Анастасия Михаль о своей работе в центре банковских услуг ОАО «Белагропромбанк»

Общество

Колькасць аперацый – паказчык дзейнасці любога супрацоўніка банка. Чым больш іх – тым лепш. Але нягледзячы на гэта Анастасія Юр’еўна Міхаль не спяшалася афармляць крэдыт. Кліентка, што сядзела насупраць, паводзіла сябе няўпэўнена: адмовілася ад устаноўкі мабільнай праграмы і анлайн-крэдыта, хоць працэнты па іх ніжэйшыя, не ведала, навошта ёй 5 тысяч рублёў, усё круціла ў руках тэлефон і часта паглядала на яго, а потым паказала перапіску ў вайберы з незнаёмцам… А пасля наведвання міліцыі ў ЦБП №237 г.п.Ушачы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанка” яна ўсё ж вярнулася – каб падзякаваць аператару за неатрыманы крэдыт для ашуканца.

Гэта прыклад з мінулагодняй практыкі аператара адкрытага месца А.Ю.Міхаль, а вось рыхтавацца да першага працоўнага дня новага года дзяўчына пачала яшчэ на выхадных: перачытала інструкцыі па новаўвядзеннях: зарплатных праектах, паніжэнні максімальнай сумы крэдыту, шмат іншага. А раніцай перад адкрыццём раздрукавала новыя буклеты. Змены адбываюцца не адзін раз у год, а каб правільна праінфарміраваць кліента, ты павінен ведаць усё. “Ніколі не звяртаюся за парадай, пакуль не адшукаю ўсё сама, – расказвае Анастасія. – І таму нават калі і пытаюся, гэта каб пераканацца ў правільнасці сваіх дзеянняў, а не каб мяне вучылі. Я перастрахоўшчыца, таму заўсёды ахвярую сваім вольным часам. У пачатку працоўнай дзейнасці на касе і на перапынку грошы пералічвала, і ў канцы змены. Напэўна застаўся страх першага рабочага дня, калі якраз трапіла на прыём выручкі і недалічылася 5 рублёў. Колькі разоў перакладала банкноты, пакуль не знайшла за апаратам купюру, не памятаю, але пасля гэтага стрэсу хацела назаўсёды развітацца з банкам. Калі прызвычаілася да работы на касе, не хацела перамен і адмаўлялася ад павышэння, прапаноўвалі весці карпаратыўных кліентаў. Вельмі не жадала пераходзіць і на часовае месца па афармленні картак, крэдытаў, дэпазітаў. Няма нічога больш няўдзячнага, чым працаваць на “дэкрэтнай” пасадзе. Разумееш, што трэба асвоіць шмат новай інфармацыі, якая патрэбна толькі на пэўны час. Аднак вытворчая неабходнасць не абмяркоўваецца”.

Зараз Анастасія толькі ўдзячна за дадатковую нагрузку. Яна – універсал, які можа выконваць любую аперацыю. Часовае ж месца стала пастаянным, а ратацыі ў цэнтры дазволілі нават пераскочыць адну прыступку і са спецыяліста ІІ катэгорыі адразу стаць вядучым, зразумела, пры паспяховай здачы ўсіх іспытаў. Больш таго, менавіта гэты малады спецыяліст, які працуе ў банку толькі пяць гадоў, замяшчае і начальніка аддзела рознічных паслуг С.Р.Казакевіч. А начальнік ЦБП Дзіна Міхайлаўна Садоўская называе Анастасію выдатнікам працы, аб чым сведчаць дыпломы на сцяне яе рабочага месца. За годныя вынікі ў рабоце падзяка ад дырэктара праўлення “Белаграпрамбанка” А.Лысюка і кіраўніка рэгіянальнай дырэкцыі А.Жынгеля. Яшчэ адзін – за 5 месца ў конкурсе па аказанні паслуг страхавой кампаніі “Асоба”. Такая перамога здалася мне невысокай, пакуль дзяўчына не патлумачыла, што конкурс быў завочным і за рэальныя паказчыкі – колькасць заключаных полісаў кампаніі сярод усіх спецыялістаў “Белаграпрамбанка” вобласці. А гэта ж толькі дадатковыя паслугі банка.

Падказка ад А.Міхаль. Не варта баяцца аперацый праз інтэрнэт-банкінг. Калі няправільна ўведзена нейкая літара і вы трапілі на падманную старонку, у вас дадаткова папросяць увесці код. На сапраўднай “Белаграпрамбанка” адразу адкрываецца акенцы для ўводу пароля і логіну.

“Мне нескладана разабрацца, чым адрозніваюцца полісы “Белдзяржстраха”, “Асобы” ці “Белнафтастраха”, з якімі банк супрацоўнічае, паколькі першая мая адукацыя ў Мінскім фінансавым каледжы звязана якраз са страхаваннем. Расказваю кліентам пра найбольш выгадныя пазіцыі кожнага, папулярным зараз становіцца “абарона” ад крадзяжу ці страты картак, якія і выдаю, а каб не згубіць напрацоўкі, вяду свой улік страхоўшчыкаў і своечасова папярэджваю пра заканчэнне дагавора – расказвае пра сакрэты перамогі ў канкурэнтнай сферы Анастасія. – Самым няпростым застаецца псіхалагічная работа, калі кліент прыходзіць з нейкімі пярэчаннямі: падалося, што няправільна налічаны працэнты ці знята больш грошай. І хоць выгляд чалавек мае такі, быццам бы менавіта ты паклаў у кішэню яго кроўныя, твая задача спакойна пераканаць, што банк ніколі не здыме лішняга, калі ты сам не “падарыў” іх. З-за збою ў рабоце сувязі, сапраўды, бываюць выпадкі, што смс-паведамленні прыходзяць не па ўсіх аплатах у магазінах ці ў аптэцы. Заўважала гэта і па сваім рахунку. Варта ў такім выпадку праверыць архіў плацяжоў у сваім асабістым кабінеце, і “згуба” абавязкова адшукаецца.

Хуткі рост Анастасіі Міхаль, канечне, не падарунак лёсу. Працавала без выхадных, каб адгулаў хапіла на здачу зімовай сесіі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, а “адпачывала” – на летняй здачы іспытаў. Пераадольвала і асабісты страх перад спасціжэннем новага, важнымі кліентамі, спачатку ж палохаў нават уласны голас у мікрафон. Усё гэта ў мінулым. І сёння ветлівы аператар упэўнена падказвае, як устанавіць мабільную праграму, на які ўклад пакласці грошы ці дапамагае зняць іх у банкамаце – пры просьбе кліента гэта таксама яе абавязак. І рыхтуецца перастройваць жыццёвы графік: у 2024-м ЦБП №237 зноў аднаўляе свае работу па суботах.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *