Образовательный туризм — интересный и излюбленный досуг для школьников Ушаччины

Образование и молодежь

Гаворка зараз пойдзе пра падарожжы, якія ўзбагачаюць карыснымі ведамі, дапамагаюць у асваенні вучэбных прадметаў, даюць новыя навыкі праз удзел у семінарах, прафесійных конкурсах, майстар-класах. Такі від турызму называецца адукацыйным і з нядаўняга часу вылучаны ў асобны напрамак.

Каб зарыентаваць выкладчыкаў універсітэтаў, каледжаў, школ, якія плануюць для вучняў падобныя паездкі і паходы, Віцебскі абласны палац моладзі выпусціў даведнік тэматычных экскурсій па Прыдзвінні, складзены ў адпаведнасці з адукацыйнымі праграмамі. З яго дапамогай можна падабраць вандроўку па розных прадметах. Так, амаль 40 маршрутаў рэкамендаваны ў раздзеле біялогіі і геаграфіі – ёсць сярод іх і ўшацкі: студэнтам і старшакласнікам прапануюць адправіцца ў воднае падарожжа “17 рэк і азёр”. Яшчэ больш варыянтаў вылучана, каб папоўніць веды па гісторыі і грамадазнаўстве: у іх ліку і аўтобусна-пешаходная экскурсія на Ушаччыну з красамоўнай назвай “Партызанская сталіца”. Відавочна, што напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна будзе асабліва папулярнай.

У студзені-лютым у Беларусі праводзіцца месячнік адукацыйнага турызму.

Маршрут “Ушаччына літаратурная” ўжо даўно вядомы і запатрабаваны. Памятаю, з якой цікавасцю студэнты ВДУ імя Машэрава аглядалі экспазіцыю сядзібы-музея Васіля Быкава і казалі, што паездка дапаможа ў навукова-даследчай рабоце, прысвечанай жыццю і творчасці класіка. Няма сумненняў, што і сёлета, з нагоды векавога юбілею нашага земляка на яго радзіме будзе шмат літаратурных паломнікаў.

А вось тым, хто робіць акцэнт на фізіку, карысна пабываць, напрыклад, на Лукомльскай ДРЭС, у віцебскім музеі электратранспарту ці паглядзець у Глыбоцкай СШ №1 экспазіцыю, прысвечаную авіяканструктару Паўлу Сухому.

Для ўшацкіх школьнікаў адукацыйны турызм навінкай дакладна не з’яўляецца. Безліч вандровак па родным краі зладзілі, напрыклад, вучні настаўніка гісторыі Ушацкай СШ Уладзіміра Хамёнка. “Вядома ж, пабываўшы ў Крэве ля сцен старажытнага замка, дзеці яскрава ўявілі, як гасцяваў тут вялікі князь Альгерд, заключаў знакамітую ўнію яго сын Ягайла, а пляменнік Вітаўт уцякаў ад загаворшчыкаў. Можна доўга і вобразна расказваць пра архітэктуру неаготыкі, але лепш адзін раз убачыць велічны касцёл у Гервятах”, – разважае педагог.

Ушацкі музей увайшоў у шасцёрку аб’ектаў Віцебшчыны, якія былі найбольш запатрабаваны для экскурсій у час сёлетніх зімовых канікул.

Пастаянна адпраўляюцца ў пазнавальныя падарожжы па краіне юныя біёлагі і эколагі з Арэхаўскай школы, а летась дзевяцікласнікі ўстановы праехалі на веласіпедах па месцах, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай і генацыдам беларускага народа: пабывалі на брацкіх магілах у Пораўне і Кублічах (на здымку), мемарыяле ў глыбоцкай Івесі. Завуч Алёна Кашко, якая распрацавала гэты маршрут, падкрэслівае, што паход быў карысны не толькі для пашырэння краязнаўчых ведаў, а і ў плане патрыятычнага выхавання.
Сёлета пазнавальныя вандроўкі яшчэ больш плённа будуць папаўняць інтэлектуальны багаж і скарбонку ўражанняў навучэнцаў нашых устаноў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *