Городской каток в Ушачах пользуется спросом у жителей района

Cпорт

“Мы крыху хвалюемся, бо прыйшлі на каток у першы раз”, – шчыра прызналіся нам сяброўкі Ксюша Дукмасава і Злата Клімашэўская (на здымку). Дзяўчаткі старанна зашнуравалі канькі і, узяўшыся за рукі, асцярожна ступілі на лёд. А хвілін праз пятнаццаць ужо даволі спрытна праязджалі ўздоўж пляцоўкі, а іх румяныя тварыкі выдатна дапаўнялі палітру марознага адвячорка…

Якой бы капрызнай ні была зіма, як бы ні чаргавала снегапады са слотнай адлігай, работнікі спарткомплексу штогод старанна абсталёўваюць аб’екты для актыўнага адпачынку. Вось і сёлета неаднаразова трамбавалі петлі лыжнай трасы, расчышчалі і перазалівалі каток, каб ушачане маглі ўмацоўваць здароўе і атрымліваць пазітыўныя эмоцыі.

“Гэтымі днямі нашы аб’екты асабліва запатрабаваны. Толькі за мінулыя выхадныя больш ста чалавек скарысталіся пракатам канькоў. Ды і па буднях выдаём па 30-40 пар. Звяртаюцца за інвентаром і лыжнікі. Таму, канечне, зусім не хочацца, каб слупок тэрмометра ішоў на “плюс”, – дзеліцца з намі адміністратар Алена Клімашэўская.

Мы ж тым часам зноў вяртаемся на лядовую пляцоўку. Яна, дарэчы, нядаўна перабазіравалася на новае месца – аўтастаянку, што справа ад комплексу. Адбылося гэта вымушана (па былым прайшлі камунікацыі для будоўлі інтэрната), але каток стаў яшчэ больш зручным і ўтульным. “Тут класна! Мы кожны вечар прыходзім!”, – заклаўшы прыгожы віраж, тармозяць ля нас бывалыя канькабежцы Яна Кулагіна, Аляксей Салодкін і Данііл Люцько (на здымку). “Асабіста ў мяне ўласныя канькі-трансформеры, мне іх пазалетась на Новы год падарылі!” – распавядае дзяўчына. Хлопцы ж расказваюць, што заглядваюць на каток пасля трэніровак у спартыўнай школе: Данік – лёгкаатлет, а Лёшу мы ведаем як самага тытулаванага юнага плыўца адпаведнага аддзялення. “Аднойчы трэнер Вікторыя Аляксееўна Лукашэвіч вырашыла разнастаіць заняткі і прывяла дзяцей на каток. А цяпер Лёшу адсюль не выцягнеш!”, – дабрадушна ўсміхаецца яго тата Дзяніс.

Дарэчы, вельмі многія прыходзяць сюды сем’ямі. “Так хочацца самой стаць на канькі, але давядзецца пачакаць, пакуль Ксюша крыху падрасце, – маладая мама Ірына Ляўшова ўказвае на малышку, якую трымае на руках, пакуль старэйшая Ліза выпісвае піруэты, а пяцігадовы Ціма з гонарам дэманструе нам пластмасавую клюшку і шайбу. – Уся наша сям’я любіць актыўны адпачынак, ды і жывём побач з комплексам, на новай вуліцы Лабанка, так што вечары на канапе – гэта не для нас!”.

А вось малодшая дачка Рамана Фядосенкі вельмі любіць катацца на “ватрушцы” і пастаянна цягне тату на снежны схіл ля спарткомплексу. “Зараз столькі нядобрых водгукаў пра гэту забаву…”, – зазначаю ў гутарцы з ім. “Яна сапраўды небяспечная, калі з’язджаць у непрыстасаваных месцах. У нас жа зроблена спецыяльная траса з невялікім ухілам, без перашкод на шляху, таму заклікаю ўшачан карыстацца толькі ёю”, – з веданнем справы зазначае Раман Мікалаевіч. Да слова, цюбінгі на пракат на комплексе выдаюцца толькі бацькам, з якімі пры гэтым праводзіцца інструктаж. Абсалютна ўсе зацікаўлены ў тым, каб зімовыя забавы заставаліся для нас крыніцай бадзёрасці і добрага настрою.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *