Благотворительный концерт, посвященный Дню инвалидов Республики Беларусь, прошёл в районном центре культуры

Общество

Дабрачынны канцэрт “Бачыць роўнага сабе”. Так называлася мерапрыемства, што адбылося ў пятніцу ў раённым цэнтры культуры. Прысвячалася яно людзям з інваліднасцю. На самой справе яны аказаліся не проста гледачамі, але і артыстамі, а таксама галоўнымі героямі вечарыны, аб чым загадзя паклапаціліся спецыялісты аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН на чале з яго загадчыцай Наталляй Глінскай, пачаўшы знаёмства з яго наведвальнікамі з выставы іх дасканалых работ, а таксама відэапрэзентацыі ўсіх гурткоў і клубаў па інтарэсах.

У такі снегапад да цэнтра культуры самастойна дайшлі б далёка не ўсе. Складана гэта зрабіць і невідушчым, і тым больш людзям, што рухаюцца з дапамогай хадункоў, як Наталля Паўлава. Тым не менш першыя рады залы запоўнілі выключна віноўнікі свята. “Сацыяльны мікрааўтобус” курсіраваў па Арэхаўне, Ушачах, Ліпаўцы, Астравенцы і даставіў усіх жадаючых. Тое ж, што давядзецца выходзіць на сцэну, трымалася ў сакрэце. Таму ўзнагароджанне дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыяй Антуновіч як валанцёраў Людмілы Тарасевіч і Любові Турчыновіч, што суправаджаюць інвалідаў падчас экскурсій і шматлікіх мерапрыемстваў, так і актывістаў аддзялення Дзмітрыя Голіка, Ганны Лявонцьевай, Людмілы Мядзведзевай і трох Тамар – Чавідаевай, Кляпец і Крыскевіч, аказалася
для іх поўнай нечаканасцю. Трымаліся ў тайне і падарункі, якія тым не менш рыхтаваліся ў аддзяленнях Градзянца: кружкі з сублімацыяй, календары, магніты і прарошчаныя кветкі. А вось выступленні Тамары Крыскевіч і Людмілы Мядзведзевай былі запланаванымі, а іх нумары, без перабольшання, аказаліся разынкамі дабрачыннага канцэрта.

 Падчас дабрачыннага канцэрта сабрана 400 рублёў

Падарункі ж на гэтым не закончыліся. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяна Глінская падарыла аддзяленню чатыры пажарныя апавяшчальнікі і шыйны масажор. Такія ж электрычныя прыборы для лячэння спіны і ног для наведвальнікаў аддзялення набудуць за сродкі,
сабраныя падчас канцэрта, асноўную праграму якога рыхтавалі супрацоўнікі цэнтра культуры і дзіцячай школы мастацтваў.
Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *