагрузчыкі і МАЗы іншых арганізацый. Справіцца з багатым покрывам адначасова аднак усё роўна немагчыма, да таго ж вельмі абцяжарваюць гэты працэс прыватныя машыны, якія пакідаюцца ў дварах, на абочынах дарог і ў выніку ператвараюць расчыстку ў няякасную ці наогул немагчымую.

Асаблівая просьба ў камунальнікаў да жыхароў Авангарднай, па якой рухаюцца лесавозы і не могуць павярнуць да кацельні з-за легкавушак жыхароў.


Падтрымаем пажылых

 

Ёсць катэгорыі грамадзян, якія не ў стане самастойна ачысціць дарожкі нават ля дома. Для дапамогі адзінокім пажылым людзям пры райкаме БРСМ і працуе “грачая лінія”, якая прымае заяўкі. Пакуль што іх паступіла нямнога – ад ветэранаў працы са Школьнай і Піянерскай, якім дапамагалі сакратары пярвічак БРСМ Ушацкага раёна газазабеспячэння Кірыл Гусёнак і лясгаса Іван Шугалей, а ля дома Марыі Сямёнаўны Карабань у аграгарадку Ільюшына працавалі актывісты з мясцовай школы.


Як прайсці без тратуара?

У сацсеткі газеты паступіла скарга ад жыхаркі вуліцы Ленінскай Юліяны Агапавай. Жанчына пыталася, дзе можна рухацца пешаходу, калі замест тратуара – наваленыя з дарогі гурбы.

Каб адшукаць адказ, тым больш што падобная сітуацыя характэрная далёка не для адной вуліцы, мы звярнуліся як да камунальнікаў, так і да дзяржаўтаінспекцыі. Намеснік дырэктара УП ЖКГ Вольга Шчэрбік патлумачыла, што калі раней трактар з вузкай лапатай мог рухацца па тратуары названай вуліцы да Данукалава, дзе ён заканчваўся, то зараз – толькі да моста, бо пасля ўкладкі сёлета новай пешаходнай зоны яна стала вужэй і вышэй, таму тэхніка ўжо не можа прайсці. На ўказаным жыхаркай участку тратуара наогул няма, таму чысціцца толькі дарога.

Начальнік раённай дзяржаўтаінспекцыі Мікалай Гаўрылюк дадаў, што калі няма магчымасці рухацца па тратуары ці абочыне, то можна ісці па краі праезнай часці па левым баку – насустрач руху транспарту, і пры гэтым у цёмны час сутак абавязкова з флікерам.

У дзень звароту рэдакцыі камунальнікі пачалі максімальна шырока прачышчаць вуліцу, пакідаючы тым самым больш месца для руху пешаходаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *